Нікаля дэ Лакост

Новы пасол Францыі прыехаў у Беларусь восенню мінулага года і ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Уладзіміру Макею.

З тых часоў Нікаля дэ Лакост правёў нямала сустрэч з прадстаўнікамі самых розных сфер – ад палітыкаў да бізнесменаў.

Нікаля дэ Лакост перад тым, як прыехаць у Мінск, пагутарыў са сваімі калегамі-дыпламатамі, якія працавалі ў Беларусі. Амаль кожны даў яму параду, парэкамендаваў, на што звярнуць увагу.

Паколькі Нікаля дэ Лакост яшчэ не ўручыў даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы, то яго мандат трохі абмежаваны: напрыклад, ён пакуль не можа даваць інтэрв’ю.

У Беларусь у бліжэйшы час будуць прыбываць новыя дыпламаты, у тым ліку і з еўрапейскіх краін. Ці маюць яны намер ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку? Бо Еўропа і Амерыка, як вядома, не прызналі яго законна абраным прэзідэнтам.

У амбасадзе Францыі кажуць, што дата цырымоніі ўручэння даверчых грамат кіраўніку дзяржавы пакуль не прызначана. А калі пра яе стане вядома, дыпламат паведаміць пра гэта ўраду сваёй краіны – менавіта ён будзе прымаць рашэнне з гэтай нагоды.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі Нікаля дэ Лакост практычна без акцэнту гаворыць на рускай і беларускай мовах – гэта вельмі спрашчае камунікацыю і дыстанцыю. Ён доўгі час жыў і працаваў у Польшчы, мае дыплом са спецыялізацыяй па рускай мове. Магчыма, таму і беларуская мова даецца яму адносна лёгка: дыпламат выкарыстоўвае ў сваіх прамовах нават дыялектныя выразы! Тым не менш Нікаля дэ Лакост бярэ некалькі ўрокаў беларускай у тыдзень. Гаворыць, што падчас шматлікіх сустрэч заўважае, як рэзка змяняецца стаўленне людзей да яго, калі ён пераходзіць на беларускую мову. Дзіўна, але падчас афіцыйных сустрэч пасля яго выступленняў на мову пераходзяць нават чыноўнікі і бізнесмены: маўляў, калі ўжо француз можа, то нам тым больш нельга тварам у бруд!

Дарэчы, на канец мая запланавана публічная лекцыя Нікаля дэ Лакоста «Франсуа дэ Кальер, або мастацтва перамоў: дыпламатыя ўчора і сёння».

ПАЙМЕННА

З кім і пра што гаварылі?

Колькасць сустрэч, якія ўжо правёў новы французскі амбасадар, сапраўды уражвае! Культурныя дзеячы, палітыкі, журналісты, бізнесмены, чыноўнікі! Кожны дзень – новыя знаёмствы. Пры гэтым Нікаля дэ Лакост паспявае наведаць некаторыя гучныя судовыя справы, ездзіць у рэгіёны.

Вось некаторыя асобы, з якімі пазнаёміўся дыпламат за апошні час.

Французскі амбасадар сустрэўся з вядомым бізнесменам, стваральнікам гандлёвай сеткі «Карона» Паўлам Тапузідзісам – абмяркоўвалі праекты французска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне прыцягнення французскіх брэндаў у гандлёвую сетку «Карона».

Французскі пасол Нікаля дэ Лакост бярэ ўрокі беларускай мовы
З Паўлам Тапузідзісам

З дэканам факультэта міжнародных адносін Віктарам Шадурскім Нікаля дэ Лакост сустрэўся літаральна за дзень да яго хуткай і таямнічай адстаўкі – на факультэце дагэтуль успамінаюць пра гэта. Хоць Віктар Генадзьевіч абмяркоўваў з дыпламатам не палітыку, а магчымасць распрацоўкі праектаў супрацоўніцтва і абменаў ва ўмовах пандэміі, уключаючы выкарыстанне адаптаваных тэхнічных сродкаў.

З ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам француз закрануў тэму польскай меншасці ў Беларусі, а таксама цяжкасцяў, з якімі сутыкаецца царква «Новае жыццё» з лютага 2021 года.

З былым сенатарам, а цяпер – выканаўчым дырэктарам рэспубліканскага Фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі Таццянай Быкавай абмяркоўвалі інвестыцыйны клімат і прыняцце паправак у нацыянальнае заканадаўства, якія спрыяюць прыходу замежных інвестараў на беларускі рынак, а таксама цяжкасці, з якімі сутыкаюцца замежныя прадпрыемствы ў Беларусі, ролю дзяржавы ў сістэме рэгулявання коштаў.

З Яўгенам Баскіным, заснавальнікам і кіраўніком групы кампаній «Сервалюкс», якая спецыялізуецца на вытворчасці і продажы прадуктаў сельскагаспадарчага прызначэння, казалі аб пастаўках французскага абсталявання.

З кіраўніком Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і праваабароцам Алесем Бяляцкім гаварылі пра палітычныя настроі пасля прэзідэнцкіх выбараў і сітуацыю з правамі чалавека.

Французскі пасол Нікаля дэ Лакост бярэ ўрокі беларускай мовы
З Рыгорам Кастусёвым

А са старшынёй праўлення «Прыёрбанка» Сяргеем Касцючэнкам – пра перспектывы для краіны на 2021 год, праекты французска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне эканомікі і культуры.

Экс-кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька падзяліўся з «Народнай Воляй» сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з французскім паслом.

«Мы размаўлялі крыху больш за гадзіну, – гаворыць Анатоль Уладзіміравіч. – Ініцыятыва сустрэчы сыходзіла ад французскага боку, і я з радасцю згадзіўся, таму што хацелася праінфармаваць прадстаўнікоў дыпкорпуса пра тое, як ідзе праца над праектам Канстытуцыі новай Беларусі.

Нікаля дэ Лакост здаўся мне вельмі жывым дыпламатам, з вялізнай цікаўнасцю да краіны, гісторыі і ўсяго таго, што тут адбываецца. Здзівіла, што ён ужо валодае беларускай мовай. Ён нават папрасіў, каб я размаўляў з ім па-беларуску – гэта было для мяне першым пазітыўным шокам.

Нягледзячы на тое, што амбасадар знаходзіцца тут, калі не памыляюся, з лістапада мінулага года, ён глыбока пагрузіўся ў нашу рэчаіснасць, са многімі пазнаёміўся. І відаць, што перад тым, як сюды прыехаць, ён актыўна штудзіраваў краіну, а зараз таксама актыўна спрабуе яе спазнаць. Ён папрасіў выслаць яму наш праект Канстытуцыі, сам прапанаваў зрабіць сумеснае фота. Такія быццам бы дробныя моманты, але з іх складваецца шыкоўны партрэт!»

З АСАБІСТАЙ СПРАВЫ

Бацька чатырох дзяцей!

Нікаля дэ Буян дэ Лакост нарадзіўся 29 жніўня 1964 года.

Адукацыя

Дыплом па англійскай і польскай мовах, дыплом аб вышэйшай адукацыі са спецыялізацыяй «Краіназнаўства і мовы ўсходніх краін (руская мова)».

Прафесійная дзейнасць

1990–1994 гг. – Французскі цэнтр асветы і інфармавання кіруючых кадраў у Варшаве.

1994–1995 гг. – аташэ па культуры пасольства Францыі ў Бухарэсце.

1995–1997 гг. – супрацоўнік аддзела па стратэгічных справах, пытаннях бяспекі і раззбраення МЗС Францыі.

1997–2001 гг. – другі сакратар Пасольства Францыі ў Варшаве.

2001–2005 гг. – другі сакратар пры пастаянным прадстаўніцтве Францыі пры АБСЕ ў Вене.

2005–2009 гг. – намеснік прэс-сакратара ў цэнтральнай адміністрацыі МЗС Францыі.

2009–2012 гг. – першы саветнік пасольства Францыі ў Празе.

2012–2016 гг. – першы саветнік пасольства Францыі ў Маскве.

2016–2017 гг. – кіраўнік аддзела па справах Каўказа і Цэнтральнай Азіі Упраўлення кантынентальнай Еўропы.

2017–2020 гг. – намеснік кіраўніка Упраўлення кантынентальнай Еўропы Галоўнага ўпраўлення па палітычных пытаннях і бяспецы.

З 2020 года – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь 

Асабістае

Жанаты, мае 4 дзяцей.

Публікацыя – з № 34 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: