Павел Мажэйка. Фота: https://www.racyja.com

На 12 мая прызначана пасяджэнне Эканамічнага суда Гродзенскай вобласці, на якім будзе разглядацца справа аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця».

Фармальнай прычынай закрыцця гэтай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі паслужыла, як ні дзіўна, выстава мастака Алеся Пушкіна. Яна была адкрыта 19 сакавіка 2021 года. На ёй экспанаваліся працы мастака розных гадоў, а таксама прапановы для роспісу гродзенскага Старога замка, дзе зараз адбываецца рэканструкцыя. Менавіта гэтыя роспісы мастак Пушкін і прывёз у Гродна, каб паказаць гарадскому начальству і паўдзельнічаць у тэндары на выкананне роспісу.

Аднак, як той казаў, нешта пайшло не так. Пракурор горада Уладзімір Клішын палічыў, што адзін з твораў на выставе – партрэт пасляваеннага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара – «рэабілітуе і апраўдвае нацызм». На мастака і кіраўніка «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку завялі крымінальную справу. Мастак Алесь Пушкін з 30 сакавіка знаходзіцца за кратамі. Дарэчы, гэты самы партрэт неаднойчы выстаўляўся як у Беларусі, так і за межамі краіны на самых розных выставах.

Што сабой уяўляе «Цэнтр гарадскога жыцця»?

Паводле задумкі яго гаспадара – гродзенскага журналіста Паўла Мажэйкі, стваралася незалежная прастора для развіцця нацыянальнай культуры, мастацтва, вывучэння гісторыя, дзе збіраліся б людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, праводзіліся б сустрэчы, імпрэзы, канцэрты і г.д. Цэнтр пачаў працаваць у 2016 годзе і, трэба заўважыць, даволі паспяхова спраўляўся з пастаўленымі задачамі.

Цяжка прыгадаць хоць адзін дзень, калі б у цэнтры не адбываліся тыя ці іншыя культурніцкія мерапрыемствы, не збіраліся людзі самых розных інтарэсаў. Дарэчы будзе зазначыць, што за няпоўныя пяць гадоў дзейнасці тут адбылося больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз, больш за сотню прэзентацый, творчых сустрэч, майстар-класаў, некалькі вялікіх фестываляў, шмат навуковых канферэнцый, канцэртаў, прэзентацый кніг і сустрэч з літаратарамі.

Варта згадаць, што менавіта тут гродзенцы маглі пазнаёміцца з унікальнай выставай «Колер Беларусі» мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава, беларуская мастачка з сусветным імем Жанна Капуснікава прывозіла сюды сваю выставу «Дажынкі», мастак-ілюстратар Павел Татарнікаў прэзентаваў выставу «Рэха», прысвечаную гістарычным асобам і месцам, звязаным з Беларуссю. У прасторы выстаўляліся і лепшыя гродзенскія мастакі. У дворыку цэнтра ладзілі спектакль акцёры гродзенскага тэатра, якія выступілі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў і за гэта пазбавіліся працы.

Тут на пачатку пандэміі гродзенцы збіралі дапамогу пацярпелым ад каранавіруса, пакавалі маскі і ахоўныя касцюмы для медыкаў, рассылалі іх па ўсёй вобласці.

«На выпаленым полі доўга нічога не расце»

Гродзенцы ў абарону «Цэнтра гарадскога жыцця» пачалі збіраць подпісы. У звароце да жыхароў горада напісана, што «той, хто ставіць тут свой подпіс, выступае ў абарону не проста ўстановы, а месца, якое выхоўвае пашану да свайго, робіць наш горад адметным і запамінальным. На выпаленым полі доўга нічога не расце, а мы хочам жыць у горадзе, дзе жыве і развіваецца творчасць, культура, ініцыятыўнасць».

Пад зваротам стаяць подпісы ўжо больш як тысячы гродзенцаў.

Кіраўнік і стваральнік «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка ўпэўнены, што тыя, хто ініцыяваў крымінальрную справу і пераслед культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі, маюць намер ліквідаваць цэнтр і да гэтага мэтанакіравана ідуць.

Тое, што я бачу ў заяве пракурора, тыя прэтэнзіі, якія тычацца цэнтра, карціны Пушкіна, усе абвінавачанні амаль даслоўна будуюцца на артыкуле з «Вікіпедыі», – кажа Мажэйка. – Яны папросту перапісалі гэты артыкул у абвінавачванне, а ніякіх доказаў наконт экстрэмізму не прыведзена. Так выглядае справа, і я рэальна ацэньваю гэта як палітычную замову.

На думку Мажэйкі, уладам карціць прыбраць папулярную культурніцкую пляцоўку, дзе адбываецца мноства самых розных мерапрыемстваў і куды прыходзіць шмат гараджан.

Але гвалтоўным закрыццём яны наўрад ці дамогуцца сваіх мэтаў. Свядомых беларусаў ужо не запхнуць пад канапу, – упэўнены Павел. – У той ці іншай форме падобныя пляцоўкі і ініцыятывы будуць паўставаць, паколькі ідзе працэс, які ўжо не спыніць.

Публікацыя – з № 33 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: