5 мая ў Гродне, як і па ўсёй Беларусі, з прылаўкаў магазінаў знікла прадукцыя касметычнай фірмы Nivea. А вось ў адзіным у Гродзенскай вобласці салоне Škoda чатыры розныя маркі гэтага аўтамабіля застаюцца выстаўленымі, праўда, іх продаж часова прыпынены.

Спачуванне пакупнікам

У гродзенскіх «Еўраоптах» прадукцыю Nivea пачалі здымаць з паліц яшчэ ў аўторак 4 мая. На паліцах ўтварыліся заўважныя пустоты, праўда, іх хутка запоўнілі іншай касметыкай. Маладая прадаўшчыца Аліна распавяла, што нейкіх адмыcловых скідак на Nivea ў краме напярэдадні не было.

Сталая пакупніца, падслухаўшы нашу размову, заўважыла: цяпер прадукцыя будзе пыліцца на складзе да лепшых часоў.

– Пакуль нашы палітыкі са сваімі амбіцыямі не разбяруцца – нічога не зменіцца. Глядзіш, хутка і алей імпартны прыбяруць, і макарону, не толькі касметыку, – раздражнёна заўважыла мая выпадковая суразмоўніца.

У цэнтры горада ў адной з крамаў «Міла» прадаўцы 5 мая раніцай запаўнялі пустыя паліцы, на якіх раней стаяла прадукцыя Nivea, іншымі цюбікамі і флакончыкамі. Яны распавялі, што за некалькі дзён да таго, як стала вядома, што касметыку Nivea здымаюць з продажу, пакупнікі ахвотна куплялі яе, хаця ніякіх адмысловых скідак не было.

– Гэты брэнд заўсёды карыстаўся папулярнасцю, – кажа Валянціна. – Асабліва добра разыходзіліся крэмы ўніверсальныя. Мой муж працуе на будоўлі, то ўвесь халодны перыяд імі карыстаўся.

Што будзе з той прадукцыяй, якая не рэалізавана, прадаўцы не ведаюць.

– Мне здаецца, што гэта часовая з’ява, – мяркуе адна з жанчын. – Ну не можам жа мы па ўсёй краіне столькі прадукцыі выкінуць на сметнік.

Дарэчы, на гэтае пытанне адказу не дае і пастанова ўрада.

У аўтасалоне пакуль перастрахаваліся

У адзіным у Гродне салоне Škoda ўсе на працоўных месцах. Салон навюткі, сучасны, прыгожыя дзяўчаты прапаноўваюць каву, каб не сумна было чакаць, пакуль вызваліцца менеджар па продажы. Выстаўлены і чатыры маркі аўтамабіля. Праўда, каля кожнага з іх шыльдачка з надпісам, што продаж прыпынены.

Менеджары па продажы патлумачылі: гэта звязана з тым, што 5 мая ўступіла ў сілу пастанова Савета міністраў №240 ад 23 красавіка 2021 года. І цяпер, маўляў, высвятляецца, ці датычыць гэта пастанова аўтамабіляў Škoda расійскай вытворчасці.

– Справа ў тым, што мы не прадаём мадэль Superb, вытворчасць якой наладжана ў Чэхіі, а гандлюем выключна аўтамабілямі, што выпускаюць у Расіі, – заўважае адзін з супрацоўнікаў салона.

І тлумачыць, што вытворцам машын Škoda для беларускага рынку з’яўляюцца кампаніі «Фольксваген Рус» у горадзе Калуга і «Группа ГАЗ» у Ніжнім Ноўгарадзе.

На маё заканамернае пытанне, чаму тады прыпынены продаж аўтамабіляў, адзін з менеджараў адказаў: маўляў, да атрымання больш дакладных дадзеных папросту перастрахаваліся, каб пазней не мець праблем.

Дарэчы, ён жа заўважае, што ў адзіным на Гродна і вобласць салоне Škoda продажы ўвесь час раслі, і проста немагчыма ўявіць, што іх могуць спыніць.

Тым часам дылеры ў Мінску спрабуюць высветліць у чыноўнікаў, ці змогуць яны далей гандляваць аўтамабілямі Škoda расійскай вытворчасці.

***

Нагадаем чытачам, што такім чынам беларускія ўлады вырашылі адпомсціць замежным кампаніям Nivea і Škoda за тое, што яны аднымі з першых адмовіліся выдзяляць сродкі на рэкламу чэмпіянату свету па хакеі, які павінен быў прайсці ў Мінску.

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»