Сяргей Калякін. Фота: TUT.BY

10 верасня мінулага года кіраўнікі дзесяці палітычных партый паставілі свае подпісы пад рэзалюцыяй, у якой запатрабавалі спыніць гвалт і ў бліжэйшы час правесці новыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Вось фрагмент дакумента:

«Мы, прадстаўнікі палітычных партый, абмеркавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне і зараз патрабуем ад дзяржаўных органаў і службовых асоб прыняць усе неабходныя меры па спыненні гвалту ў дачыненні да грамадзян, якія рэалізуюць сваё канстытуцыйнае права на мірныя пратэсты, тэрмінова вызваліць усіх затрыманых, распачаць крымінальныя справы па фактах забойстваў, катаванняў, збіцця, адвольных затрыманняў для будучага прыцягнення да адказнасці вінаватых.

Таксама прапануем органам дзяржаўнай улады арганізаваць дыялог з прадстаўнікамі ўсяго спектра грамадска-палітычных сіл Беларусі па пытанні правядзення на працягу 6 месяцаў новых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Пад рэзалюцыяй паставілі подпісы прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (Ігар Барысаў), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (Сяргей Калякін), Рэспубліканскай партыі працы і згоды (Эдуард Нарышкін), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі (Уладзімір Александровіч), Рэспубліканскай партыі (Дзмітрый Кармазін), Аб’яднанай грамадзянская партыі (Мікалай Казлоў), Партыі БНФ (Рыгор Кастусёў), Беларускай партыі «Зялёныя» (Леанід Кучук), партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (Мікалай Лысянкоў), Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды (Сяргей Ярмак).

Праз нейкі час некаторыя партыі адхрысціліся ад сваёй датычнасці да рэзалюцыі. Напрыклад, Рэспубліканская партыя зрабіла заяву, што Дзмітрый Кармазін да іх арганізацыі не мае ніякага дачынення, бо быў выведзены з арганізацыі за некалькі месяцаў да таго, як паставіў подпіс ад імя партыі.

У снежні змянілася кіраўніцтва і ў Рэспубліканскай партыі працы і згоды, бо «з’явіліся сур’ёзныя рэчы, якія кампраметуюць партыю, зроблена спроба змяніць палітычную лінію ў бок апазіцыі».

Дарэчы, у рэзалюцыі быў і такі пункт: «заснаваць сход палітычных партый Рэспублікі Беларусь на пастаянна дзеючай аснове».

Мы вырашылі высветліць у аднаго з ініцыятараў таго сходу – лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея КАЛЯКІНА, чым закончылася іх восеньская ініцыятыва.

– Пасля таго як з’явілася рэзалюцыя, адбыўся «наезд» на партыі, а ў адной з іх нават меў месца рэйдарскі захоп арганізацыі, – кажа Сяргей Іванавіч. – У такіх умовах сход практычна немагчыма было збіраць у тым складзе, у якім планавалі. Больш-менш лаяльным да ўлад партыям, відаць, патлумачылі іх магчымы будучы лёс і тое, што яны павінны рабіць на гэты момант.

– Ніводнага сходу так і не адбылося?

– Пару раз збіраліся, але паступова перасталі прыходзіць прадстаўнікі лаяльных партый. І тады знікла неабходнасць у такіх сходах, бо апазіцыйныя партыі і так могуць сабрацца і нешта абмеркаваць.

Адным словам, трэба шчыра прызнацца: ініцыятыва аказалася нежыццяздольнай, бо многія, што называецца, занялі страусіную позу. У верасні яны былі абураны тым, што адбываецца ў краіне, вырашылі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, а далей улады на гэтыя партыі, напэўна, націснулі, і тыя ахаладзелі да ідэі, пад якой раней падпісаліся.

– У рэзалюцыі вы прапаноўвалі органам дзяржаўнай улады «арганізаваць дыялог з прадстаўнікамі ўсяго спектра грамадска-палітычных сіл Беларусі па пытані правядзення на працягу 6 месяцаў новых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Верылі, што гэта магчыма?

– Не верылі, а прапаноўвалі органам улады цывілізаваны выхад з той сітуацыі, якая склалася. І ў той жа час разумелі, што без жадання іншага боку ажыццявіць нашы прапановы немагчыма.

Асабіста мне падаецца, што дыялог – найлепшы выхад з любой крызіснай сітуацыі. І гэты дыялог з грамадствам улада павінна весці штодзень. Для гэтага ёсць інструменты – палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, у рэшце рэшт, парламент, дзе павінны прысутнічаць сапраўды абраныя народам прадстаўнікі.

Мы прапанавалі ўладам стварыць дыялогавую пляцоўку, але гэта нікога не зацікавіла. Хаця наша прапанова застаецца ў сіле, нягледзячы на тое, што шасцімесячны тэрмін, які пазначаны ў рэзалюцыі, ужо прайшоў. Заўважу: тая дыялогавая пляцоўка, якую прадстаўляе Васкрасенскі, — гэта не што іншае як фікцыя.

Дыялог, перамовы – гэта патрабаванне ўсіх разумных людзей у Беларусі і за яе межамі. А тыя, хто прапануе вырашэнне праблемы сілавым метадам, вядуць краіну ў прорву. Яны вядуць краіну да будучых узрушэнняў, распальваюць варожасць сярод людзей, якія прытрымліваюцца розных поглядаў.

Публікацыя – з № 32 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: