Ілюстрацыйная выява. Крыніца aier.org

У Беларусі толькі кажуць пра пашырэнне функцый Савета бяспекі. А ў Казахстане такі орган даўно існуе. І, на думку многіх мясцовых палітолагаў, у выпадку форс-мажору ўтрымаць сітуацыю пад кантролем у краіне ён наўрад ці будзе здольным.

Некаторыя мяркуюць, што ўсё па-сапраўднаму пачалося пасля скону ўзбекскага прэзідэнта Іслама Карымава восенню 2016-га. Яго смерць так моцна шакавала яго калегу Нурсултана Назарбаева, што ён задумаўся пра новую формулу ўлады. Прыкладна ў гэты час Елбасы кінуў спробы знайсці эліксір маладосці і заняўся рэформай сістэмы кіравання. Пасля яе завяршэння 20 сакавіка 2019 года Назарбаеў падаў у адстаўку, перадаўшы штурвал улады функцыянеру Касыму Такаеву.

Аднак Такаева цяжка назваць сапраўдным прэзідэнтам. Усё таму, што паралельна працуе Савет бяспекі пад кіраўніцтвам Назарбаева. Чальцамі Савета бяспекі з’яўляюцца: прэзідэнт Рэспублікі Казахстан, старшыня Сената, старшыня парламента, прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, генпракурор, дырэктар МЗС, міністры абароны і МУС і іншыя.

Савет мае паўнамоцтвы канстытуцыйнага і кантрольнага органа, які стаіць над прэзідэнтам, урадам і ўсёй вертыкаллю. Але пры гэтым Саўбез РК вызвалены ад неабходнасці прымаць бягучыя рашэнні ў галіне дзяржаўнага кіравання, рэалізоўваць іх і, адпаведна, несці за іх палітычную адказнасць.

Такім чынам, цяпер Савет бяспекі, хутчэй, з’яўляецца інструментам, з дапамогай якога Назарбаеў працягвае ўтрымліваць уладу. Пасля сыходу Елбасы Савет як калегіяльны орган усёй эліты, гледзячы па ўсім, павінен забяспечыць мірны транзіт улады да Такаева або іншага пераемніка экс-прэзідэнта.

Між тым, ва ўсім велізарным масіве казахстанскай постназарбаеўскай футуралогіі Саўбез практычна не згадваецца. А калі згадваецца, то хутчэй як адна з фракцый улады, якая будзе граць дэструктыўную ролю ў лёсе краіны пасля з’яўлення некралогу вядома каго.

Справа ў тым, што сістэма кіравання, якую пакідае пасля сябе Назарбаеў, вельмі персаналізаваная. «Ён (Назарбаеў) быў аднаасобным кіраўніком. Калі яго пераемнік не будзе мінімум такім жа, то адбудзецца пераход да больш слабой стратэгіі і страты рэсурсаў», — адзначае выданне ZonаKZ.

Ці зможа пераемнік Назабаева быць падобным на папярэдніка? Дакладна не — з улікам таго, што ні ў аднаго прадстаўніка цяперашняй эліты Казахстана маштабу асобы, характару, і бэкграўнда ўзроўню Елбасы няма. Таму канфрантацыя за ролю лідара непазбежная. У ёй Савет бяспекі будзе, хутчэй, арэнай барацьбы або асобным суб’ектам у вайне за ўладу.

Палітолагі лічаць, што гэтая структура будзе як мінімум спрабаваць абмежаваць уладу Такаева (калі ён будзе пераемнікам). Той, у сваю чаргу, будзе спрабаваць наогул распусціць Саўбез. Вайна ў калідорах улады будзе цягнуцца, пакуль не з’явіцца фігура з рысамі новага Назарбаева.

Яшчэ больш песіместычны прагноз выдаў у мінулым годзе спецыяліст берлінскага Фонду навукі і палітыкі Себасцьян Шык. Аналітык згодны з тым, што Назарбаеў занадта доўгі час быў нязменным лідарам рэспублікі, паўнавартаснай альтэрнатывы якому сярод чыноўнікаў пакуль не праглядаецца. Таму пасля яго сыходу расколу ў эліце не пазбегнуць.

Але таксама можна дапусціць, што кулуарна нейкую канкрэтную і адзіную кандыдатуру пераемніка, які ўсіх задавальняе, узгадніць не атрымаецца. Таму ўжо праз два-тры месяцы прыйдзецца правесці больш-менш свабодныя выбары ў краіне. Маўляў, няхай усё вырашыць народ.

Такі сцэнар, як лічыць Шык, абернецца для эліты сапраўдным фіяска. Недзе з нетраў сярэдняй вертыкалі або дробнага бізнесу з’явіцца кандыдат з моцнай харызмай, здольны рабіць рэтрансляцыю народнай думкі. Граючы на папулісцкіх лозунгах такі палітык зможа стаць народным кумірам, фаварытам прэзідэнцкай кампаніі. Прычым, спробы ЦВК зняць папуліста з выбарчай гонкі будуць толькі падымаць яго рэйтынг. Трыумф такога кандыдата ў выніку непазбежны.

Але ключавы момант такога сцэнару ў іншым. Каб стаць сваім у вачах сярэдняга казаха, падобны палітык будзе абавязкова ўжываць нацыяналістычную рыторыку. Міма гэтага не пройдуць у Маскве, якая адразу пачне мусіраваць тэму пагрозы для рускамоўных жыхароў Паўночнага Казахстана.

Калі верыць нямецкаму спецыялісту, ужо на наступны дзень пасля выбараў прыкладна ў сарака раёнах Паўночнага Казахстана, населеных у значнай меры этнічнымі рускімі, пачнуць дзейнічаць так званыя «атрады самаабароны». Адначасова на мяжу з Казахстанам падцягнецца расійскі спецназ. Усё гэта, калі верыць Шыку, выкліча ў Казахстане крызіс, раскол краіны і канфлікт з Расіяй.

Нельга сказаць, што прагноз Шыка заходзіць «на ўра». Некаторыя казахстанскія эксперты лічаць, што ў разважанні нямецкага палітолага праглядаюцца аналогіі з Крымам і нават «некаторымі галівудскім блокбастэрамі». З боку аптымістаў гучыць меркаванне, што кантроль над сітуацыяй у постназарбаеўскім Казахстане эліце неяк удасца захаваць. Аднак у любым выпадку ў падобных разважаннях няма ніводнай згадкі пра Савет бяспекі.

Поделиться ссылкой: