Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Апошнім часам настаўнікі павінны правяраць сацыяльныя сеткі дзяцей. Напрыклад, бацькі трэцякласнікаў віцебскай гімназіі №3 атрымалі анкеты, у якіх трэба адказаць, ці ўдзельнічае малеча “ў групе дэструктыўнага характару або ў тэлеграм-канале, які заклікае да ўдзелу ў масавых беспарадках”.

Калі раней на перапынку

Патузаў за касу хлапчук

Упадабаную дзяўчынку,

Магло сысці гарэзе з рук,

Як не застукаў хулігана

За тым свавольствам педагог.

Застукаў – дык было пагана:

Самога ўзяць за вуха мог.

На галаве стаяў парою

Свавольнік той, зрываў урок.

Настаўнікі бацькам “героя”

Тады выказвалі папрок,

Рабілі ім намёк празрысты,

Што сын – бяда для дзетвары.

Такія ў школах “экстрэмісты”

Былі да гэтае пары.

Ды час цяпер бунтарскі, новы,

Таму інакшы каленкор:

Свавольствы дзетвары гатовы

Ацэньваць строгі пракурор.

Яму, вядома, нецікава,

Што хтось “стаіць на галаве”.

Хвалюе іншая забава:

“Сыходзь!” і “Беларусь жыве!”

Галёкацьмуць на перапынку

І шкаляры праз нейкі час.

І не ўжывеш да іх дубінку,

Не нацкуеш на іх спецназ.

Свавольства можа быць з працягам:

Як падрасце такі смаркач,

Ён з бел-чырвона-белым сцягам

Па вулках бегацьме наўскач,

А бунтароў і так даволі.

Дык потым можа быць прасцей,

Як пад наглядам, на кантролі

Трымаць цяперака дзяцей.

Няхай пра дзетак-малалетак

Паведамляюць іх бацькі:

Што ў нетрах сацыяльных сетак

Шукаюць? Інтарэс які?

Бяда, вядома, калі дзеці

З мультфільмам нейкім заадно

Знайсці імкнуцца ў інтэрнэце

Парнаграфічнае кіно.

Ды горш, як тэлеграм-каналы

Глядзіць якісьці шпінгалет.

Бацькам патрэбна слаць сігналы,

Каб знаў пра гэта педсавет.

Паправіць трэба дзецям розум –

Перавыхоўваць пакрысе,

Бо патэнцыйную пагрозу

Свавольства гэткае нясе:

Калі ў мазгах дзяцей, крый божа,

Узнікне дэструктыўны зрух,

Дык непазбежна пераможа

У душах экстрэмісцкі дух.

Пакуль дзяцей, што ў трэцім класе,

Так кантралююць акурат,

Ды ў абарот у хуткім часе

Улада возьме й дашкалят…

***

Да волі будзе шлях імглістым,

І большым зробіцца прыгнёт,

Бо зараз лічыць экстрэмістам

Улада ледзь не ўвесь народ.

Дурны і разумны

– Дурнота – гэта дар ад Бога, –

Бабуля колісь гаварыла. –

Там, дзе пацвеляцца з дурнога,

Разумнаму дадуць у рыла…

Баш на баш

– Я паўвіхалася нямала –

Вячэру мужу гатавала…

Пераўзышло нахабства межы:

Ён кнігу мне прынёс аб ежы,

Сказаў, што страву тую й тую

Наступным разам я згатую.

Абразіў, словам, як лахудру!

Купіла ўчора Камасутру.

Сяджу, алоўкам пазначаю –

Хай муж чаўрэе ад адчаю…

Усім на радасць

Прыгожай, пекнай самай з вёскі

Была дзяўчына ў Міхася.

Як забіралі Мішу ў войска,

Дык выпраўляла вёска ўся…

Каму Бог дае

“Таму, хто раненька ўстае, –

Гавораць гэтак, –

Бог дае”.

Хто ж позна спіць без задніх ног,

Таму ўжо даў, што трэба, Бог…

Публікацыя – з № 31 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: