Гомель: гараджане патрабуюць ад уладаў зрабіць бяспечнай вуліцу Савецкая
Стыхійны мемарыял каля сцяны гарвыканкама – месца трагедыі, дзе загінула 6-гадовая дзяўчынка. Фота: Анатоль ЛІПСКІ / Народная Воля

Каля тысячы жыхароў Гомля падпісалі ўжо грамадскую петыцыю да гарвыканкама і ўпраўлення ДАІ Гомельскага аблвыканкама з патрабаваннем зрабіць бяспечнай галоўную магістраль гораду – вуліцу Савецкая. На ёй працягваюць гінуць пешаходы.

Апошні жудасны выпадак здарыўся 4 мая каля гарвыканкама. Пасля сутыкнення на скрыжаванні вуліц Савецкая і Сялянская аўтамабіль вылецеў на ходнікі, дзе стаяла бабуля з двума дзецьмі. Хлопчык асабліва не пацярпеў, а 6-гадовая дзяўчынка памерла ў машыне хуткай медыцынскай  дапамогі. Да дому яна не дайшла літаральна дзясятак метраў.

Месца трагедыі ператварылася ў стыхійны мемарыял. Людзі нясуць сюды кветкі, лампадкі і цацкі.

Паўтара гады таму  ў трыццаці кроках ад месца цяперашняй трагедыі, насупраць рэстарана “Бацькі”, таксама загінулі гараджане. Апроч кіроўцы, пацярпелі  дзве настаўніцы, якія ішлі па ходніках. Адна з педагогаў памерла, а іншая атрымала цяжкія траўмы.

У петыцыі, змешчанай на сайце petitions.by, гараджане патрабуюць прыняць захады і зрабіць бяспечнай для пешаходаў вуліцу Савецкую з яе інтэнсіўным рухам.  Прапануецца, у прыватнасці, усталяваць  парковачныя баларды, альбо слупкі абмежавання некантраляванага заезду на пешаходную зону на ўсіх небяспечных участках вуліцы.

“Няўжо нам, жыхарам гораду, трэба дачакацца яшчэ некалькіх  трагедый ці няшчасных выпадкаў, каб на існыя абставіны  звярнула ўвагу кіраўніцтва гораду! Колькі патрэбна яшчэ смерцяў, у тым ліку і малых дзяцей, каб кіраўніцтва вырашыла пытанне з Усходнім аб’ездам, які значна разгрузіць транспартны паток на гэтай няшчаснай вуліцы Савецкай?!“, – гаворыцца ў петыцыі.

Пасля трагедыі каля рэстарана “Бацькі” гарадскія ўлады знізілі максімальную хуткасць руху па Савецкай – да 50 км на гадзіну.  Каля цырка ўсталявана агароджа. Раней на прыпынку “Універмаг” быў зроблены падземны пераход. Аднак небяспечных  участкаў для пешаходаў на Савецкай яшчэ багата. Змантаваная сёлета летняя тэраса каля згаданага рэстарана “Бацькі” зноў звузіла ходнікі, змушаючы пешаходаў ушчыльную наблізіцца да праезджай часткі.

Гомель: гараджане патрабуюць ад уладаў зрабіць бяспечнай вуліцу Савецкая
Скрыжаванне вуліц Савецкая і Сялянская Фота: Анатоль ЛІПСКІ / Народная Воля

Прадпрыемствы і гараджане, канстатуецца ў петыцыі, адлічваюць у гарадскі бюджэт значныя сумы і маюць права разлічваць на бяспеку на ходніках і пешаходных пераходах.  Беларускае заканадаўства, у прыватнасці, закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” абавязвае выканкамы базавага ўзроўню займацца і бяспекай дарожнага руху. Такая ж задача ўскладваецца  пастановай Саўміна ад 31.12.2002 № 18  і на Дзяржаўную аўтамабільную інспекцыю Міністэрства ўнутраных спраў.

Анатоль ЛІПСКІ.

Поделиться ссылкой: