Фото с сайта zautra.by

Жнівеньскія падзеі, безумоўна, паўплывалі на планы беларускіх літаратараў. Яны не спяшаюцца аддаваць у друк напісанае да поствыбарчых часоў. Даволі сціплыя выдавецкія набыткі разглядае ў штомесячнай рубрыцы “Радыё Свабода”.

Паэзія

Кніжныя навінкі на бліжэйшы месяц
«Scriptorium». Зборнік твораў Школы маладога літаратара. Мінск, «Кнігазбор»

Гэта адмысловая справаздача выпускнікоў школы, якая дзейнічае пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў, за 2019/20 навучальны год. У ёй 23 аўтары, абсалютная бальшыня якіх – вершаскладальнікі. Што лішні раз паказвае слушнасць сцверджання пра Беларусь як краіну паэтаў. А яшчэ зборнік адлюстроўвае стан білінгвізму і грамадскага самапачування маладых творцаў. Метафарычнае тлумачэнне гэтым з’явам паспрабаваў зрабіць Антон Саладоўнікаў:

* * *
Радзіма з акцэнтамі «Родины»
Вучыла маўчаць мяне з садзіка.
Хрыстос прызямліўся ў Гародні,
Але толькі для перасадкі.
Айчына па слоўніку Сталіна
Тлумачыла добрае, вечнае,
Таму і сучаснасць – рэстайлінг
Савеччыны.

Проза

Кніжныя навінкі на бліжэйшы месяц
Славамір Равіч. «Доўгі шлях». Пераклад з ангельскай Віталя Абрамовіча. Мінск, «Кнігазбор»

Надрукаваная ў Брытаніі ў 1956 годзе кніга выклікала сапраўдны фурор. Напісаная ў жанры прыгодніцкага раманe на дакументальных фактах, яна стала адным з першых сведчанняў на Захадзе пра жахі савецкай рэпрэсіўнай сістэмы. Асаблівую папулярнасць твор займеў у Злучаных Штатах Амерыкі дзе паводле яго сюжэту вядомы галівудскі рэжысёр Пітэр Вір нават зняў фільм «The Way Back».

…Увосень 1939 году малады паручнік польскай кавалерыі Славамір Равіч трапляе ў самае пекла пачатку Другой сусветнай вайны. Пасля паразы польскага войска ён вяртаецца ў родны Пінск, дзе яго ўжо чакаюць каты з НКУС. Маладога афіцэра дапытваюць у вязніцах Менску, Харкава і маскоўскай Лубянкі, пасля чаго ссылаюць на 25 гадоў прымусовых працаў у сібірскі лагер № 303. Але Славамір і не падумаў здавацца камуністычным людажэрам. Разам з шасцю вязнямі ён уцякае на поўдзень. Да поўнага выратавання ўцекачы прайшлі больш за 6000 кіламетраў, маючы пры сабе толькі сякеру, нож і мару пра свабоду.

Кніга Славаміра Равіча стала бестсэлерам і была перакладзеная на 25 моваў свету. І вось нарэшце з гэтым творам могуць пазнаёміцца і беларускія чытачы.

Дзіцячая літаратура

Кніжныя навінкі на бліжэйшы месяц
Вольга Шчукіна. «Чарадзейны крышталь, або Нечаканы госць». Мінск, «Кнігазбор»

Юныя чытачы ўжо ведаюць імя аўтаркі па яе першай кнізе «Падказкі ў казках доктара Компі». Новая кніга – гэта аповесць-казка пра Мараша, маленькага ведуна з суседняга сусвету, і пра дзесяцігадовых Светку і Віцьку з Мінску. Іх неверагодныя і захапляльныя прыгоды пачаліся тады, калі Мараш нечакана зʼявіўся ў пакойчыку Светкі, шукаючы Чарадзейны Крышталь…

Нон-фікшн

Кніжныя навінкі на бліжэйшы месяц
Вячаслаў Ракіцкі. «Беларускі тэатар на скрыжаваннях лёсаў і эпох». Мінск, «Янушкевіч»

Імя аўтара добра вядомае кожнаму, хто цікавіцца тэатрам у Беларусі. У выданні сабраныя матэрыялы больш чым саракагадовай руплівай дзейнасці Вячаслава Ракіцкага ў галіне тэатразнаўства і тэатральнай крытыкі. Ягоная новая кніга – гэта фаліянт з 520 старонак у вялікім фармаце, сапраўдны фундаментальны збор, без якога вывучэнне ці нават проста азнаямленне з феноменам сучаснага беларускага тэатра будзе цяпер немагчымым.

Літаратурныя падзеі ў траўні

5 траўня – абвяшчэнне кароткага спісу прэміі Наталлі Арсенневай.

6 траўня – лекцыя гісторыка і паэта Антона Рудака «З гісторыі менскага падполля». Антон распавядзе, як падпольшчыкі змагаліся з акупантамі ў Менску, як зарадзіўся гэты рух, а таксама пачытае свае вершы, якія былі напісаныя па матывах ваенных падзеяў. Літаратурны музей Максіма Багдановіча, 19:00.

19 траўня – анлайн-прэзентацыя новай кніжнай серыі Gradus і кнігі «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча з удзелам Марыі Мартысевіч і Андрэя Антонава, 19:00.

20 траўня – уручэнне прэміі Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу, напісаную на беларускай мове. Анлайн, 19:00.

Поделиться ссылкой: