Аляксандр Васілевіч

У следчым ізалятары ён будзе знаходзіцца як мінімум да 27 чэрвеня.

Нагадаем, што вядомага беларускага бізнесмена Аляксандра Васілевіча мінулым летам затрымлівалі двойчы. Першы раз – калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання для прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Тады паход у афіцыйную ўстанову закончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак – за тое, што ён нібыта “актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу” і крычаў “Свабоду Бабарыку!”.

Аляксандр адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 27 жніўня прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

4 верасня Васілевічу было прад’яўлена абвінавачанне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства на дадзены момант невядома, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса яно прад’яўлена.

У якасці падазраванай па распачатай крымінальнай справе праходзіць таксама і жонка Васілевіча – Надзея Зелянкова, якая разам з дзецьмі зараз знаходзіцца у Таліне.

“Мужу на два месяцы працягнулі знаходжанне пад вартай, – паведаміла Надзея. – У турме ён ужо 8 месяцаў, прабудзе ў СІЗА яшчэ як мінімум да 27 чэрвеня.

У ізалятары Саша па-ранейшаму будзе адціскацца ад падлогі, прысядаць. Будзе варыць каву, прыбіраць у камеры, мыцца халоднай вадой і раз на тыдзень хадзіць у
душ. Будзе радавацца кнігам беларускіх пісьменнікаў і лістам, скардзіцца на тое, што ў яго няма навін і пісаць яму няма пра што.

Саша не будзе бачыць, як расце малодшая дачка Уршуля, не мае магчымасці чуць, як яна смяецца. Пяць месяцаў ён можа толькі па фатаздымках бачыць, як яна выглядае. Саша не прыйдзе, калі старэйшая дачка Адэлька заплача і скажа, што хоча да таты, каб той пашкадаваў яе за зуб, які выпаў.

Саша будзе дасылаць мне кветкі і клапаціцца пра нас нават знаходзячыся ў турме. Прыдумляць вар’яцкія бізнес-ідэі, даваць дакладныя парады па працы і трансляваць калегам па камеры эканамічныя тэорыі.

…Але я веру, што ўсе палітвязні выйдуць на волю. Таму што вельмі шмат добрых людзей там, дзе яны і павінны быць, – на баку святла”.

Поделиться ссылкой: