Паведамленняў аб тым, што мужчыны б’юць жанчын, не так ужо і мала ў крымінальных навінах. А вось пра хатнюю тыранію жонкі ў дачыненні мужа – рэдкасць. Тым не менш, здараецца і такое.

У Рагачове раённы суд прызнаў 43-гадовую кабету вінаватай у мардаванні мужа. Падчас сварак яна сістэматычна пабівала свайго сужэнца. Як толькі вып’е, так і абуджаецца ў ёй ваяўнічая “амазонка” і непрыязнасць. Двойчы жанчыну прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за пабоі мужу, трэці раз – за прычыненне яму псіхалагічных пакут.

Суд у Рагачове. Фота аўтара

Гэтым разам раённы суд на падставе ч.1 арт.154 Крымінальнага кодэкса пакараў кабету годам зняволення без штрафа, паведамляе прэс-служба Гомельскага аблсуда.

Адначасова вырашана не выконваць прызначанае пакаранне, калі цягам выпрабавальнага года асуджаная не ўчыніць новае злачынства і абавязкова адробіць 60 гадзін на грамадскіх працах, вызначаных міліцыяй.

Прысуд жыхарка Рагачова можа яшчэ аспрэчыць.

Поделиться ссылкой: