Мікола Ермаловіч

Памятаю, як у сярэдзіне 1970-х з рук у рукі хадзіў па Мінску размножаны на капіравальным апараце машынапісны тэкст пад назвай «Сто старонак». Тэкст быў без подпісу, але чытачы ведалі: яго аўтар Мікола Ермаловіч. Гэта была сур’ёзная гістарычная праца, у якой насуперак тагачаснаму афіцыёзу сцвярджалася, што мы, беларусы, – самастойная еўрапейская нацыя, што ніякія літоўцы ніколі нас не заваёўвалі, а Вялікае Княства Літоўскае – наша старажытная дзяржава.

З надыходам галоснасці тыя «100 старонак» былі выдадзены асобнай кнігай – як «Гісторыя аднаго міфа», прычым масавым накладам. Следам прыйшла да чытача і Ермаловічава «Старажытная Беларусь», за якую аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (такіх лаўрэатаў усяго трое; прэмія пасля прыходу да ўлады А.Лукашэнкі была скасавана).

А пазнаёміліся мы з Міколам Іванавічам у 1988 годзе ў майстэрні мастака Аляксея Марачкіна. Запомніўся ён мне тактоўна ўважлівым у размове, у ім не было ні кроплі самаўпэўненасці. Перакінуліся коратка ўражаннямі ад тагачаснае перабудовы, што разнявольвала грамадскую думку, руйнуючы застарэлыя міфы, рэабілітуючы многія імёны. Праз год праз Беларускі фонд культуры мы запрасілі Ермаловіча выступіць з лекцыяй «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці» перад беларусамі ў Маскве. Ён прыехаў і прачытаў тую лекцыю проста бліскуча.

Прыгадваецца яшчэ адна мінская сустрэча вясной 1991 года. Гудзе пчаліным роем Дом літаратара – пачынаецца ўстаноўчы з’езд Міжнароднага аб’яднання беларусістаў. Ад гардэроба ў фае – даўжэзная чарга, кожны трымае ў руках набыты тут жа том «Старажытнай Беларусі». За сталом – знаёмая постаць у акулярах з тоўстымі шкельцамі, з навіслай над чалом густой пасмачкай валасоў… «Зорны час Ермаловіча!» – падумалася тады мне. Гэткую ж кнігу даслаў ён мне крыху раней – з кранальным надпісам: «Дарагому Аляксею Каўку з падзякай за яго плённую патрыятычную дзейнасць».

Пазней і я паслаў Ермаловічу сваю кнігу. І неўзабаве атрымаў ліст-адказ: «Дарагі Аляксей Канстанцінавіч! Найперш вялікі дзякуй Вам за выдатны навагодні падарунак усім нам, хто ахоплены духам барацьбы за жыццё нашай Бацькаўшчыны. Я маю на ўвазе Вашу цудоўную кнігу з назвай, якая гучыць клічам, – «Будам жыць!». Добрага Вам здароўя і далейшых новых поспехаў у Новым годзе! З найглыбейшай павагай М.Ермаловіч. 31.ХІІ.1998».

Яшчэ адзін памятны абразок – з Першага з’езда згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Тысячная грамада сабралася ў Оперным тэатры. Старшыня са сцэны запрашае ў прэзідыум Міколу Ермаловіча. Зала ўзрываецца воплескамі. І наш герой неяк нерашуча, нібы саромеючыся тых воплескаў, ідзе на сцэну, сядае поруч з Васілём Быкавым і Станіславам Шушкевічам…

Неяк у Ленінскай (будучай Нацыянальнай) бібліятэцы Мікола Іванавіч даверыў мне свае машынапісныя «Гутаркі» (самвыдавецкі часопіс, патаемна распаўсюджваўся ў 1970-я). Пачытаўшы іх, я адкрыў для сябе Ермаловіча-паэта. Двума вершамі з тых легендарных ужо «Гутарак» хачу падзяліцца і з чытачамі «Народнай Волі» – на 100-я ўгодкі выдатнага гісторыка-патрыёта. Са спадзяваннем, што зорны час Ермаловіча, зорны час Беларусі – не за гарамі.

Аляксей КАЎКА, доктар філалагічных навук.

***

Мікола ЕРМАЛОВІЧ

Чужое і сваё

Чужыя кветкі на нашым полі,

Чужыя зоркі у нашым небе.

Чужыя кветкі нам душы труцяць,

Чужыя зоркі нас з тропаў зводзяць.

Чужыя кветкі хутчэй мы вырвем,

Чужыя зоркі смялей мы згасім.

Свае засеем мы кветкі ў полі,

Свае запалім мы зоркі ў небе.

Свае нам кветкі душу ўваскросяць,

Свае нам зоркі шляхі пакажуць.

Ля замчышчаў даўніх

Невясёлыя думкі маркоцяць мяне,

Калі бачу я замчышчаў даўніх вышыні.

Там кавалася слава маёй старане,

Там калісьці былі нашай волі цвярдыні.

Ды ў віхурах вякоў не ўтрымаліся там

І спаўзлі мы наніз, у бясслаўе упаўшы.

Як далёка нам, сённяшнім ціхім рабам,

Да грымотных вышыняў мінуўшчыны нашай!

Публікацыя – з № 32 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»