Іван Ганін, Алена Леўчанка, Андрэй Краўчанка. Фота: Еўрарадыё

Срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў дзесяціборац Андрэй Краўчанка абвясціў 10-дзённую галадоўку. Ён ладзіць гэтую акцыю на знак салідарнасці з палітвязнямі. На сёння такі статус у Беларусі маюць 357 чалавек, перадае Еўрарадыё.

Краўчанка — адзін з падпісантаў ліста спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. Ён уваходзіць у Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў, неаднаразова ўдзельнічаў у вулічных маршах 2020-га і публічна выказваў сваё меркаванне па палітычных і сацыяльных праблемах.

У лістападзе 2020-га яго разам з кікбаксёрам Іванам Ганіным затрымалі на аўтастаянцы ў цэнтры Мінска і асудзілі на 10 сутак арышту. Гэты арышт спартовец згадвае ў сваім звароце.

“8 лістапада 2020 года мяне затрымалі на стаянцы ў цэнтры Мінска і дасталі проста з машыны. Памятаю ўдар у скронь, боль ад сцяжак на руках, 14 гадзін тварам да сцяны ў РУУС і паездку ў Жодзіна. А для сваіх родных я тады проста знік. Чатыры дні ў майго адваката не было ніякай інфармацыі пра тое, дзе я і што са мной”, — піша спартовец.

За час арышту ў Жодзіне яму не аддалі ніводнай перадачы: ні прадукты, ні цёплыя рэчы, ні зубную шчотку. З-за кратаў спартовец выйшаў з каранавірусам. “Але я хаця б вярнуўся… Сотні ж беларусаў атрымалі рэальныя тэрміны, а 357 з іх прызнаныя палітвязнямі”, — піша ён.

Краўчанка заяўляе, што не можа прымірыцца з тым, што арышты ў краіне сталі будзённай з’явай: “Мяне палохае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай. А за кратамі проста цяпер сядзяць сапраўдныя людзі — гэта іх рэальныя жыцці, гэта паламаныя жыцці іх сем’яў. Ніхто не верне ім гэтага часу, яго ніколі нельга будзе нагнаць. І я не магу змірыцца з гэтым”.

Каб дапамагчы сем’ям палітвязняў дзесяціборац выставіў на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях. Краўчанка адзанчае, што гэтая ўзнагарода яму дарагая тым, што ён выступаў з сур’ёзнай траўмай і ледзь не вырашыў зняцца з турніру.

Таксама на знак салідарнасці з палітвязнямі ён правядзе 10-дзённую галадоўку: “Я ні да чаго не заклікаю і не раю паўтараць, але мне вельмі цяжка страваваць гэтую жахлівую беларускую рэальнасць. Няхай будзе з намі сіла!”.

Поделиться ссылкой: