Алег Ёрш. Фота аўтара

Унікальны прыватны музей, у якім сабрана амаль тысяча прадметаў побыту пераважна ХІХ і ХХ стагоддзяў, днямі зачыніўся ў Гродне. Не ставала не толькі грошай на ўтрыманне падчас пандэміі, але і нерваў, каб змагацца з бюракратыяй.

Усё пачыналася з праса

Яшчэ нядаўна ў старым памяшканні на Вялікай Траецкай у Гродне можна было паглядзець на старыя прасы, грамафоны, швейныя машынкі, патэфоны, кухоннае начынне, калекцыю падшклянкаў, няхітрыя механізмы, якімі карысталіся нашы бабулі… Цяпер тут пустата.

Гаспадар музея Алег Ёрш не хавае суму: зараз усё акуратна запакавана і знаходзіцца на складзе. Каб крыху адцягнуць яго ад змрочных думак, цікаўлюся, як ён пачаў займацца калекцыянаваннем прадметаў побыту.

25 гадоў таму ў раённым горадзе Свіслач Алег пабачыў у сябра вельмі багата аздоблены стары прас на вуглях. Папрасіў прадаць, але той адмовіўся: гэта сямейная рэліквія.

– Гэта кранула і абудзіла цікавасць, – згадвае спадар Алег.

Тады ён працаваў на чыгунцы звычайным будаўніком, але новы занятак – збіраць старыя прадметы побыту і механізмы – захапіў яго цалкам.

– У мяне толькі кухонных механізмаў, якія дапамагалі людзям у быце, налічваецца каля ста, – з гонарам кажа гродзенец.

Гэтыя ўнікальныя рэчы, многія з якіх дагэтуль у рабочым стане, ён збіраў паўсюль, дзе толькі мог: у гарадах, вёсках. Нешта купляў, нешта мяняў… Сам рэстаўрыраваў і даваў ім другое жыццё. Дарэчы, самы стары экспанат яго калекцыі – англійскі карабельны прас – датуецца пачаткам ХVІ стагоддзя.

– У Савецкім Саюзе некалі для патрэб хатняй гаспадыні масава выраблялі хіба што мясарубкі, – кажа гаспадар музея. – А ў Заходняй Беларусі можна было знайсці еўрапейскія бытавыя механізмы.

Ён распавядае, што англійская ручная машынка для выціскання костачак з вішні канца ХІХ стагоддзя магла апрацаваць за некалькі хвілін ці не паўвядра ягад.

– У людзей засталіся рознага кшталту механізмы з часоў, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, – распавядае Ёрш. – А многія рэчы былі прывезены пасля вайны салдатамі як трафеі.

Нядаўна Алег рабіў адмысловую выставу ў адной з бібліятэк, дзе дэманстравалася калецыя вагаў. Пераважная колькасць экспанатаў датычылася канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Большасць з іх выраблялі польскія вытворцы па ліцэнзіях пераважна англійскіх фірмаў.

– Гэтыя рэчы знаходзіліся ў карыстанні сямей амаль па сто гадоў, перадаваліся з пакалення ў пакаленне, – распавядае мой суразмоўца. – І пабачыць іх, а яшчэ і пакарыстацца, вельмі цікава.

Паднялі арэнду ў 6 разоў

Прыватны «Цікавы музей» Алега Ярша існаваў у Гродне з 2018 года, калі, дзякуючы бязвізаваму ўезду, ад турыстаў было не адбіцца. Прывабнасці музею дадавала і тое, што тут можна было не толькі паглядзець на экспанаты, а і ўзяць іх у рукі, адчуць, як яны прымяняліся на практыцы.

Справы ішлі ўгару, праўда, пандэмія ўнесла свае карэктывы. Быў час, калі музей наогул зачынілі, потым працавалі па некалькі дзён на тыдзень. Пакуль хапала, каб плаціць арэнду, падаткі і заробак адзінай супрацоўніцы, – былі на плаву. З 1 красавіка планавалі выйсці на поўны графік работы.

– І тут рэзкае павышэнне цаны арэнды: мы плацілі 100 рублёў, а цяпер нам выставілі амаль 600, – уздыхае спадар Алег. – Гэта проста неверагодна!

Спробы тлумачыць нешта гарадскому начальству плёну не далі.

– Я не адзін раз быў у гарвыканкаме, аблвыканкаме – там сядзяць цудоўныя людзі, якія цябе ўважліва выслухоўваюць, усміхаюцца, але вынікаў ніякіх, – з горыччу распавядае спадар Ёрш. – Мне гэта ўсё надакучыла, няма сіл з гэтым змагацца.

Чыноўнікам галоўнае, лічыць Алег, каб іх не даймалі рознымі ініцыятывамі, каб спакойна дасядзець у сваіх кабінетах да пенсіі, а бурная дзейнасць, актыўнасць, маўляў, у гэтай сістэме не патрэбна.

– Памятаю, як гродзенскія мастакі ініцыявалі праект па развіцці Гродна. Прапанавалі старшыні гарвыканкама зрабіць сайт, на якім кожны гараджанін мог бы змясціць сваю ідэю па паляпшэнні жыцця ў нашым горадзе. Мечыслаў Гой тады абяцаў, але сайт так і не з’явіўся.

«Цікава жыць цікава»

Спадар Алег задаецца пытаннем: чаму ў Беларусі не патрэбны музеі? І распавядае, як ставяцца да развіцця музейнай справы нашы суседзі.

Некалькі гадоў таму ён пабываў у складзе дэлегацыі гродзенскіх мастакоў у Друскенінкаі па запрашэнні мэра гэтага літоўскага гарадка. Мэр паскардіўся гродзенскім мастакам: у горадзе ёсць санаторыі, сучасны аквапарк, прыгожы мост над Нёманам, але не хапае інтэлектуальнага адпачынку. Запрашаў удзельнічаць у падобных праектах. Як хочацца, усклікае Алег Ёрш, каб і ў нас стваралася нешта вартае і патрэбнае людзям!

– У Літве майму калегу, які пачаў ствараць музей, падобны на мой, дзяржава адразу прапанавала пад’ёмныя сродкі, памяшканне без аплаты арэнды, і кожны яго выезд з экспазіцыяй у іншыя гарады таксама аплачвае дзяржава.

Вось, на яго думку, правільнае стаўленне да музеяў, якое ёсць у цывілізаваным свеце…

– У дэмакратычных краінах такія невялікія музеі, як правіла, справа прыбытковая. Галоўнае, каб канцэпцыя яго была цікавай і для жыхароў, і для турыстаў, – з веданнем справы гаворыць мой суразмоўца.

Алег Ёрш ніколі не імкнуўся камерцыялізаваць сваю справу, часта праводзіў бясплатныя выставы.

– Цікава жыць цікава, і ніякая камерцыя гэтага не заменіць, – перакананы мой суразмоўца. – Я ў прынцыпе чалавек адкрыты і хачу, каб людзі бачылі тое, што я сабраў.

Што будзе далей з калекцыяй, пакуль яе гаспадар дакладна не ведае. Але, кажа, будзе спрабаваць рабіць новыя праекты, бо мінуўшчына не павінна проста так ляжаць на складзе.

Публікацыя – з № 31 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: