Гомельскія паплечнікі Сяргея Ціханоўскага. Юры Уласаў — трэці злева ў верхнім шэрагу, побач з ім, чацвёрты злева, — Аляксандар Шабалін. У ніжнім шэрагу першы злева — Дзмітрый Івашкоў, першая справа — Тацяна Канеўская

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля пад старшынствам Аляксея Хлышчанкова 4 мая агучыў прысуд давераным асобам экс-кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай, абвінавачаным ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і планах захопу адміністрацыйных будынкаў.

Юрый Уласаў пакараны 6 з паловай гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (яму дадалі яшчэ і абразу супрацоўнікаў ДАІ падчас парламенцкіх выбараў 2019 года). Па шэсць гадоў пазбаўлення волі ў такой жа калоніі атрымалі Аляксандр Шабалін і Дзмітрый Івашкоў. Шматдзетную маці Таццяну Канеўскую асудзілі на 6 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Суд палічыў, што віна фігурантаў гучнай крымінальнай справы знайшла пацвярджэнне падчас судовага следства. Усе пакаранні акурат такія, якія і запрасілі на судзе дзяржаўныя абвінаваўцы, прадстаўнікі пракуратуры Мікушаў і Астапенка.

Тым часам адвакаты прасілі суд прызнаць іх падабаронных невінаватымі і вызваліць у зале суда ў звязку з недаказанасцю віны матэрыяламі справы. Паводле абаронцаў, адзіным доказам вінаватасці чатырох фігурантаў з’яўляецца відэазапіс сустрэчы 5 жніўня ў Мінску давераных асобаў і актывістаў каманды Ціханоўскай, дзе нібыта і абмяркоўвалася падрыхтоўка да супрацьпраўных дзеянняў. Відэазапіс, зняты схаванай камерай, мае прыкметы мантажу.

На гэту акалічнасць, як тлумачаць сваякі, звярталі ўвагу і самі падсудныя, у прыватнасці, Юрый Уласаў і Таццяна Канеўская. Размовы на той жнівенскай сустрэчы з Ціханоўскай наконт пакупкі рацый, гукаўзмацняльнай апаратуры вяліся на выпадак поўнага адключэння інтэрнэту ў апошнія дні агітацыйнай кампаніі. Патрэбны былі і індывідуальныя сродкі абароны для актывістаў і прыхільнікаў альтэрнатыўнага кандыдата ад рознага кшталту правакатараў.

Паказальна, што напачатку эксперт, які даваў заключэнне пра відэазапіс сустрэчы, заяўляў на судзе: каб спраўдзіць быў мантаж ці не, патрэбна тэхніка, на якой зроблены відэазапіс. Аднак яе эксперт так і не атрымаў. Пазней гэты ж эксперт зрабіў заключэнне без наяўнасці тэхнікі, што “відэа не было змантажавана”.

Як сцвярджаюць сваякі абвінавачанай “чацвёркі”, на судзе Юрый Уласаў не хаваў, што каля будынкаў раённых адміністрацый выбаршчыкі меліся збірацца і патрабаваць пераліку галасоў у выпадку фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Такія дзеянні не могуць трактавацца як падрыхтоўка да захопу адміністрацыйных будынкаў. Па словах Уласава, падчас агітацыйнай кампаніі ён намагаўся асвятляць праблемы, якія існуюць у беларускім грамадстве, асабліва эканамічнага кшталту, прапаноўваў шляхі іх вырашэння. У сваіх учынках кіраваўся дзеючымі ў краіне законамі.

“Тое, што мяне зрабілі злачынцам, крымінальнікам – абсурд, я добра ведаю і выбарчае і крымінальнае заканадаўства і перакананы, што дзейнічаў строга ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам”, – зазначыў Уласаў.

У сваім апошнім слове Таццяна Канеўская падзякавала ўсім беларусам, хто жыве ў Беларусі і за яе мяжамі, за падтрымку і салідарнасць. З моманту арышту ў жніўні 2020 года Канеўская атрымала каля тысячы лістоў. Адказвала, па магчымасці, кожнаму, калі быў зваротны адрас.

Канеўская заявіла, што “так званае абвінавачванне і доказы сфальсіфікаваны”. Звяртаючыся да суда і пракурора, прасіла прыняць найперш “правільнае рашэнне для саміх сябе”, бо ў дадзенай сітуацыі вырашаецца не толькі яе асабісты лёс і тэрмін пакарання, але і пытанне гонару і годнасці тых, хто прымае рашэнне.

Шматдзетны бацька Аляксандр Шабалін таксама дзякаваў беларусам за вялікую маральную падтрымку ў выглядзе паштовак і лістоў. Звяртаючыся да суда, прасіў пры вынясенні прысуду пра вінаватасць ці невінаватаць ўлічыць, што “справа палітычна матываваная, а несправедлівы прысуд выкліча рэзананс у грамадстве”. Асобна Шабалін звярнуўся да пракурора, каб той патлумачыў яму пісьмова, у чым менавіта яны вінаваты і якія таму ёсць доказы.

Напярэдадні абвяшчэння прысуду Дзмітрый Івашкоў у сваім апошнім слове адзначыў, што перадвыбарчую кампанію каманда Ціханоўскай вяла на законных падставах, не парушаючы беларускага заканадаўства. Аднак “тыя, хто цяпер пры ўладзе, не могуць супернічаць з апанентамі па закону, бо не ведаюць такого слова – “закон”. Крымінальная справа, паводле Івашкова, пабудавана на прыдумках і домыслах.

Дзмітрый заявіў, што для яго прэзідэнт – Святлана Георгіеўна Ціханоўская, якая набрала на выбарах найбольшую колькасць галасоў. Сваю прамову Івашкоў скончыў словамі: “Жыве Беларусь!”.

Прадстаўнік БХК у рэгіёне Віктар Адзіночанка, які сачыў за выбарчай кампаніяй, пратэстамі і судамі над іх удзельнікамі, лічыць, што існуючы ў краіне рэжым робіць усё, каб “захаваць сваю ўладу”. І Ціханоўская, і Бабарыка сталі сімваламі пераменаў, таму з імі ды іх даверанымі асабамі пачалася і працягваецца жорсткая барацьба.

Адсочвае суды і па крупінках збірае інфармацыю пра нявольнікаў, якія трапілі за краты падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў.

“Ідзе палітычнае лупцаванне апанентаў улады з дапамогай судоў і сілавых структур, – кажа Палякоў. – Каманда, якая зараз пры ўладзе, не перамагла на выбарах. Таму зараз адбываецца “зачыстка” палітычнага поля, пераслед апанентаў. Лідэрамі мінулай прэзідэнцкай кампаніі сталі і Бабарыка, і Ціханоўская. Іх саміх ды іхніх прыхільнікаў і пераследуюць. Улада не можа спыніцца, супакоіцца, бо не адчувае сябе легітымнай, не адчувае трывалай глебы пад нагамі. Адсюль шматлікія суды і жорсткія выракі”.

Усіх чатырох фігурантаў гучнай справы ў Гомелі праваабарончыя арганізацыі прызналі палітзняволенымі.

Ні журналістаў незалежных СМІ, ні праваабаронцаў, ні прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый на працэс не дапусцілі, спасылаючыся на пандэмію каранавіруса і абмежаваную колькасць месцаў у судовай зале.

У суд Чыгуначнага раёна, працэдура пропуску. Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: