Сяргей Нікіценка

Наведваючы чарнобыльскія раёны на поўдні Беларусі, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз выказаўся пра эфектыўнае выкарыстанне і ўцягванне ў абарот зямель Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і вакол яго.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, падчас нарады ў Нароўлі было заяўлена наступнае: «Мы павінны выпрацаваць, я яе так разумею, завяршальную, канчатковую праграму адраджэння гэтых зямель. Як мы яе часта называлі, ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Канчаткова. Чаму цяпер наспела такая неабходнасць і нават магчымасць? Бо мы пражылі 35 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы і на практыцы зразумелі, якім шляхам нам трэба не тое што ісці, а аднаўляць жыццё».

За апошняе дзесяцігоддзе на падставе пастаноў Саўміна Беларусі дзясяткі тысяч радыяцыйна небяспечных зямель, выведзеных з эксплуатацыі пасля чарнобыльскай катастрофы, вернуты ў гаспадарчы абарот. Прынамсі, на Гомельшчыне палічылі прыдатнымі для вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур звыш 17,5 тысячы гектараў, з іх паўтары тысячы гектараў пастановай №8 ад 8 студзеня 2018 года дадалі гаспадаркам Буда-Кашалёўскага, Кармянскага і Рэчыцкага раёнаў.

«Сказалі араць, я і ару»

У гэтыя дні актыўна засяваюцца землі яравымі і кукурузай вакол выселенай вёскі Савічы Брагінскага раёна. Тутэйшыя гоні райвыканкам аддаў ААТ «Камарынскі». А таварыства, каб не ганяць тэхніку амаль за паўсотні кіламетраў, наймае яе ў ААТ «Брагінаграсэрвіс» – усё-такі напалову бліжэй.

«А радыяцыя не радыяцыя – не мая справа»
Ворыва ў Савічах

Механізатара Сяргея Нікіценку з «Брагінаграсэрвісу» заспелі акурат на полі ў куце колішніх вуліц Леніна і Перамогі. Трактарам МТЗ-3522 ён уздымаў барозны савіцкай зямлі. На радыяцыю не пераймаецца.

Мне сказалі араць, я і ару. А радыяцыя не радыяцыя – не мая справа. Летась тут кукуруза была, цяпер, відаць, яравымі засеюць. На ворыве хоць зараблю якую тысячу ці нават крыху больш, а то ў міжсезонне больш за чатырыста рублёў не атрымаеш. А ў мяне ж чацвёра дзяцей, – кажа Сяргей.

На пачатку 2000-х гадоў, калі тутэйшыя землі пачалі пакрысе асвойваць як доследныя ўчасткі, радыяцыйныя цэзій і стронцый былі заўсёдным галаўным болем аграномаў. Апекавалася гэтымі землямі сельгаспрадпрыемства «Чамярыскі», а даследаваў палеткі і ўраджай паводле дамовы Гомельскі інстытут радыялогіі.

У апошнія гады вернутыя ў абарот землі вакол Савічаў засявае ААТ «Камарынскі», якое займаецца вытворчасцю малака і ялавічыны, а таксама збожжавых культур і рапсу. Дырэктар таварыства Рыгор Анапрэенка кажа, што савіцкія землі сёлета пайшлі пад ячмень.

Ураджай ідзе на фураж. Атрымліваем нарматыўна чыстую прадукцыю, – сцвярджае Рыгор Мікалаевіч.

Пра канкрэтныя ўзроўні забруджанасці той ці іншай культуры радыенуклідамі раіць тэлефанаваць і высвятляць у Інстытуце радыялогіі, а найлепей – у Брагінскім упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання.

Намеснік начальніка ўпраўлення па эканоміцы Уладзімір Кавалюк тлумачыць, што пасаду спецыяліста-радыёлага скасавалі два гады таму. Галоўнага агранома ва ўпраўленні няма. І нейкіх дакладных лічбаў ён назваць не можа.

Ва ўсе гады навукоўцы і спецыялісты сельскай гаспадаркі розных узроўняў сцвярджалі, што праз агратэхнічныя мерапрыемствы, унясенне пэўных доз калійна-фосфарных угнаенняў зніжаецца пераход радыенуклідаў у расліны. Вырашчаныя па такой методыцы зернавыя, кукуруза ідуць на корм жывёле. На мясаперапрацоўчых і малочных прадпрыемствах вядзецца пастаянны дазіметрычны кантроль над прадукцыяй – мясам, каўбасамі, малаком, смятанай маслам ды іншым. Фактаў перавышэння дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у гатовай прадукцыі не выяўлена, бо кантралюецца і сыравіна.

У адну з паездак у Савічы тамтэйшая жыхарка з ліку самасёлаў Кацярына Чэчка паказала вынікі радыялагічнага даследавання хадавых культур, якія яна вырошчвае на ўласным агародзе. Агарод жанчыны метраў за чатырыста ад поля, дзе ААТ «Камарынскі» пасеяў ячмень. Рабілі замеры ў прыватнай гаспадарцы Кацярыны акурат спецыялісты Інстытута радыялогіі.

Зялёнае шчаўе: цэзій-137 – 11 бекерэляў на кілаграм, стронцый-90 – 50,7 бекерэля, калій-40 – 155,1 бекерэля. Буракі адпаведна: 0,61, 23, 113,7. Морква: 1,07, 17,9 і 14,3 бекерэля. У даведцы да замераў сказана, што нормамі РДУ спажыванне гародніны дазваляецца пры ўтрыманні радыенуклідаў цэзію да 100 бекерэляў на кілаграм, а стронцый-90 і калій-40 не нарміраваны.

Канешне, розныя сельгаскультуры па-рознаму набіраюць радыяцыю. Адно бясспрэчна: радыяцыя тая на заражаных землях жвава лезе і ў «вяршкі», і ў «карэньчыкі».

Стронцый «узняў галаву»

Калі яшчэ інфармацыя пра «чысціню» ўраджаю на заражаных землях асабліва не хавалася, было вядома, што, напрыклад, у Нараўлянскім раёне за сезон не ўдавалася атрымаць ніводнай чыстай тоны збожжа. А ў сельгаспрадпрыемстве «Хойніцкае» (цяпер «Хойніцкі Аграсэрвіс») радыялагічная праверка фіксавала ў азімай пшаніцы 56 бекерэляў стронцыю на кілаграм, што значна перавышае дапушчальны ўзровень. Стронцый-90 выяўлялі ў бульбе нават у Рэчыцкім раёне. Гэты элемент у апошнія гады ўсё больш заяўляе пра сябе ў сельгаспрадукцыі.

Аднак не выпадае казаць, што ўся зямля, забруджаная радыенуклідамі, на сто адсоткаў непрыдатная з прычыны радыяцыі, маўляў, давайце не будзем яе выкарыстоўваць. Мусяць быць канкрэтныя тэхналогіі для кожнай плошчы. Абачлівыя навукоўцы раяць: калі можна на той ці іншай тэрыторыі, напрыклад, займацца каняводствам альбо вырошчваць насенне, перакрываючы ланцужок пераходу радыенуклідаў з прадукцыі наўпрост да чалавека, то варта такія землі выкарыстоўваць. Але толькі з улікам тэхналогій, якія рэкамендуе навука, і абавязковай абаронай механізатараў ды іншых спецыялістаў, што працуюць на заражаных землях.

Практыка паслячарнобыльскага перыяду паказвае, што ў некаторых месцах дзяржаўныя структуры да апошняга часу схільныя былі да механічнага пераводу населеных пунктаў і тэрыторый з шэрагу забруджаных у больш чыстыя, не надта зважаючы на іх рэальны стан. Выгада, маўляў, для ўрада відавочная: не трэба выдаткоўваць сродкі на пераспецыялізацыю гаспадарак, на абавязковыя праграмы аздараўлення людзей.

Малыя дозы – вялікія праблемы

Існуючыя ў Беларусі нормы радыяцыйнай бяспекі (РДУ) дазваляюць спажыванне ў ежу ялавічыны з утрыманнем цэзію-137 да 500 бекерэляў на кілаграм, малака – да 100, грыбоў – да 370, лясных ягад – да 185, бульбы – да 80, хлеба – да 40 бекерэляў на кілаграм. Гэта надзвычай лагодныя ўзроўні нават у параўнані з бліжэйшымі суседзямі. Стронцый таксама «не супрацьпаказаны» – нашы санітарныя нормы дапускаюць утрыманне яго ў асноўных прадуктах да 3,7, у вадзе – 0,37 бекерэля. Менавіта праз харчовыя прадукты ў пасляаварыйны перыяд у арганізм чалавека трапляе 94 працэнты ўсіх радыенуклідаў, яшчэ 5 – з вадой, адзін адсотак – праз дыхальныя шляхі.

Як унутранае апраменьванне нават у адносна невялікіх дозах уплывае на здароўе чалавека, павінны казаць вучоныя. Не чуваць іх голасу. У 90-я гады мінулага стагоддзя гэтай тэмай актыўна займаўся калектыў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам тагачаснага рэктара прафесара Юрыя Бандажэўскага. Вывучаўся стан здароўя многіх тысяч дзяцей і дарослых, вяліся клініка-лабараторныя даследаванні і эксперыменты на жывёлінах.

З апублікаваных тых даследаванняў вынікае, што радыенукліды цэзію, пранікаючы ў арганізм чалавека з прадуктамі, актыўна далучаюцца, у прыватнасці, да сардэчных мышцаў, ствараючы ў клетках эфект энергетычнага голаду. Яны першымі і выкарыстоўваюць цэзій, утылізуюць яго. З гэтай прычыны ўзнікаюць сардэчна-сасудзістыя праблемы, у тым ліку інфаркт міякарда. Негатыўна ўплывае цэзій і на іншыя сістэмы чалавечага арганізма. Праўда, у даведках наконт прычыны смерці медыцына піша проста: «інфаркт» альбо «сардэчная недастатковасць», калі спынілася сэрца.

Калі «гарачая часціца» запала, скажам, у лёгкае – і тут знойдзецца «апраўданне» радыяцыі. Але ж факт застаецца фактам: няма добрых радыенуклідаў. Любая іх колькасць згубна ўплывае на арганізм. І, відаць, нездарма ў рэгіёне рэгіструюць у аднаго чалавека і па дзве, і па тры ракавыя пухліны рознага кшталту.

Прафесар Бандажэўскі, памятаецца, гаварыў папулярнай мовай пра ўздзеянне малых доз радыяцыі: «Радыенуклід, пранікаючы ў арганізме ў жывую клетку, проста атручвае яе».

Але паглыбляць даследаванні Юрыю Бандажэўскаму не далі: абвінавацілі ў хабарніцтве і адправілі за краты. Прычым кіраваў паляваннем на прафесара «барацьбіт» з карупцыяй у міліцэйскіх пагонах, які сам пасля хаваўся ў Расіі ад крымінальнага пераследу.

Цяпер знаны навуковец Бандажэўскі жыве і працуе ва Украіне. Ён аўтарытэтна заяўляе, што Чарнобыль нікуды не сышоў. Доўгажывучыя радыеэлементы дагэтуль прысутнічаюць у глебе, раслінах не толькі ў «зоне», але і на значнай адлегласці ад Чарнобыльскай АЭС.

Даследуючы ўкраінскія тэрыторыі, якія пацярпелі нават менш за беларускія, навукоўцы выявілі ў 70 працэнтаў дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў парушэнні абмену жыццёва важных амінакіслот, у прыватнасці метыяніну. Гэта прыводзіць да анкалагічных захворванняў, парушэнняў згусальнасці крыві. І, як вынік, развіваюцца трамбозы, інфаркты, інсульты. Гэтым і тлумачацца раптоўныя смерці ў маладым узросце.

Даволі небяспечным, як паказваюць апошнія даследаванні, з’яўляецца выкарыстанне для побытавых патрэб драўніны з наяўнасцю радыеактыўных элементаў.

Плутоній не выграбеш

Канешне, актыўнасць такіх элементаў, як цэзій-137 і стронцый-90, з цягам часу пакрысе змяншаецца. Перыяд іх паўраспаду каля 30 гадоў. Патрэбна 8–10 перыядаў паўраспаду, каб зямля самаачысцілася. Значыць, бяспечнымі па цэзіі і стронцыі землі могуць стаць праз 240 гадоў.

Адначасова нельга забывацца на трансуранавыя элементы, большасць якіх у выглядзе ядзернага паліва выпала пасля чарнобыльскай катастрофы на тэрыторыі Беларусі. І найперш на цяперашніх землях Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Перыяд паўраспаду плутонію-239 складае 24 тысячы гадоў. Яго граблямі не выграбці, плугамі не заараць і праз сто тысяч гадоў.

Будзе ўзрастаць ажно да 2058 года і магутнасць амерыцыю-241, прадукту паўраспаду плутонію-241. Напалову ён распадзецца праз 432 гады. Няцяжка падлічыць, цягам якога перыяду амерыцый будзе пагражаць чалавеку.

Так што «аднаўляць жыццё» і «рабіць чарговы крок» у развіцці пацярпелых ад Чарнобыля зямель, і асабліва ў радыяцыйным запаведніку, на мой погляд, выглядае даволі праблемным і надзвычай рызыкоўным для здароўя людзей.

Анатоль ГАТОЎЧЫЦ,

удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986–1987 гадах.

Публікацыя – з № 33 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: