Вадзіцеля каманды Ціханоўскага, асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі
Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

У судзе Ленінскага раёна Гродна 27 красавіка быў агучаны прысуд па крымінальнай справе супраць 38-гадовага кіроўцы аўтадома “Страна для жизни” Аляксандра Арановіча. Гэта адзін з фігурантаў “справы Ціханоўскага”, затрыманы яшчэ 29 мая 2020-га ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў за Ціханоўскую. Суд над ім працягваўся тры месяцы.

Як паведамляюць праваабаронцы, суддзя Алена Пятрова палічыла віну палітвязня ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 293 КК, даказанай і пакарала Арановіча шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Менавіта такі тэрмін запрасіў для абвінавачага пракурор Дзяніс Корда.

Да агалошвання рашэння Аляксандр Арановіч выступіў з апошнім словам. Сярод іншага ён адзначыў:

“Усе справы сфабрыкаваныя, абараніцца не далі. Усе зацікаўлены, каб мяне асудзіць і пасадзіць!”

Нагадаем, Аляксандра Арановіча абвінавачвалі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак у Гродне 29 мая (ч. 1 арт. 342 КК). Таксама яго абвінавачваюць за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі (ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК – падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадкаў).

Мужчыну затрымалі 29 траўня мінулага года. У СІЗА яго ўжо паставілі на прафілактычны ўлік.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Аляксандра Арановіча палітычным вязнем.

Поделиться ссылкой: