Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Каля Камароўкі мінчук пачаставаў сваю дзяўчыну цукеркамі, вырабленымі на фабрыцы «Камунарка». Яго адразу ж затрымалі людзі ў форме і склалі пратакол «за пікетаванне шляхам раздачы цукерак у бел-чырвона-белай упакоўцы». Суд арыштаваў «парушальніка» на 6 сутак.

Які вар’яцкі зараз час!

І знаюць нават нашы дзеткі,

Што ўсё крамольным стала ў нас:

Сцяжкі, штаны, шнуркі, шкарпэткі…

Пакуль мы ўцяміць не змаглі,

Што за крытэрыі і меркі

І што рабіць усім, калі

Пад забаронай і цукеркі.

…Гадоў, напэўна, дваццаць пяць

Крычаць плакаты ўсёй краіны,

Што беларускае купляць

У крамах кожны з нас павінны,

Каб працвітаў наш родны край,

Не чахлі фабрыкі-заводы.

(Той заклік правільны, бадай,

Хаця «працуе» не заўсёды.)

Мінчук – сапраўдны патрыёт:

Ігнараваў дзяцюк даляры

І пастаянна, з года ў год,

Купляў айчынныя тавары.

Дый нат віно ці самагон

Стараўся піць з тутэйшай чаркі…

Таму зусім не ўздзіў, што ён

Купіў цукеркі «Камунаркі»,

Каб вечароваю парой

Іх падарыць сваёй сяброўцы:

У гэты дзень спатканне ёй 

Прызначыў ён на Камароўцы.

(Хоць любяць быццам бы жанкі,

Калі ім дарацца букеты,

Ды, мабыць, трохі не такі

Мінчук прабеларускі гэты.

Прабачыць можна дзецюку

Яго нязвыклыя манеры.)

Калі дарыў, дык за руку

Схапілі міліцыянеры.

Сказалі:

– Пойдзеш да суддзі,

Дзе лёс цябе чакае горкі,

Бо на цукерках – паглядзі! –

Чырвона-белыя абгорткі.

Пікет, выходзіць, зладзіў ты…

– Ды то ж цукеркі «Камунаркі»! –

Пачулі бравыя «мянты». –

На іх заўжды малюнак яркі…

Службовец даў яму адказ:

– Ты еж цукеркі – хоць апухні,

Ды не сярод народных мас,

А на сваёй уласнай кухні.

І суд адбыўся сапраўды,

І вынік быў задужа гадкі,

Бо «бунтароў» цяпер суды

Не выпускаюць з «мёртвай хваткі»:

Ніхто ад кары не ўцячэ,

Калі ён на судовай лаве.

Які кур’ёз чакаць яшчэ?

Здаецца мне, што неўзабаве

Падсудным можа стаць і муж,

Што нёс дамоў па завядзёнцы

Букет з чырвона-белых руж,

Каб падарыць любімай жонцы.

***

Відаць, не спіцца па начах

Спецыялістам з «Камунаркі»,

Бо адчуваюць, пэўна, страх:

Яшчэ і ім дадуць у каркі…

Асмялела

Жанчына хваліцца суседу:

– З начальнікам вяла бяседу.

Была залішняю апаска:

На мне знаходзілася маска –

Не працавалі тармазы.

Дык пазяхнула два разы,

Язык аднойчы паказала,

Аднак таго, здалося, мала.

Калі нічога не відно,

Дык тройчы плюнула ажно.

Як застацца ў памяці

Госці ўсе нясуць на імяніны 

Падарункі розныя, але ж

Застанешся ў памяці дзяўчыны,

Як нічога ёй не прынясеш…

Мемуары

Свае ўспаміны шмат людзей

«Стругае» – 

Нават і няздары.

І чымся памяць карацей,

Тым больш даўгія мемуары

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»