Фрагменты незвычайнага крыжа былі знойдзены ў Полацку каля моста па вуліцы Багдановіча. Каб было лепш зразумела, гэта недзе з паўкіламетра ад сутоку Дзвіны і Палаты, Верхняга замка і Сафійскага сабора. Мінула крыху больш за суткі з таго моманту, як стала вядома пра знаходку, а ўжо з’явіліся фантастычныя тэорыі пра нібыта кельцкі крыж з рунічнымі знакамі. Шкада, што масавая думка рухаецца толькі ў гэтым накірунку, што сведчыць пра стэрэатыпнае ўспрыманне шэрагу з’яў уласнай гісторыі і культуры. Але калі гэта не кельцкі крыж і не руны, то што?

Пра нядаўнюю знаходку ў Полацку «каменнага крыжа з рунамі» на budzma.by піша гісторык Зміцер Скварчэўскі.

Дагэтуль каменных крыжоў у коле ў нас не знаходзілі, пра падобныя нават не згадвалася. Адпаведна, гэта першая знаходка такога кшталту ў Беларусі, што ўжо ёсць адметным фактам. На сённяшні дзень у краіне вядома не менш за 300 каменных крыжоў, таму можна смела сцвярджаць, што такая форма каменных крыжоў не з’яўляецца тыповай і распаўсюджанай для беларускіх абшараў. Гэтая акалічнасць наводзіць на думку, што крыж калі не імпартны, то, прынамсі, яго форма была запазычана ў нейкім іншым рэгіёне.

Увогуле, каменныя крыжы ў коле характэрны для Наўгародскай зямлі, дзе яны пашыраюцца з XIV-XVI ст. Расійскія даследчыкі адзначаюць, што пераважная большасць вядомых сёння каменых крыжоў у коле знаходзіцца ў гістарычных межах былой Наўгародскай зямлі. Падобныя крыжы таксама вядомы ў суседняй Пскоўскай зямлі, што, відаць, з’яўляецца наўгародскім уплывам. Гэта важны момант, бо палітычныя і эканамічныя кантакты Полацка з Псковам і Ноўгарадам былі даволі развітымі. Цалкам імаверна, што выяўленыя рэшткі каменнага крыжа ў Полацку таксама могуць быць сведчаннем культурных сувязей Полацка з Наўгародскай ці Пскоўскай землямі. Тэарэтычна можна нават меркаваць, што гэта пахаванне ўраджэнца тых абшараў, а не мясцовага жыхара. Хаця і апошні варыянт не варта выключаць, бо знак на ім можа сведчыць на карысць мясцовага паходжання.

Важна звяртаць увагу на форму крыжа, бо вылучаюцца выразныя рэгіянальная асаблівасці. Нават у выпадку знешніх уплываў і запазычванняў, усё роўна захоўваюцца мясцовыя рысы. На вялікі жаль, полацкі крыж захаваўся не цалкам, таму нельга вызначыць яго тып і канчаткова зрабіць высновы пра датаванне і паходжанне. Па сваёй форме полацкі крыж бліжэй да пскоўскіх, але самым блізкім да яго з’яўляецца крыж у коле з Айзкраўкле (Латвія). Нагадаю, што гэта суседні (15 км) горад з Кокнэсэ, былы слаўны горад Полацкага княства Кукенойс. Да гэтага крыжа мы яшчэ абавязкова вернемся. Падобнай формы крыжы яшчэ ёсць у Швецыі, Эстоніі, паўночнай Германіі. Зноў жа, гэта той Балтыйскі рэгіён, з якім Полацк працяглы час меў разнастайныя шчыльныя кантакты.

У такім рэчышчы зразумела, што «кельцкім» полацкі крыж не можа быць ні па форме, ні па паходжанні. Успрыманне крыжа ў коле ў якасці «кельцкага крыжа» — гэта даволі позні культурны стэрэатып. Сапраўды, такая форма крыжа вядома ў Ірландыі ды іншых кельцкіх абшарах, але яны маюць даволі спецыфічныя рысы (памеры, высокая ножка, паверхня цалкам аздобленая разьбой, выемкі ў перакрыжаванні, а таксама лопасці, якія выходзяць за межы кола), якія не прасочваюцца ў наўгародскіх і пскоўскіх крыжах. І ў рэштках полацкага крыжа яны таксама не заўважны. Расійскія аўтары Аляксандр Патраўнаў і Таццяна Хмельнік пасля параўнання крыжоў з розных краін сведчаць, што не было запазычвання формы з Ірландыі, то бок называць гэтыя крыжы «кельцкімі» няма падстаў. Наяўнасці аднаго агульнага элемента (крыж у коле) недастаткова.

Стэрэатыпнае ўспрыманне не дазваляе ўбачыць іншыя магчымыя крыніцы ўплываў. Мала звяртаюць увагі, але крыжы ў коле вядомы і на тэрыторыі былой Візантыі. Вельмі верагодна, што наўгародскія і пскоўскія каменныя крыжы ў коле працягваюць менавіта візантыйскія традыцыі, адкуль на ўсходнеславянскія абшары ішло хрысціянства. Для параўнання, прысутнасць кельцкіх формаў крыжоў у Нарвегіі тлумачыцца дзейнасцю місіянераў з Брытанскіх выспаў. Аднак традыцыя кельцкіх крыжоў у Нарвегіі і Швецыі не атрымала пашырэння і была даволі абмежаванай ў часе.

Пра магчымае паходжанне яшчэ можа сведчыць сыравіна, з якой быў выраблены полацкі крыж. Большасць наўгародскіх і пскоўскіх крыжоў у коле зроблены з вапняка, прычым у літаратуры нават можна сустрэць імаверныя лакалізацыі майстэрняў і месцаў здабычы. Каменныя крыжы ў коле на шведскай выспе Готланд зроблены з мясцовага вапняка, які таксама быў выкарыстаны для вырабу аналагічных крыжоў на Балтыйскім узбярэжжы Германіі. Як можна меркаваць па фотаздымку, полацкі крыж таксама зроблены з вапняка. Пытанне толькі, адкуль паходзіць сыравіна? Тут ёсць праца для спецыялістаў.

Пры адказе на пытанне пра значэнне знака на фрагменце крыжа з Полацка таксама варта адкінуць стэрэатыпнае імкненне ва ўсіх незразумелых геаметрычных формах бачыць руны, якое вядзе ўбок ад сапраўднага разумення сімволікі. Каб не губляць час, адразу зацемім, што знак не супадае з скандынаўскімі рунічнымі графемамі. Тое, што падаецца рунічным сімвалам — гэта не рунічны сімвал, а асабісты клейнавы знак. Гэта сімвал роду і ўласнасці. Такія знакі ставілі замест подпіса ў дакументах, на асабістых рэчах, на надмагіллях. Іх выкарыстанне добра вядома, як на тэрыторыі Беларусі, так і па ўсім Балтыйскім рэгіёне. Да адносна нядаўняга часу архаічная традыцыя ўжывання клейнавых знакаў захоўвалася беларускімі бортнікамі (так званыя «бортныя знамёны»). Адметна, што ў Полацкім ваяводстве панцырныя баяры выкарыстоўвалі клейнавыя знакі да канца XVІІI ст.

Кельцкі крыж з рунамі ў Полацку? Зусім не!
Клейнавыя знакі панцырных баяраў Полацкага ваяводства (паводле А.Цітова)
Кельцкі крыж з рунамі ў Полацку? Зусім не!
Знамёны беларускіх бортнікаў

На фрагменце крыжа з Полацка можна звярнуць яшчэ ўвагу на такую дэталь, як гарызантальныя рыскі над і пад асноўным знакам. Між іншым, апублікаваны фотаздымак варта перавярнуць, каб убачыць знак у правільным пачатковым становішчы: сіметрычныя ламаныя лініі ў верхняй частцы, адна гарызантальная рыска зверху, дзве ўнізе. Хутчэй за ўсё, тут пашчасціла, знак захаваўся цалкам. Падобны знак, як на фрагменце полацкага крыжа, таксама прысутнічае на каменным крыжы ў в. Шэвіна Віцебскага р-на. На гарызантальныя рыскі таксама варта звярнуць увагу. Гэта элементы, якія з часам дадаваліся да пачатковага знака, каб адрозніваць знак дзеда, бацькі ад знака сына і ўнука. Не выключана, што калісьці ў дакументах атрымаецца адшукаць імя ўладальніка гэтага знака на крыжы ці яго сваяка.

Кельцкі крыж з рунамі ў Полацку? Зусім не!
Каменны крыж у в.Шэвіна Віцебскага р-на. Здымак Сяргея Яраховіча
Кельцкі крыж з рунамі ў Полацку? Зусім не!
Крыж у коле з Айзкраўкле (Латвія). Крыніца: wikimedia.org

Усе разважанні вышэй зроблены для таго, каб паглыбіць шаноўных чытачоў ва ўласную гісторыю, пазбавіць ад стэрэатыпаў і паказаць шляхі вырашэння дадзенай гістарычнай загадкі. А цяпер, з аднаго боку, крыху ўскладню задачу, а з іншага — дам яшчэ адзін ключ для яе вырашэння. Вернемся да каменнага крыжа ў коле з Айзкраўкле. Справа ў тым, што гэта сапраўды самы блізкі аналаг да полацкага. Прычым вельмі падобны не толькі па форме, але нават амаль што супадае знак, які высечаны на ім. Адрозненне невялікае ў стылі выканання, а таксама ў тым, што на крыжы з Латвіі над і пад асноўным элементам сімвала маецца па адной гарызантальный лініі. Ці ёсць гэта сведчаннем сваяцтва крыжоў і людзей, якія з імі звязаны? Вось новае пытанне, на якое таксама трэба шукаць адказ. Таямніцу крыжа з Полацка дапаможа раскрыць крыж з Айзкраўкле. Атрыбуцыя фрагментаў крыжа з Полацка з’яўляецца вырашальнай задачай, калі за гэта сур’ёзна ўзяцца. Адзіны падобны помнік у краіне варты таго. Тым больш што накірункі пошуку ўжо выразна акрэслены. Спадзяюся, працяг будзе і вынік не прымусіць доўга чакаць.

Поделиться ссылкой: