Акторка Хрысціна Дробыш у дзяцінстве марыла стаць манахіняй
Хрысціна Дробыш. Фота: budzma.by

Акторка Хрысціна Дробыш, якая 29 красавіка, а 19:00, будзе чытаць казку для дзяцей «Сподачак для цмока», адказала на пытанні для анкеты “Будзьма!”. Атрымалася вельмі цікава!

— Хто вы па жыцці?

— Я шчыра ламала галаву некалькі дзён і не знайшла адказу. Я не ведаю.

— Кім марылі быць у дзяцінстве?

— Манахіняй, прыбіральшчыцай у мамінай краме і Ірынай Алегравай. Дарэчы, мара пра прыбіральшчыцу часткова спраўдзілася.

— Калі б была магчымасць карэнным вобразам змяніць жыццё ці скарысталіся вы б ёй і як?

— Такая магчымасць ёсць у кожнага кожны дзень, толькі мы да яе не кожны дзень гатовыя. З’ехала б жыць каля мора вось проста з выхадам да пляжу, папрасіла б кліматычнага прытулку там, дзе заўсёды цёпла, пісала б кніжкі, калі б умела, адкрыла б маленькі бар ці гасцініцу на беразе, завяла б сабаку, ладзіла б прабежкі ўздоўж пляжа і кожны вечар слухала б мора, а лепш акіян.

Пакуль мару ранкам у халаце піць каву ў бліжэйшай кавярні і чытаць сапраўдную газету з добрымі сапраўднымі навінамі.

— Ваша жыццё — гэта толькі ваша прафесія, ці ёсць яшчэ інтарэсы, якія?

— Я працаголік да мозга касцей. Мне ўжо складана сказаць, што менавіта мая прафесія. Але калі любіш, тое што робіш, развіваеш накірункі сваіх магчымасцяў — гэта і ёсць жыццё. І гэта чысты кайф.

— Як пачынаецца ваш ранак?

— Цяжка. Спаць — гэта адзін з улюбёных заняткаў і тое, чаго заўсёды не стае. Люблю, умею, практыкую і кожную раніцу аб гэтым мару.

— Што/хто вас натхняе?

— Абсалютна простыя рэчы. Сон, ліхтар, які маляўніча свеціць на дарогу, расліны, выпадковыя спалучэнні гукаў. Інтэлектуальныя, разумныя і мудрыя людзі. Памылкі і шчырасць. І яны для мяне заўсёды ходзяць побач. Праз гэтае спалучэнне я пазнаю людзей.

— Як вы адпачываеце?

— Целам сплю, душой працую. Я шчыра не ўмею адпачываць, як гэта прынята ў людзей. Я на працы і адпачываць магу. Калі ўжо на працы не магу, кладуся спаць.

— Назавіце найбольш значныя для вас кнігі, фільмы, музыку.

— Ох, гэта для мяне інтымнае пытанне. Падзяліцца важнымі фільмамі, музыкай і кнігамі — гэта як распрануцца публічна або адкрыць самую глыбокую таямніцу. У мяне нават музыка ёсць, якую я слухаю пры ўсіх і якую я слухаю толькі сам-насам.

— Як паўплывалі на вас падзеі жніўня 2020 года?

— Па-першае, моцна пасівела. Вельмі шмат зразумела пра людзей і зразумела, што я насамрэч нічога не разумею.

— Беларусь вашай мары — якая яна?

— Белая з чырвонай стужкай пасярэдзіне.

Поделиться ссылкой: