«Беларускі снайпер» – палітычны трылер пра Беларусь ад былога польскага пасла
Былы польскі пасол Лешэк Шарэпка і яго кніга «Беларускі снайпер». Фота: Радыё Свабода

Былы польскі пасол Лешэк Шарэпка напісаў раман пра Беларусь. Падзеі ў кнізе «Беларускі снайпер» адбываюцца ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукавага.

У інтэрв’ю Радыё Свабодзе аўтар кнігі і былы дыпламат у Беларусі расказаў пра фікцыю і рэаліі ў сваёй кнізе, даў ацэнку падзеям у Беларусі, якія ўскалыхнулі свет, і патлумачыў прычыну крызісу ў беларуска-польскіх дачыненнях.

Лешэк Шарэпка – гісторык, дыпламат, пісьменнік. Шмат гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам усходніх даследаванняў (Варшава), выкладае ў Цэнтры Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту. Працаваў у польскіх дыпламатычных установах у Маскве, Кіеве і Мінску. З 2011 да 2015 году быў паслом Польшчы ў Беларусі.

 

Кароткае апісанне кнігі ад выдавецтва «Sąsiedzi»:

Раман «Беларускі снайпер» прыцягвае найлепшыя ўзоры з раманаў Тома Клэнсі і Роберта Ладлэма. Ён ідэальна ўпісаны ў сучасную беларускую рэчаіснасць і, такім чынам, дазваляе лепш зразумець як сутнасць тамтэйшага рэжыму, так і матывацыю тых, хто не баіцца рызыкаваць сваім жыццём, каб яго зрынуць.

Аўтарытарная сістэма ставіцца да людзей інструментальна, змагаецца з іх салідарнасцю і незалежнасцю, манапалізуе праўду і навязвае ўласны кодэкс паводзін. У гэтым пераконваецца Алег Прыбылоўскі, верны ахоўнік беларускага прэзідэнта, які, сутыкнуўшыся з выбарам, вырашае змагацца, каб абараніць сваё вялікае каханне і захаваць пачуццё ўласнай годнасці.

Па дарозе ён сустракае Паўла Шарэта, журналіста, які шмат гадоў спрабуе раскрыць цёмныя сакрэты беларускага эскадрона смерці. Абодва кідаюць выклік цынічнаму і бязлітаснаму дыктатару.

Задача, якую ўзяў на сябе Алег, – выкрыць злачынную сістэму і выратаваць сваю дзяўчыну, – знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці.

Лешэк Шарэпка пра кнігу:

«Людзі, якія прачытаюць гэтую кнігу, ня будуць мець ілюзіяў, з кім яны маюць дачыненне»

  • Я хацеў паказаць жыццё звычайных людзей у сучаснай Беларусі, тое, як палітычны рэжым уплывае на іхнае жыццё і як яны не да канца могуць сябе раскрыць. У кожны момант людзі могуць адчуць сілу гэтага рэжыму і адчуць сябе безабароннымі. І гэта бачна ў кнізе.
  • Раман спрашчае аўтару магчымасць выказацца. Калі вы пішаце навуковую кнігу, то вы павінны мець усе крыніцы, вы павінны ўсё правяраць, мець доступ да дакументаў. А ў Беларусі гэта немагчыма. Тым больш, што я пішу пра рэчы, якія для беларускай улады непрыемныя і яны б жадалі іх схаваць.
  • У кнізе я даў героям іншыя прозвішчы, але беларусы хутка зразумеюць, пра каго ідзе гаворка. Людзі на Захадзе, у Польшчы, не да канца разбіраюцца ў дэталях, і ім будзе складаней. Але справа ня ў прозвішчах, а ў тым, як гэтая сістэма працуе.
  • Гэтая сістэма мне трошкі нагадвае мафіёзную структуру, дзе ёсць адзін чалавек, ад чыіх рашэнняў залежыць усё. У выніку ўсё гэта працуе на яго, бо ягоная ідэалогія для людзей не прыцягальная. Ён глядзіць на людзей праз прызму сваіх інтарэсаў і намагаецца ацэньваць людзей праз тое, наколькі яны яму лаяльныя. Лаяльнасць для яго – гэта галоўны крытэр ацэнкі чалавека. І ў кнізе гэта бачна.
  • Быў такі польскі пісьменнік, які сказаў, што «толькі праўда цікавая». Я намагаўся выкарыстаць рэчы, якія я ведаў пра Беларусь. Але нельга казаць адкрыта, хто гэта зрабіў. У гэтых людзей ёсць магчымасць выкарыстаць судовую сістэму і спрабаваць нашкодзіць чалавеку. Гэта ўсё political fiction, я гэта прыдумаў. Прыдумаў, але з выкарыстаннем гэтых ведаў, якія я маю, рэчаў, якія дазнаўся, працуючы паслом у Беларусі. Але тады я ня мог пра іх гаварыць наўпрост, бо на такой пасадзе гэта немагчыма, у такой абстаноўцы.
  • Раман дапамог паказаць сутнасць сістэмы, якая ёсць у Беларусі. Думаю, што людзі, якія прачытаюць гэтую кнігу, ня будуць мець ілюзіяў, з кім яны маюць дачыненне.

Пра Беларусь:

«Калі будзе зручны момант, пратэсты лёгка ўспыхнуць ізноў»

  • У Беларусі, без сумневу, пануе аўтарытарная сістэма. Яна такой стала не адразу. Сутнасць яе ў тым, што яна замацоўваецца з часам. Чым даўжэй адзін чалавек прымае рашэнні, тым больш гэтая сістэма ўмацоўваецца і тым складаней з ёю змагацца. Для грамадства доўгая дыктатура мае такія ж наступствы, як для прыроды і Зямлі ядзерны выбух.
  • Маштаб пратэсту ў Беларусі стаў для ўсіх сюрпрызам. Усе лічылі, што гэта завершыцца, як і пяць гадоў таму, калі ў 2015 годзе прэзідэнт Лукашэнка ўмела кантраляваў сітуацыю ў краіне. Цяпер ён недаацаніў праціўнікаў, думаючы, што ўсё будзе як звычайна.
  • Цяпер вельмі складана элімінаваць свабодную інфармацыю. Усе маюць доступ да інтэрнэту. Сеціва можна, вядома ж, кантраляваць, але няма магчымасці абмежаваць усё. Разумныя людзі ў любым выпадку знойдуць інфармацыю.
  • Прапаганда, якая ёсць у Беларусі, перастала працаваць. Думаю, што нават тыя журналісты, якія ёю займаюцца, ужо ня вераць у тое, што самі кажуць. Гледачы гэта бачаць і чуюць, адчуваюць.
  • Эканамічная сітуацыя ў Беларусі не паляпшаецца такімі тэмпамі, як раней. Што ні кажы, прэзідэнт Лукашэнка ў той час карыстаўся даверам грамадства, дзякуючы таму, што навёў парадак на пачатку 90-х і намагаўся рэалізоўваць грамадскую дамову. Ён намагаўся дзяліцца тым прыбыткам, які быў. Гэта працавала 10–15 год, але людзі паглядзелі, што ў суседзяў, у якіх іншая сістэма, рэформы ідуць лепш і ўзровень жыцця ў іх вышэйшы, чым у Беларусі. І людзі падумалі, што Лукашэнка вешае ім локшыну на вушы і робіць з іх дурняў.
  • У 90-х ён казаў, што ў краіне ёсць адзін палітык, які ўсё вырашае, а людзі павінны яго слухаць і выконваць яго рашэнні. Спачатку гэта працавала. Але потым людзі пачалі казаць: а чым мы горшыя? Мы таксама павінны ўзяць лёс у свае рукі і павінны мець на гэта права. Людзі ўбачылі, што гэтая ўлада ня лічыцца з іх думкай, глядзіць на іх як на дзяцей.
  • Пакуль не атрымалася. Але пасля мінулага лета патэнцыял пратэстаў зрабіўся шырэйшы, чым раней. Калі будзе зручны момант, калі ўлада ізноў зробіць памылку, пратэсты лёгка ўспыхнуць.

Пра беларуска-польскія адносіны:

«Калі я працаваў паслом у Беларусі, то адчуваў варожасць часткі эліты адносна Польшчы»

  • Тое, што адбылося ў 80-х у Польшчы (узнікненне «Салідарнасці» і параза камуністаў. – РС), было ў іншай геапалітычнай сітуацыі. СССР губляў сілы і сродкі, каб уплываць на адносіны. Цяпер Расея, якая зʼяўляецца гарантам улады Лукашэнкі, намагаецца зноў пабудаваць сваю імперыю. І параза на заходнім фронце была б для Расеі вельмі непрыемнай. Яны спрабуюць гэтага не дапусціць.
  • У Польшчы ўсё ж была партыя, якая намагалася дзейнічаць паводле нейкай ідэалогіі. Там былі розныя плыні, фракцыі. У Беларусі ж ёсць адзін чалавек, які спрабуе дзейнічаць як мафіёзны бос. Ярузэльскі, які тады кіраваў, не глядзеў на Польшчу як на сваю ўласнасць. Ён быў прадстаўніком сілы, якая кіравала краінай. А Лукашэнка глядзіць на Беларусь як на сваю ўласнасць.
  • Лукашэнка сам загнаў сябе ў кут. Тое, што ён казаў раней, не дазваляе яму пайсці на дыялог з грамадствам. Ён да канца будзе цвердзіць, што гэта ён мае рацыю. У Польшчы такога не было. У нас заўсёды былі сілы, з якімі можна было размаўляць. Быў каталіцкі касцёл, які быў самастойнай сілай і меў падтрымку часткі грамадства і прадстаўляў яго думку.
  • Калі я працаваў паслом у Беларусі, то адчуваў варожасць часткі эліты адносна Польшчы. У нас былі нават праблемы з тым, каб знайсці ў Менску памяшканне для Фестывалю польскай мовы. У ніводнай дзяржаўнай установе гэта немагчыма было правесці. Лукашэнка неаднаразова казаў, што палякі ў Беларусі – гэта «пятая калона», а польскія ўлады нібыта рыхтуюць баевікоў у лагерах пад Варшавай. І гэта было акурат тады, калі я быў паслом.
  • Звычайна такі рэжым спрабуе знайсці факты, якія мабілізуюць грамадства вакол яго. Літва – невялікая краіна, і ніхто не паверыць, што яна будзе спрабаваць захапіць нейкую тэрыторыю Беларусі. А Польшча – вялікая краіна, у палякаў ёсць досвед сумеснай дзяржавы з беларусамі. Так палякі выйшлі на першае месца ў якасці нейкай пагрозы для беларускага рэжыму, якую можна паказаць публіцы.
  • Калі мы параўнаем колькасць ахвяраў у Бярозе Картускай і ў адным звычайным савецкім лагеры, то Бяроза выглядае на гэтым фоне як нейкі санаторый. Я б вельмі хацеў прачытаць кнігу беларускага гісторыка пра гісторыю Польшчы, каб гэта была аб’ектыўная кніга, якая ўлічвае розныя пытанні нашых супольных адносінаў. Гэтага вельмі не хапае.
  • У палякаў няма ніякіх планаў ісці захопліваць Беларусь. Мы, палякі, вельмі зацікаўленыя ў тым, каб нідзе не было зменаў межаў. Бо калі адбываюцца такія рэчы, то мы звычайна губляем. Мы б хацелі жыць у тых межах, якія ёсць, і негатыўна ставімся да ідэяў мяняць межы нават мірным чынам. У Польшчы няма сур’ёзнай сілы, якая б думала пра рэвізію межаў.

Поделиться ссылкой: