Чэшская грамадская арганізацыя “Чалавек у бядзе” ўзнагародзіць беларускіх праваабаронцаў
Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца

Зняволеныя праваабаронцы і валанцёры ўганараваныя прэміяй “Homo Homini”. Аб гэтым паведамляецца на старонцы арганізацыі “Centre for Human Rights – People in Need” ў фэйсбуку.

Прэмія “Homo Homini” за 2020 год будзе ўручаная беларускім праваабаронцам, якія зараз знаходзяцца ў зняволенні і прызнаныя палітвязнямі – Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы.

“Чэшская грамадская арганізацыя “Чалавек у бядзе” (People in Need) узнагародзіць прэміяй Homo Homini чатырох праваабаронцаў, якія падвяргаліся пераследам за адсочванне затрыманых пратэстоўцаў, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і аказанне дапамогі ахвярам міліцэйскага гвалту. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за законную праваабарончую дзейнасць,” – напісана ў паведамленні.

Прэмія «Чалавек чалавеку» (Homo Homini) – прэмія ў галіне правоў чалавека, заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй “Чалавек у бядзе”. Прысуджаецца асобам, якая ўнесла «значны ўклад у прасоўванне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных метадаў вырашэння грамадска-палітычных канфліктаў». Уручаецца падчас штогадовага кінафестывалю дакументальных фільмаў аб правах чалавека “Адзін Свет”.

За ўвесь час свайго існавання прэмія была ўручаная двум дзесяткам праваабаронцам і дысідэнтам з розных краінаў свету. У 2005 годзе яе атрымаў і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Прэмію ўручаў вядомы грамадзкі дзеяч і палітык Вацлаў Гавэл.

Поделиться ссылкой: