Кіраўнік прафсаюза РЭП з'ехаў з Беларусі
Васіль Завадскі, былы кіраўнік прафсаюза РЭП

Былы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Васіль Завадскі ад 19 красавіка склаў з сябе паўнамоцтвы старшыні, паведамляе “Наша Ніва”.

«Прафсаюзнае жыццё — імклівае і бурлівае заўсёды, а асабліва пры сённяшніх абставінах. Нярэдка патрабуецца хуткае рэагаванне на сітуацыю, прыняцце аператыўных рашэнняў.

Доўгае знаходжанне ў вымушаным ад’ездзе, немагчымасць пастаянна трымаць руку на пульсе прафсаюзнага арганізма і паўнавартасна ўдзельнічаць у жыццядзейнасці прафсаюза не ідуць на карысць нашай арганізацыі. Усё вышэйзгаданае і вымусіла мяне прасіць Раду прафсаюза аб адстаўцы з пасады старшыні», — пракаментаваў сваё рашэнне Васіль Завадскі.

У лютым 2020 года ў офісе РЭП прайшлі ператрусы. У канапе на кухні быў знойдзены патрон. Завадскі застаўся на волі, але ў хуткім часе з’ехаў з Беларусі ў Вільню.

На гэты момант выканаўцам абавязкаў старшыні прафсаюза з’яўляецца актывіст з Оршы Васіль Бераснеў. Хто стане новым кіраўніком арганізацыі, стане вядома 22 мая.

Поделиться ссылкой: