Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Мінскае веласіпеднае таварыства адмовілася ад масавага заезду, прысвечанага адкрыццю сезона, бо гарадская ўлада выставіла непрымальныя патрабаванні. Затое праз некалькі дзён адбыўся веласіпедны заезд, у якім удзельнічалі 50 чыноўнікаў Мінгарвыканкама і міліцэйскіх начальнікаў.

Той, хто выходзіў пехатою
На шэсце, мітынг ці пікет,
Аштрафаваны быў за тое.
Хто ж асядлаў веласіпед,
Таго каралі болей строга
«Мянты», а потым і суды:
Парою нават да астрога
Вялі пакутнікаў сляды.
Мы помнім: «касманаўты» нашы,
Як палявалі бунтароў,
І брата Домрачавай Дашы
Лупілі так, што будзь здароў,
Калі ён на веласіпедзе
Рабіў на вуліцы заезд,
Як быццам той, хто проста едзе,
Гучней выказвае пратэст.
І раптам веласіпедысты
Заезд задумалі ў гурбе.
Ці ж гэта не намёк празрысты
Аб іх з уладай барацьбе?
Хоць кажуць, што заездам гэтым
Адкрыць збіраюцца сезон,
Ды хто ж паверыць прайдзісветам?
Гарвыканкам – не ахламон!
Няхай пакажуць поўны спісак
Тых, хто гатоў качаць правы
(Яны цяпер хлябтаюць з місак
Паноў і з Польшчы, і з Літвы);
Якія ў іх маршрут, праграма?
Няхай паведамяць яны!
Сталічнага гарвыканкама
Вялікаможныя чыны
Такія выставілі ўмовы

Дазволу простага замест.
Хіба што толькі безгаловы,
Бадай, згадзіўся б на заезд:
Як аддасі той спісак здуру,
Дзе ездакі пайменна ўсе,
Чыноўнік у пракуратуру
Яго адразу занясе,
Каб дапячы «непатрыётам»:
Як кажуць, трапяць пад каўпак,
Шукаць не трэба доўга потым,
Калі ў іх пойдзе што не так.
Ганебна гэта, скажам прама…
Але адбыўся ўсё ж заезд!
Чыноўнікі з гарвыканкама
Рашылі самі зладзіць фэст.
У хеўру тую запрасілі
Яны з міліцыі служак:
Калі чынуш пакінуць сілы,
Дык падтрымаюць, як-ніяк,
Бо хтось плюгавы, хтось пузаты –
Усіх «заклікалі ў сядло»
(Цяпер службоўцы – як салдаты),
Каб дзейства масавым было.
Катацца могуць без дазволу
(Як трэба, дык напішуць тры!).
І хто ж прышые ім крамолу?
Яны – жыцця гаспадары.

***

Займелі ўлады да халеры
І верхаводы, і чынкі.
Распаясаліся без меры,
І ў іх, відаць, дэвіз такі:
«Сурова, жорстка пакараем
Усіх, хто з намі ў барацьбе!
А Беларусь сапраўдным раем
Мы зробім толькі для сябе…»

Гумар і сатыра

Адзін пісьменнік быў з пахмелля,
І ён мне выказаўся шчыра:
– Як гумар твой не зразумелі,
Дык гэта, значыцца, сатыра.

Пытанне без адказу

Пасля інтыму спіць адразу
(Сцвярджаюць так)
Мужчына ўсякі.
Чаму ж
(Няма, на жаль, адказу)
Так цяжка ловяцца маньякі?

«Рыбак»

– Скажыце: вы, можа, рыбак?
На хвілю задумаўся…
– Так.
Аднак жа не надта заўзяты:
Пад добрую закусь і ў святы.

Публікацыя – з № 32 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: