Ніна Анцулевіч. Фота аўтара
Ніна Анцулевіч. Фота аўтара

Пенсіянерка з Гродна Ніна Анцулевіч на працягу трох месяцаў дамагаецца, каб міліцыя вярнула канфіскаваны ў яе бел-чырвона-белы сцяг.

«Я проста прала бялізну…»

26 студзеня Ніна Канстанцінаўна прала бялізну, у тым ліку і бел-чырвона-белы сцяг, якую потым павесіла сушыць на ўласнай зашклёнай лоджыі.

На наступны дзень у кватэру да пенсіянеркі заявіліся аж два міліцыянеры: нейкі «добразычлівец» патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў аб «парушэнні грамадскага парадку».

Спадарыня Ніна тлумачыла, што папросту прала бялізну і зараз яе сушыць і прасуе. Але гэты аргумент не быў прыняты да ўвагі. Сцяг давялося зняць. Міліцыянеры аб’явілі, што забіраюць яго, і тут жа ў кватэры пачалі складаць пратакол, у якім напісалі, што жанчына зладзіла адзіночны пікет.

Далей пенсіянерку запрасілі праследаваць у РАУС «згодна з працэдурай». Там ужо іншым супрацоўнікам ёй давялося тлумачыць, што прала бялізну і вывесіла яе сушыць.

«А што, сцяг так неабходна праць?» – дапытваўся таварыш міліцыянер.

Жанчына парыравала, што ўсе рэчы час ад часу трэба мыць. Супрацоўнік, відаць, не паверыў і пачаў палохаць, што Анцулевіч могуць «закрыць» на 72 гадзіны.

Адміністрацыйны пратакол спадарыня Ніна падпісала, але з прыпіскай, што з ім не згодна. Далі падпісаць яшчэ адну паперу, у якой яна давала абяцанне па першым выкліку з’явіцца ў суд. Там быў адзін радок, які здзівіў спадарыню Ніну: «віну прызнаю». З гэтым жанчына не пагадзілася, давялося таварышу міліцыянеру яго выкрасліць.

Праз тры гадзіны яе ўсё ж адпусцілі.

У судзе – 20 базавых

Перад тым як ісці ў суд, Ніна Канстанцінаўна напісала хадайніцтва, у якім патрабавала вярнуць ёй бел-чырвона-белы сцяг.

– Аргументавала тым, што, па-першае, гэта мая маёмасць. А па-другое, распісала ўсю гісторыю з’яўлення сцяга, патлумачыўшы, што менавіта гэты сцяг мне дарагі, паколькі яго падараваў блізкі чалавек, якога ўжо няма на свеце, – распавядае спадарыня Ніна. – На пачатку працэсу хадайніцтва ўручыла суддзі Гурыну, які вёў пасяджэнне. Той азнаёміўся і даў мне свае тлумачэнні: маўляў, лёс сцяга ў судовым пасяджэнні вырашацца не будзе, паколькі ў матэрыялах справы адсутнічаюць дакументы аб прызнанні сцяга рэчавым доказам і пастанова аб накладанні арышту на маёмасць. А таму, маўляў, па гэтым пытанні звяртайцеся ў РАУС.

Падчас працэсу Ніна Канстанцінаўна зноў даводзіла, што ніякага адзіночнага пікета не было, а мела месца бытавое хатняе дзеянне.

– Прадстаўнік міліцыі мне на гэта заўважыў: маўляў, чаму вы сцяг павесілі на вяроўцы, не склаўшы яго, а прышчапілі прышчэпкамі ва ўсю даўжыню? – згадвае жанчына. – Я нават не знайшла, што адказаць.

Спробы распавесці ў судзе гісторыю Беларусі таксама плёну не далі.

Суддзя Гурын палічыў 67-гадовую пенсіянерку Ніну Анцулевіч вінаватай у правядзенні адзіночнага пікета на яе лоджыі і аштрафаваў на 20 базавых велічынь.

«Няма ключоў ад шафы»

Праз некалькі дзён, спасылаючыся на рашэнне суда, у якім было запісана, што ў судовым пасяджэнні лёс сцяга не разглядаўся, Ніна Канстанцінаўна напісала ліст у РАУС з просьбай вярнуць ёй сцяг. Не дачакаўшыся адказу на працягу двух тыдняў, напісала паўторна ліст, але ўжо з патрабаваннем вярнуць ёй сцяг.

Яшчэ праз нейкі час спадарыня Анцулевіч пайшла на прыём да кіраўніка Ленінскага РАУС, які запэўніў яе, што адказ ёй адносна яе справы дадуць, згодна з законам, у адпаведны тэрмін.

Адказ прыйшоў, цытуем: «Перадаць вам канфіскаванае на стадыі падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні палатно бел-чырвона-белага колеру з гербам Пагоня не прадстаўляецца магчымым, паколькі пастанова суда Ленінскага раёна ад 10 лютага не ўступіла ў законную сілу». Справа ў тым, што спадарыня Ніна падала апеляцыю ў абласны суд на рашэнне Ленінскага суда.

Ніна Канстанцінаўна напісала яшчэ адзін ліст, адрасаваны і ў РАУС, і ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, і ў пракуратуру, у якім пыталася, якая сувязь паміж пастановай суда, што не ўступіла ў законную сілу, і вяртаннем ёй яе маёмасці, і прасіла ўказаць канкрэтныя законы, якія тлумачаць паводзіны органаў правапарадку ў дадзенай сітуацыі.

Адказ прыйшоў з Ленінскага РАУС, у ім было сказана, што па гэтым пытанні спадарыня Анцулевіч павінна звярнуцца ў Ленінскі РАУС, папярэдне ўзгадніўшы гэта з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі спадаром Вайцешкам па тэлефоне.

На наступны дзень Ніна Канстанцінаўна паўдня тэлефанавала па названым тэлефоне – безвынікова. Вырашыла сама пайсці ў Ленінскі РАУС. Вайцешкі не аказалася на месцы, праўда, з ім стэлефанаваліся і ён сказаў, каб жанчына прыходзіла назаўтра а 9-й раніцы. Прыйшла. У вестыбюль спусціўся супрацоўнік аддзела аховы правапарадку і патлумачыў, што сцяг яна сёння не атрымае: маўляў, няма ключоў ад шафы, дзе ляжыць рэч, а патрэбны супрацоўнік у адпачынку. Параіў зайсці праз тыдзень.

На наступны дзень спадарыня Ніна зноў напісала лісты ў тры інстанцыі, распавёўшы, што не можа вярнуць сваю маёмасць з Ленінскага РАУС па прычыне таго, што ў супрацоўнікаў няма ключоў ад шафы. Не дачакаўшыся адказаў, прыйшла праз тыдзень у РАУС. Да яе спусціўся супрацоўнік і аб’явіў: «Сцяг мы вам не вернем. Мы падаём у суд позву адносна яго канфіскацыі».

Жанчына напісала чарговы абураны ліст, зарэгістравала ў дзяжурнага. Ёй патлумачылі, што адказ дадуць ва ўстаноўлены законам тэрмін.

«Так нельга!»

Сцяг падарыў Ніне Канстанцінаўне блізкі чалавек, якога ўжо няма на свеце. Яна законапаслухмяны чалавек з вышэйшай адукацыяй, шмат гадоў была супрацоўніцай Нацыянальнага банка і нават уявіць не магла, што з ёй так могуць абысціся ў праваахоўных органах.

– Урэшце, я лічу бел-чырвона-белы сцяг нашым нацыянальным сцягам, – падкрэслівае жанчына. – І такое цвёрдае перакананне ў мяне склалася яшчэ напрыканцы 1980-х.

Ніна Канстанцінаўна заўсёды цікавілася гісторыяй Беларусі, прачытала шмат літаратуры, наведвала лекцыі і сустрэчы з адмыслоўцамі ў гэтай галіне, заўсёды цікавілася падзеямі ў краіне, пастаянна чытала як дзяржаўную, так і незалежную прэсу.

– Я шакіравана такім стаўленнем! – падсумоўвае спадарыня Анцулевіч. – Так нельга ставіцца ні да сцяга, ні да чалавека!

У адным з лістоў у міліцыю Ніна Канстанцінаўна напісала словы Фазіля Іскандэра аб чалавечай прыстойнасці: «Чалавек павінен заставацца прыстойным заўсёды, і гэта магчыма пры любой уладзе і пры любых умовах. Прыстойнасць не прадугледжвае геройства, яна прадугледжвае няўдзел у подласці».

Днямі пенсіянерка Ніна Анцулевіч атрымала з РАУС ліст, у якім паведамлялася, што ў суд пададзены іск аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга прадметам правапарушэння.

Публікацыя – з № 32 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: