Аляксей Кудзін

Аляксей Кудзін – асоба ў пэўных спартыўных колах досыць вядомая. Кікбаксёр-прафесіянал з Маладзечна быў чэмпіёнам свету і Еўропы паводле версіі WBKF, фіналістам турніру King of Kings этапу Гран-пры па K-1.

Акрамя спаборніцтваў па кікбоксінгу спартсмен правёў некалькі прафесійных баёў па змешаных адзінаборствах.

Пасля выбараў Аляксей Кудзін вырашыў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і быў затрыманы на акцыі пратэсту недалёка ад маладзечанскага гарадскога парку 10 жніўня. Адпусцілі яго 21 жніўня, але пры гэтым распачалі крымінальную справу і абралі меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Чэмпіёна свету абвінавачваюць па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса – «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Максімальная санкцыя прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

На судовае пасяджэнне 19 лістапада Кудзін не з’явіўся і быў афіцыйна абвешчаны ў вышук. Пазней спартсмен аб’явіўся за мяжой і распавёў «Трыбуне», чаму ён вырашыў з’ехаць з Беларусі:

«Кампетэнтныя людзі даведаліся і расказалі, што адправяць мяне ў турму за праўду гадкоў на пяць і буду чакаць амністыі або змены рэжыму. Як толькі справу перадалі ў суд, я зразумеў, што судовая сістэма прагніла ў нашай краіне цалкам. Праўды няма.

У мяне быў суд па адміністрацыйнай справе. Гэта быў проста цырк. Суддзя зачытвала мне, што я нешта скандзіраваў, махаў нацыянальнай сімволікай, крычаў нешта ў адрас улады і гэтак далей. Хоць у крымінальнай справе выразна напісана, што я проста стаяў і глядзеў у бок плошчы. Нават не быў на ёй. Маразм!

Які ў мяне быў выбар? Стаць ахвярай гнілога рэжыму, сядзець у турме і цягнуць грошы са шматдзетнай сям’і, якая жыве без карміцеля, ці з’ехаць за мяжу, аднавіцца фізічна, правесці некалькі гучных баёў і дапамагчы сям’і фінансава? Я выбраў другое.

Вярнуся дадому, як толькі гэта будзе магчыма, яшчэ больш моцны духам і целам».

Невядома якім чынам, але Аляксей Кудзін трапіў у Расію, дзе і быў затрыманы на пачатку гэтага года расійскімі спецслужбамі.

Пасля гэтага вядомыя беларускія спартсмены заклікалі не дапусціць экстрадыцыі Кудзіна з Расіі ў Беларусь. Адкрыты ліст, пад якім паставілі подпісы больш за 300 спартсменаў, быў адрасаваны генеральнаму пракурору Расіі Ігару Краснову. Маўляў, у Беларусі спартсмену пагражаюць палітычна матываваны крымінальны пераслед і катаванні.

Пры гэтым адзначалася, што Аляксей Кудзін выхоўвае трох дачок ва ўзросце 3, 7, 11 гадоў і двух хлопчыкаў 9 і 17 гадоў, прычым трое дзяцей прыёмныя.

Нічога не дапамагло. Днямі стала вядома, што Аляксей Кудзін ў хуткім часе будзе экстрадзіраваны з Масквы ў Беларусь. Дакументы на гэта ўжо атрыманы, хаця адвакаты чэмпіёна свету выступаюць супраць яго выдачы і рыхтуюць дакументы ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Публікацыя – з № 33 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: