На Шчучыншчыне, у пасёлку Жалудок, праз аўкцыён прададуць палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы ансамбль Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок

Палацава-паркавы ансамбль Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна ў мінулым годзе быў канфіскаваны ў расійскага ўладальніка. А зараз яго плануюць выставіць на таргі. Такую інфармацыю на сваёй старонцы ў Facebook змясціў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

У комплекс палаца ўваходзіць некалькі пабудоў: палац, флігель, кузня, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі былога парку ў пасёлку Жалудок. Сядзіба з’яўляецца комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “2” і ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На Шчучыншчыне, у пасёлку Жалудок, праз аўкцыён прададуць палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы ансамбль Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок

З 1992 года гаспадарчая дзейнасць у Сядзібе не праводзілася, зрэдку мясцовыя краявіды выкарыстоўвалі для здымкаў кінафільмаў і музычных кліпаў.

У 2014 годзе гісторыка-культурная каштоўнасць перайшла да новага ўладальніка.

“Была надзея, што ён зробіць захады па аднаўленні гістарычнай каштоўнасці і ўключэнню яе ў гаспадарчы абарот, і дасць комплексу новае жыццё”, – напісана ў фэйсбуку старшыні Гродзенскага аблвыканкама.

Але ў 2015 – 2018 гадах пракуратура раёна правяла праверкі па выкананню заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Тады было выяўлена, што тэхнічны стан комплексу нездавальняючы, а ўласнік аб’екта не прадпрымае належных мер па захаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму ў 2019 годзе пракуратура Шчучынскага раёна прад’явіла іскавую позву аб канфіскацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. 30 верасня 2020 году суд раёна задаволіў позву. Рашэнне суда не было абскарджана і ўступіла ў законную сілу 10 лістапада 2020 года.

У цяперашні час плануецца правесці ацэнку стану палацава-паркавага комплексу і выставіць яго на аўкцыён.

Поделиться ссылкой: