Андрэй Краўчанка. Фота: Bernd Thissen/dpa
Андрэй Краўчанка. Фота: Bernd Thissen/dpa

Спартсмен распавёў «Народнай Волі» падрабязнасці сваёй акцыі салідарнасці.

У мінулую нядзелю Андрэй Краўчанка абвясціў 10-дзённую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнямі. Акрамя таго, стала вядома, што спартсмен выставіў на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях, каб дапамагчы сем’ям палітычных зняволеных.

– Галадоўку я пачаў 25 красавіка ў 20.00, – распавядае Андрэй. – Ад ежы цалкам адмовіўся, толькі п’ю ваду. На сухую галадоўку не адважыўся, бо ў такім выпадку, як кажуць, згублю ўсе мышцы.

– Раіліся з жонкай і блізкімі перад тым, як пайсці на такі крок?

– Ні з кім не раіўся, гэта цалкам маё асабістае рашэнне. Было ўнутранае пасланне, я да яго прыслухаўся. Мне рэальна надакучыла глядзець на тое беззаконне і той абсурд, што творыцца ў краіне. Захацелася хоць нешта зрабіць у падтрымку тых, хто пакутуе ад гэтага беззаконня. Каб людзі разумелі, што яны не засталіся сам-насам са сваім горам, бачылі падтрымку іншых.

Так, безумоўна, здароўю галадоўка на карысць не пойдзе, па фізічнай форме будзе адкат месяцы на тры-чатыры. Але я да гэтага гатовы.

– Як адчуваеце сябе ў першыя дні пасля абвяшчэння галадоўкі?

– Першыя два дні было вельмі дрэнна. Спачатку пачаліся сутаргі, а другую ноч я наогул не спаў. Зябіла, увесь час адчуваў холад.

Але на трэці дзень галадоўкі стала лягчэй, відаць, арганізм аўтаматычна перайшоў на ўнутраныя рэзервы, калі зразумеў, што ежы не будзе.

– З дому ў гэты час нікуды не выходзіце?

– Чаму? Трэніроўкі я не адмяняў. Зразумела, што максімальную нагрузку не даю, бо і так трэба эканоміць сілы для арганізма, але трэніровачны працэс у любым выпадку працягваецца.

Я сабе распісаў комплекс практыкаванняў на ўсе групы мышцаў і прытрымліваюся гэтага комплексу. Кожны дзень раблю пэўную колькасць практыкаванняў, каб форму не губляць.

Але, натуральна, усё будзе залежаць ад самаадчування, бо адмыслова гвалціць арганізм не збіраюся. Тым больш што з кожным днём стан здароўя, відаць, будзе толькі пагаршацца. Ужо зараз часам цямнее ўваччу. Адчуваю, што энергія сыходзіць.

– Жонка не пераконвала, што не варта ісці на такія ахвяры?

– Яна мяне, наадварот, падтрымала і таксама адмовілася ад ежы на пэўны час. Не на дзесяць сутак, натуральна, але я ацаніў яе падтрымку.

Бог узнагародзіў мяне сілай волі, таму, думаю, усе складанасці вытрымаю годна.

Публикация – из № 32 газеты “Народная Воля”. Полный выпуск газеты можно скачать по ссылке.

Поделиться ссылкой: