Праверка ў шоў-руме вопраткі Honar цягнулася тры гадзіны
Віталь Гуркоў ў вопратцы Honar / honar.by

6 траўня каля 13:00 да дызайнераў беларускай вопраткі Honar прыйшла праверка з Дзяржстандарту. Правяральшчыкі заняліся дакументамі кампаніі.

“Супрацоўнікі апісваюць адзенне, па іх тэрміналогіі — адбіраюць вопротку на нейкі аналіз. Нешта правяраюць, патрабуюць паказаць то адні, то другія дакументы”, — распавёў Еўрарадыё заснавальнік брэнда Павел Доўнар.

Сёння праверка працягвалася тры гадзіны.

“Карацей, мы выжылі… пакуль, — распавядае Павел Доўнар. — Праверка працягнецца да 28 траўня. Я, праўда, не разумею, што тут рабіць столькі часу”.

Супрацоўнікі Дзяржстандарта сказалі, што іх паслала кіраўніцтва.

Праверка ў шоў-руме вопраткі Honar цягнулася тры гадзіны
Павел Доўнар. Фота: Еўрарадыё

“Вось гэта самае цікавае. Яны прыйшлі, наколькі я разумею, нас неяк падтрымаць. Падчас гэтага правяралі дакументы і маркіроўку адзення ў адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза і Еўразійскага Эканамічнага Саюза. Я гэты ўказ [“Аб падтрымцы эканомікі”, на падставе якога праводзілася праверка] чытаў. Так, згодна з ім могуць праводзіцца пазапланавыя праверкі.  Як ставіцца да гэтага, не ведаю. Дзіўна. Але калі цябе не забілі ў нашай краіне, значыць, не так усё дрэнна”.

Павел кажа, што адзенне фатаграфавалі. Заснавальнік брэнда жартуе: мо, кіраўніцтва Дзяржстандарта саромеецца замаўляць сабе Honar праз сайт і наўмысна адправіла падначаленых паглядзець — ну як там якасць? Можна браць ці не?

Поделиться ссылкой: