Максім Знак
Максім Знак

9 мая споўніцца восем месяцаў, як знаходзіцца за кратамі юрыст Максім Знак, які ўваходзіў у штаб прэтэндэнта на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктара Бабарыкі.

Бацька Максіма, Аляксандр Знак, кажа, што сын аптымізму ў няволі не губляе. За той час, што адвакат знаходзіцца за кратамі, ён напісаў больш за 90 апавяданняў, дзясяткі вершаў і песень, больш за 3 тысячы лістоў і прачытаў больш за 150 кніг.

А вось што распавёў пра Максіма Знака грамадскі актывіст Алег Корбан, які ў сталічным СІЗА на Валадарскага быў з ім у адной камеры.

– Было гэта ў той час, калі мяне кінулі ў адну з самых горшых камер ізалятара, якая знаходзіцца ў канцы глухога склепа (гэтую частку корпуса называюць «Шанхаем»). Сцены гэтай маленькай камеры пакрыты грыбком і цвіллю. Праз тыдзень знаходжання там пачынаецца кашаль, чырванее і хрыпіць горла. Пастаянныя наведвальнікі камеры – спрытныя мышы і пацукі.

Праход катастрафічна вузкі (усяго 75 сантыметраў), месцаў, каб хадзіць ці рабіць фізічныя практыкаванні, няма. А за дзвярыма «хаты» – дзяжурны пост, што дазваляе наглядчыкам няспынна кантраляваць зняволеных. Напрыклад, каб у перыяд з 6.00 да 22.00 ніхто не прылёг адпачыць.

На шчасце, у нашай камеры быў юрыст, які ўжо не раз пісаў звароты і просьбы аб паляпшэнні ўмоў утрымання, трымаў галадоўку, змяшчаўся на чацвёра сутак у карцар. Але гэта не зламала яго дух, ён не стаў чакаць, калі адміністрацыя СІЗА нарэшце праявіць клопат і чалавечнасць, таму пісаў новыя і новыя звароты.

І вось нечакана для ўсіх праблема стала вырашацца! Спачатку нам прынеслі новы савок для ўборкі. А праз некалькі дзён усіх нас нечакана перасялілі ў іншую камеру – больш прасторную, дзе нядаўна ажыццяўляўся рамонт.

Імя гэтага юрыста – Максім Знак. Ён ніколі не губляе добрага настрою – нават у дзень вынясення яму абсурдных абвінавачанняў па дадатковых пунктах крымінальнай справы. Максім заўжды вяртаецца ў камеру ў бадзёрым настроі, з усё той жа непахіснай верай у перамогу праўды і справядлівасці!

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»