“Цяпер без працы, але гэта не канец...”
Фота: Любоў Сарлай, фота Міхала КАРНЕВІЧА

Гродзенская актывістка Любоў Сарлай лічыць, што яе несправядліва звольнілі з працы па артыкулу. Яна не падае духам, шукае новае месца, дзе найбольш будзе карыснай для людзей і ўпэўнена, што ўсё ў нашым жыцці хутка зменіцца.

Толькі не 25-га…

Любоў Сарлай стала вядомай не толькі гродзенцам, але і многім жыхарам Беларусі пасля таго, як яе асудзілі за тое, што гуляла па цэнтру гораду ў штанах з бел-чырвона-белымі лампасамі. Хаця, насамрэч Любоў неаднойчы затрымлівалі і падчас акцый пратэсту ў Гродне.

Яна працавала аператарам у адным з гарадскіх аддзяленняў “Белпошты”. Гісторыя з яе працай пачалася з таго, што яна напісала заяву, каб 25 сакавіка ёй прадставілі выходны дзень. Начальства з гэтым не пагадзілася.

“Мне казалі можаш браць потым хоць некалькі выходных, але толькі не 25-га”, – згадвае Любоў.

Тым не менш, жанчына на працу 25-га не выйшла, за яе працаваў іншы чалавек. Але 25 сакавіка да Сарлай дадому прыйшлі міліцыянеры і адвезлі ў пастарунак. Аказваецца, нехта ў той дзень паклаў на гары перад замкам вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Высвятлялі ці спадарыня не мае да гэтага дачынення.

На працы прамаўчалі за прапушчаны дзень і ніякіх спагнанняў не рабілі.

“У прынцыпе дырэктар бачыла, што я работнік абавязковы і адказны, – мяркуе жанчына. – Мне ніколі ніякіх заўвагаў не было ні ад начальства, ні ад людзей якіх я абслугоўвала. Ды і працоўны стаж у мяне там ужо з 2008 года”.

Тым не менш на просьбу спадарыні Любові перавесці яе ў іншае аддзяленне сувязі, каб было зручней давозіць дзетак у садок, начальства не адрэагавала. А яшчэ ў красавіку атрымала заробак меншы, чым месяц раней.

“У мяне за месяц атрымаўся заробак – 380 рублёў. – канстатуе жанчына. – А я на працы з раніцы і дахаты вярталася а 20-й гадзіне. Ну гэта нерэальна за такія грошы працаваць, бо няма за што жыць, а яшчэ трэба адвозіць у садок дзяцей”.

Сарлай, параіўшыся з мужам, напісала заяву на звальненне, але дырэктар сказаў, што яе звольняць па артыкулу за прагул 25 сакавіка.

“Мне, канешне, было крыўдна за столькі гадоў працы такое атрымаць, – прызнаецца жанчына. – Нават плакала, але муж цвёрда патлумачыў, што наіўна было б чакаць ад начальства нечага іншага”.

“Хочацца быць карыснай людзям”

Спадарыня Любоў распавядае, што не ходзячы нават на працу, вольнай хвіліны амаль няма. Больш часу аддае дзеткам – у яе два сына, аднаму хутка 7 годзікаў, другому – тры. Шукае новую працу.

“Пачала з таго, каб знайсці нейкія курсы, бо трэба мяняць спецыяльнасць, – распавядае яна. – Жыць на адзін заробак мужа вельмі складана, але мы абодва разумеем, што жыць з чыстым сумленнем важней за ўсё”.

Сарлай кажа, што і раней прыглядвала сабе іншую працу. Была ў дзіцячым доме, глядзела, як там працуюць з дзецьмі ў якіх няма ні таты ні мамы.

“Я тады трохі не рашылася туды ісці працаваць, бо свае дзеткі былі зусім малыя, – кажа жанчына. – Але зараз мне ўжо хочацца працаваць там, дзе я змагу па-сапраўднаму дапамагаць людзям, а не проста сядзець на касе ў краме”.

Яна кажа, што ў яе вельмі пазітыўны погляд на жыццё, нягледзячы на ўсе пературбацыі, якія адбываюцца ў краіне. І яна добра ведае, што многія цяпер не могуць знайсці нармальную працу пасля таго, як удзельнічалі ў акцыях і адбывалі пакаранні. Паводле жанчыны, жыццё на гэтым не сканчаецца, а рабіць дабро варта ў любых умовах. На гэта яна і настроена.

Любоў Сарлай 32 гады. Днямі яна падала скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне абласнога, паколькі не была задаволена яе скарга адносна справы за тое, што гуляла ў цэнтры гораду ў штанах з бел-чырвона-белымі лампасамі. Дарэчы, Ленінскі суд Гродна пакараў яе за гэта 20 базавымі велічынямі (580 рублёў), што больш чым яе месячны заробак.

Поделиться ссылкой: