Каля суда Чыгуначнага раёна – людзі слухаюць сваякоў фіругантаў крымінальнай справы, якія толькі што выйшлі з судовага пасяджэння. Фота: Анатоль ЛІПСКІ

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 3 мая выступіў з апошнім словам Дзмітрый Івашкоў, чацвёрты фігурант крымінальнай справы з ліку давераных асобаў і актывістаў экс-кандыдата ў прэзідэнты  Святланы Ціханоўскай,  абвінавачаных у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і планах захопу адміністрацыйных будынкаў.

Прысутная ў зале суда жонка Дзмітрыя Святлана Івашкова паведаміла журналісту “Народнай Волі”, што муж падзякаваў усім нераўнадушным беларусам за салідарнасць і падтрымку. Сказаў, што перадвыбарчую кампанію каманда Ціханоўскай вяла на законных падставах,  не парушаючы беларускага заканадаўства. Аднак, тыя,  хто цяпер пры ўладзе, не могуць супернічаць з апанентамі  па закону, бо не ведаюць такога слова – “закон”.

Як кажа Івашкоў, крымінальная справа пабудавана на прыдумках і домыслах. Адзіным доказам нібыта злачыннай дзейнасці з’яўляецца відэазапіс сустрэчы давераных асобаў з Ціханоўскай, распаўсюджаны СК яшчэ да пачатку суда. Відэазапіс той, настойвае Дзмітрый, змантажаваны. На пачатку эксперт, які даваў заключэнне, заяўляў  на судзе: каб спраўдзіць быў мантаж ці не, патрэбна тэхніка,  на якой зроблены відэазапіс. Аднак эксперт яе так і не атрымаў. Пазней гэты ж эксперт зрабіў заключэнне без наяўнасці тэхнікі, што “відэа не было змантажавана”.

Паводле Святланы,  муж сказаў таксама ў апошнім слове, што “для яго прэзідэнт – Святлана Георгіеўна Ціханоўская,  якая набрала на выбарах найбольшую колькасць галасоў. Яна вымушана пакінула Беларусь”. Сваю прамову Івашкоў скончыў словамі: “Жыве Беларусь!”

Іншыя тры фігуранты гучнай крымінальнай справы выступілі з апошнім словам на мінулым тыдні. Ніхто з іх не прызнаў віны.

Нагадаем, што пракуроры Мікушаў і Астапенка, якія падтрымлівалі абвінавачванне,  запрасілі для Юрыя Уласава шэсць з паловай гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Шасцю гадамі пазбаўлення волі ў такой жа калоніі прапанавана пакараць  Аляксандра Шабаліна і Дзмітрыя Івашкова. Для шматдзетнай маці  Таццяны Канеўскай пракуроры таксама запрасілі  шэсць гадоў зняволення, але ў  калоніі  агульнага рэжыму.

Адвакат Яўген Грабоўскі, які прадстаўляе інтарэсы Юрыя Уласава, паведаміў у гутарцы з журналістам “Народнай Волі”, што ў судовых спрэчках ён звяртаў увагу на адсутнасць “дастатковых доказаў віны у тых дзеяннях, у якіх фігурантаў справы абвінавачваюць. Пачакаем рашэння суда”.

Вырак суда будзе абвешчаны 4 мая ў 14:30. Журналістаў незалежных СМІ па-ранейшаму на суд  не дапускаюць, спасылаючыся на пандэмію каранавіруса і абмежаванасць месцаў у судовай зале.

Анатоль ЛІПСКІ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: