Ілля і Іна Дабратвор

Грамадскі актывіст распавёў, чаму яго жонка вымушана была з’ехаць у Варшаву і як ён спраўляецца з вялікай сям’ёй.

У сакавіку гэтага года шматдзетнай маці Іне Дабратвор прызначылі неверагодна вялікі штраф за так званае «пікетаванне» размяшчэнне фотаздымкаў апазіцыйных палітыкаў у акне ўласнай кватэры.

У выніку жанчыну прызналі вінаватай, у якасці пакарання ёй далі штраф у памеры 200 базавых велічынь (5800 рублёў).

– На гэтым справа не скончылася, і жонку затым другі раз судзілі за такое ж самае «пікетаванне», кажа Ілля ДАБРАТВОР. І суд ізноў прысудзіў штраф 5800 рублёў.

Першае рашэнне мы аспрэчылі, Мінскі гарадскі суд зменшыў штраф да 150 базавых велічынь, але мы зараз усё роўна павінны заплаціць непамерна вялізныя грошы – 10.150 рублёў.

Я наогул не разумею, чым думаюць суддзі, калі выпісваюць людзям такія штрафы. Як іх выплаціць?

Чаму жонка прыняла рашэнне з’ехаць у Польшчу?

– Яна і раней збіралася ехаць туды на працу, але трэба было спяшацца. Бо, калі судовыя рашэнні ўступяць у сілу (а зараз працэс абскарджвання яшчэ працягваецца), то праехаць цераз мяжу было б немагчыма. Таму яна рашылася і 9 красавіка пакінула Беларусь.

Дарэчы, праз тры дні пасля ад’езду жонкі ў Польшчу ад яе імя нехта накіраваў у Мінгарвыканкам заяўку на як быццам правядзенне 9 мая ля Вярхоўнага суда акцыі, якая павінна была завяршыцца самаспаленнем. Не выключана, што гэта інфармацыя магла аўтаматычна пайсці і ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, хаця, натуральна, Іна нічога такога не дасылала. З гэтай нагоды міліцыянеры мне патэлефанавалі, але, наколькі я зразумеў, ніякай праверкі не праводзіцца.

Нашу сям’ю ўжо даўно пачалі цкаваць, гэта такая дробная помста і за нашу пазіцыю, і за працу назіральнікамі на выбарах. Мне, напрыклад, не так даўно невядомыя адкруцілі гайкі ў колах аўтамабіля; добра, што мы гэта заўважылі. А маглі б ехаць па трасе з пяццю дзецьмі, да трагедыі быў адзін крок.

Як жонка ўладкавалася ў Варшаве?

Іна настаўніца англійскай мовы, хаця сталую працу да гэтага часу яшчэ не знайшла. Натуральна, што складана жыць у чужым горадзе, без сям’і.

У хостэле пакуль жыве бясплатна, але пакрысе ўжо даюць зразумець, што за пражыванне давядзецца плаціць. Адным словам, знаходзіцца там на птушыных правах могуць дапамагчы, а могуць і адмовіць. Калі ты пераязджаеш у другую краіну, трэба разлічваць толькі на сябе.

У вас пяцёра дзяцей. Усе засталіся ў Мінску?

– Так, усе засталіся са мной. Сафіі зараз 17 гадоў, Яўсею – 15, Герману – 11, Марку – 9 і Агаце – 7.

Цяжка, безумоўна, але гэта не першы раз, калі жонка пакідала сям’ю на мяне, а сама з’язджала ў камандзіроўкі.

Самае складанае ў гэтай сітуацыі, што мне практычна немагчыма працаваць. Раней мы з Інай маглі падмяняць адзін аднаго ў працы, доглядзе дзяцей, гаспадаркі, а зараз усё ўзвалілася на мае плечы. У любы момант могуць патэлефанаваць, каб ляцеў у дзіцячы садок, бо дзіця захварэла, або нешта іншае. З адным дзіцем складана, а тут пяцёра!

Як у вас дзень распісаны?

– Пад’ём каля 7 гадзін раніцы. Сафія і Яўсей вучацца ў каледжы, малодшыя збіраюцца ў школу. Затым усіх раскідваю па навучальных установах, а ў 16.00 забіраю і вязу дадому.

За гэты час трэба і есці прыгатаваць (хаця ў гэтай справе ўжо і старэйшыя дапамагаюць), і нешта па гаспадарцы зрабіць, і папрацаваць у якасці журналіста-фрылансера, каб нейкую капейку зарабіць. Хаця ў апошні час з працай з’явіліся пэўныя праблемы, заказаў паменшала. А ад некаторых праектаў даводзіцца адмаўляцца, бо фізічна немагчыма гэта ўсё пацягнуць.

Не плануеце пераехаць з дзецьмі ў Польшчу да жонкі?

Такі варыянт не выключаны, але ў такім выпадку ты павінен трапляць пад міжнародную абарону. А гэта азначае, што так проста дадому ўжо не вернешся.

Думаю, у Польшчы арандаваць жыллё і пракарміць такую вялікую сям’ю проста нерэальна. А без грошай ты нідзе асабліва не патрэбны. Я ж не IT-спецыяліст, не змагу знайсці нейкую высокааплатную працу.

Таму выезд за мяжу разглядаю як крайнюю меру. Мабыць, калі давядзецца рабіць выбар паміж ад’ездам і турмой.

Як штрафы збіраецеся плаціць? Сума ж дастаткова вялікая…

Пакуль, як ужо казаў, яшчэ абскарджваем рашэнні, а далей час пакажа. Магчыма, дазволяць выплачваць у растэрміноўку.

Публікацыя – з № 33 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: