У Кіеве працуе адкрытая ў Дзень Волі выстава «Кожны дзень», дзе на чатырох тысячах квадратных метраў прадстаўлена актуальнае беларускае мастацтва. Нічога падобнага немагчыма цяпер уласна ў Беларусі, больш за тое, паводле удзельніка праекта, мастака і акцыяніста Міхаіла Гуліна, мастацтва проста на нашых вачах паступова адкідваецца ў каменны век. З аўтарам, які ладзіў вулічныя акцыі з канца нулявых і сутыкаўся з АМАПам, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам, размаўляем пра новыя правілы гульні на пазначанай чырвона-зялёнымі сцягамі тэрыторыі.

— Такая выстава беларускага мастацтва, як «Кожны дзень» у Кіеве, магчымая цяпер у Беларусі?

— У прынцыпе, адну з прадстаўленых там работ я першапачаткова рыхтаваў для маёй брэсцкай выставы «(Не)праўда», але праз самацэнзуру замяніў яе тады на іншую. Ды і кастрычнік ужо ўспрымаецца як сцэна з мінулага жыцця. З другой работай праблемы ўзніклі яшчэ ў 2012 годзе: за акцыю «Персанальны манумент» я быў затрыманы і несправядліва абвінавачаны, праз што мусіў звольніцца з універсітэта, у якім працаваў. Свой самы вялікі куратарскі праект «Прастора дыфузіі» я зрабіў на расійскай і грузінскай пляцоўках, бо разумеў, што рэалізаваць такую выставу ў Беларусі немагчыма. Але са жніўня нават тыя правілы шматразова памяняліся, умовы зрабіліся больш жорсткімі, і мы апынуліся ў шызафрэнічнай сітуацыі, калі ты ўвогуле не разумееш, што і каго можа справакаваць на агрэсію ў твой адрас. Таму, канечне, паказаць «Кожны дзень» тут немагчыма.

— Як мастак, якому патрэбна прафесійная прастора, раскажыце, што ў нас цяпер з выставачнымі пляцоўкамі.

— Я пакуль не адчуваю нейкай незапатрабаванасці, нават не магу з гэтай нагоды толкам пасумаваць, бо пляцовак, да якіх я быў прывязаны, напрыклад, галерэі «Ў» ці «Ок16», больш няма. А гэта былі самыя буйныя гульцы ў сваёй сферы. Помню, з Машай Калеснікавай мы абмяркоўвалі фантастычную ідэю зрабіць у «Ок16» Біенале сучаснага мастацтва, але калі я ўбачыў, што Бабарыка пайшоў на выбары, зразумеў, што будзе не да біенале. Цяпер усё бязлітасна выпальваецца і выразаецца, і гэта вялікія страты. У нас і без таго не было гатовай да сучаснага мастацтва інфраструктуры, з куратарскім суправаджэннем, менеджментам, належным абсталяваннем, дзе не трэба кожнаму тлумачыць, што гэтая работа не «хі-хі, ха-ха», а заслугоўвае сур’ёзнай увагі. А цяпер, баюся, культуры Беларусі будзе нанесена настолькі сур’ёзная шкода, што, магчыма, мы атрымаем дзірку на месцы, дзе нешта толькі пачало ўзыходзіць.

«Мы вырошчвалі мастацтва ў колбачцы, як апошні расток на Зямлі, а яго выкінулі на сметніцу» — вялікая размова з мастаком Міхаілам Гуліным

— Але ж гэта папраўна?

— Пры любых раскладах я не бачу, каб у нашу культуру раптам хлынулі інвестыцыі, прыйшлі спецыялісты, з’явілася патрэбнае абсталяванне. Усім гэтым трэба займацца — і мы займаліся, прычым, што цікава, насуперак генеральнай лініі. Цяпер, імаверна, мы будзем адкінутыя ў каменны век, а ўсе дзіркі зможам залатаць хіба якой-небудзь алігархічнай воляй. Вось Віктар Пінчук выдзеліў вялізныя грошы — і Украіна хутка прайшла шлях ад мадэрнізму да сучаснага мастацтва і стала ўбудоўвацца ў сусветны мастацкі кантэкст. Альбо Раман Абрамовіч і іншыя актыўныя мецэнаты, якія гэтымі буржуйскімі інструментамі проста за вушы ўцягваюць расійскае мастацтва ў міжнародную гісторыю. Мы ж усё рабілі па-іншаму, без грошай, на энтузіязме і з самаахвяраваннем. Саша Васілевіч — не алігарх, а проста бізнэсмен і неабыякавы грамадзянін. Ні з «Ў», ні з «Ок16» мы не маглі праходзіць дыстанцыю сямімільнымі крокамі. Мы вырошчвалі мастацтва ў колбачцы, быццам апошні расток на Зямлі: ты трасешся над ім, паліваеш, ставіш яму лямпачку, устаеш ноччу паглядзець, ці не здох ён там. Расток перыядычна завальваецца, ва ўсіх пачынаецца паніка, яго пачынаюць падкормліваюць, і ён усё яшчэ такі кволенькі, але падрастае. А цяпер яго ўзялі і проста выкінулі на сметніцу.

— Інфраструктура разбураецца, а паводле творчага патэнцыялу ў беларускага мастацтва заняпад ці росквіт?

— Росквіт. Я вельмі рады за беларускіх музыкантаў: цяпер можна слухаць сваё без гэтага ўсюдыіснага «хай так, затое наша». Моцна ўверх пайшоў дызайн: раней быў адзін Цэслер, цяпер жа з’явілася шмат разумных, вострых, тонкіх аўтараў кшталту Ганны Рэдзько, Руфіны Базлавай, Надзі Саяпінай, Леры Лазук альбо фенаменальнага Юрыя Ледзяна, які зрабіў, напрыклад, карту Беларусі ў форме сіняка. Вельмі добрая дынаміка ў фатографаў, і гаворка не толькі пра дакументальную фатаграфію. У выяўленчым мастацтве ўвогуле папёрла, апошнія месяцы актуалізавалі яго мову, проста яно патрабуе пунктаў прыкладання, выставачнай прасторы.

«Мы вырошчвалі мастацтва ў колбачцы, як апошні расток на Зямлі, а яго выкінулі на сметніцу» — вялікая размова з мастаком Міхаілам Гуліным

— Вы менавіта як мастак адчуваеце сябе ў бяспецы?

— Не, не адчуваю. Для мяне беларускі мастак заўсёды быў чалавекам, якому прывязваюць руку да нагі, ставяць на дыстанцыю з крутымі атлетамі і кажуць: «Стартуй!» Улады не разумеюць, што, калі яны нешта рэгулююць і цэнзуруюць, гэта ўсё роўна што прывязаць руку да нагі. А сёння ўсіх увогуле хочуць ператварыць у загнаных жывёл, а ў такіх умовах ні жывапіс не радзіцца, ні пшаніца не каласіцца. Правілы пастаянна мяняюцца: сёння адкрываецца выстава і гэта можна, а заўтра яе і яе арганізатараў закрываюць — аказваецца, ужо нельга. Сёння Алесю Пушкіну можна выстаўляць партрэт, а заўтра не толькі нельга, за гэта яшчэ і атамны тэрмін могуць даць. Гэта не дазваляе займацца выставачнай дзейнасцю, з публічнасцю таксама ўзнікае дысананс: з аднаго боку, мастацтва павінна быць публічным, з іншага — за выказванне ты ўжо праз дваццаць чатыры гадзіны можаш апынуцца дзе-небудзь у іншым месцы. Таму я бяру паўзу, пакуль мне не скажуць, што вось у нас Паўночная Карэя і такія і такія правілы гульні, і я змагу пагадзіцца на іх альбо не. Я сустракаю людзей, якія натоўпамі ходзяць на выставы, каб злавіць адчуванне даваеннага жыцця. У мяне няма прагі хутчэй вярнуць адчуванне, што ўсё ў парадку. У нас нічога не ў парадку, і я прапаную, пакуль нічога не ў парадку, нічога не рабіць.

«Мы вырошчвалі мастацтва ў колбачцы, як апошні расток на Зямлі, а яго выкінулі на сметніцу» — вялікая размова з мастаком Міхаілам Гуліным

— А калі асцярожна?

— Для мяне аксіёма, што творчасць нельга рабіць з аглядкай. Як толькі ты дапускаеш, што табе ў патыліцу нехта дыхае і таму трэба схітраваць і падзавуаліраваць — усё, табе канец. А так, калі ты не ў роўных эканамічных умовах, калі адсутнічае інфраструктура, цябе хоць неяк выратоўваюць унутраная сумленнасць і годнасць. Яны цяпер топчуцца, думаю, наступная гісторыя — гэта жорсткае дзяленне на лаяльных і нелаяльных і выкіданне з майстэрняў. Важныя рысы нашага афіцыёзу — помслівасць і дробязнасць. А мы ведаем прыклады нават лютых дыктатарскіх рэжымаў, якія ўсведамлялі важнасць апанента. Вялікі стыль — гэта калі і ворага паважаюць, а помсту здзяйсняюць на ўзроўні глабальнага праекта, не дзіця ў турму садзяць. У нас за дваццаць шэсць гадоў нікому не далі падняць галавы, тут няма аўтарытэтаў, якія б маглі стабілізаваць грамадства. Нават безумоўная велічыня Святлана Алексіевіч для ўлады не з’яўляецца свяшчэннай каровай: сістэма можа растаптаць любога чалавека, і гэта страшна. У нас стварылася два абсалютна паралельныя светы, і аднаму з іх пляваць на тое, што адбываецца ў другім і чым скончыцца наступны месяц. Усё, незаменных няма. У чыноўніцкага апарату адсутнічае фантазія: мне б хацелася ўзяць іх за шкірку, пасадзіць у машыну часу і перанесці на год уперад, бо, думаю, катастрафічныя наступствы таго, што робіцца цяпер, будуць ужо бачныя.

— Улада мае на сваім баку нейкае важкае «афіцыйнае» мастацтва?

— Ва ўлады жудасная тапорнасць, на ўзроўні варварскіх плямёнаў. Яна лічыць, што ўваткнуў сцяг — усё, падпарадкаваў. У мяне ёсць сабака, і я ўвесь час здзіўляюся гэтаму феномену: колькі б мы з ім не гулялі, у яго заўсёды ёсць крыху мачы, каб памеціць тэрыторыю. Такое адчуванне, што гіганцкі сабака ўзяў і памеціў усю нашу тэрыторыю: «Вы мае. Гэтыя дамы мае. Гэтыя людзі мае. Гэта краіна мая». Мне як мастаку нават балюча на гэта глядзець: ну зрабіце зялёны крыху халаднейшым, чырвоны крыху цямнейшым, і ўжо будзе не так балюча, гэта ж простыя рэчы. Тое самае тычыцца вар’яцкіх спроб крэатывіць — такое адчуванне, што на тым баку не засталося ніводнага больш-менш цвярозага чалавека. А я б, напэўна, па-іншаму ставіўся да ўлады, калі б яна дзейнічала хоць крыху больш прывабна. Бутэлька гарэлкі, машына са сцягам, аўтапрабег, трэшавы Славянскі базар, дзе спявачкі з прыклеенымі вейкамі і пазногцямі спяваюць лухту, — гэта не пераконвае. Мы бачым, у што ператварыўся Нікіта Міхалкоў, але ў яго, прабачце, ёсць «Незакончаная п’еса для механічнага піяніна». А ў што вы тут намагаецеся іграць, не маючы за сабой ніякага багажу, ні творчага, ні маральнага? Цяпер перад намі проста распісаны кардонавы сцэнічны заднік: паднімеш яго — а там дзірка.

— Ці можна вызначыць момант, пасля якога стала зразумела, што рабіць мастацтва тут рэальна небяспечна?

— Я даўно ведаю пра гісторыю бяспекі/небяспекі і мастацтвам правяраю гэтыя межы. Выразна помню, як мяняліся мае адчуванні: у 2008 годзе я пачаў выходзіць на акцыі, і чым было далей, тым станавілася горш. У 2014 і 2015 гадах я адмыслова выйшаў за горад, каб паказаць, што гарадская прастора поўнасцю зачышчаная, нягледзячы на барбершопы, кавярні і сваю хіпстар-штрасэ. Візуальна ў нас з’явіўся дабрабыт, мае сябры з-за мяжы былі ў захапленні ад Кастрычніцкай, але мяне гэты пыл у вочы ніколі не пераконваў. Я бачыў, як стэрылізуецца прастора і прыбіраецца любая няўзгодненая актыўнасць, пачынаючы з элементарнага жадання сфатаграфавацца ў горадзе — толькі выйдзеш за сваё гета, тут жа прыляцяць «Гэта нельга», «Туды не хадзі», «Там не стой», «Туды не глядзі». Цяпер жа проста адчуваеш, як побач узрываюцца бомбы: вось сябра дзёрнулі, потым іншага, яшчэ кагосьці ўзялі. У нашай краіне адмянілі будучыню і мы ўсе сядзім у здранцвенні: навошта мітусіцца, калі цябе закрыюць разам з выставай, пляцоўкай і да дзясятага калена выкарчуюць усю лінію арганізатараў. Я за ўвесь гэты час толькі дзве-тры работы нафарбаваў.

— Чаму, як вы думаеце, затрымалі Алеся Пушкіна?

— На мой погляд, цяпер абкатваюцца змены ў законе «аб экстрэмізме», і ўладзе трэба знайсці людзей, якія трапляюць у належную катэгорыю і могуць паказаць грамадскасці, што вось, ідзе супрацьдзеянне рэабілітацыі нацызму. І Алесь трапіў. І расказваць, што партрэт Яўгена Жыхара ўжо выстаўляўся, прычым на дзяржаўных пляцоўках, бессэнсоўна, бо ўлада стварыла сабе універсальную пугу, маўляў, як захочам, так і будзем трактаваць — гэтую работу проста здымем, а за гэтую проста пасадзім. Пушкін — вельмі абаяльны чалавек, на выставе «Кожны з нас» мы разгаварыліся, і ён сказаў, маўляў, мастаку трэба трохі папакутаваць. Я запомніў гэтыя словы, і вось ён уласна і паехаў пакутаваць, бо ў Кіеве ўжо ведаў пра сваю крымінальную справу. У нашым мастацтве самаахвярнасць увогуле стала першачарговай — маскулінна-патрыярхальны шаблон чалавека-пераможцы больш не працуе, на паверхню ўсё часцей выходзіць мастак-ахвяра.

«Мы вырошчвалі мастацтва ў колбачцы, як апошні расток на Зямлі, а яго выкінулі на сметніцу» — вялікая размова з мастаком Міхаілам Гуліным

— Тэарэтычна, калі цяпер выйсці і зладзіць мастацкую акцыю на вуліцы, што будзе?

— З акцыянізмам стала складана, бо цяпер любое выказванне на вуліцы — гэта пра палітыку, нават калі ты з кветкай выйшаў. У гэты рэвалюцыйны перыяд было шмат акцый-не акцый: дастаткова пастаяць пятнаццаць хвілін з белым лістом і гэта ўжо выказванне. З апошніх арганізаваных акцый з добрым візуальным драматызмам успамінаюцца спевы Вольнага хору ў мемарыяле «Яма». А ў цэлым усё перацякае ў віртуальнасць, ананімнасць, у акцыянізме на першы план выходзіць адрэналін — ты ацэньваеш поспех не па ступені мастацкай выразнасці, а па тым, як здолеў пазбегнуць небяспекі. Ва ўмовах адсутнасці логікі загадваць бессэнсоўна: дзяўчат затрымлівалі з восеньскімі лісткамі ў руках, за стужкі, спадніцы, шкарпэткі. Нядаўна разам з маім сябрам на волю выходзіў хлопец, ледзь не школьнік, якога затрымалі за значок «Вучоба важнейшая». Таму за акцыю ты можаш трапіць у адвал 15 сутак, можаш трапіць на штраф, а можаш трапіць на экстрэмізм, адраджэнне нацызму ці ўвогуле угон касмічнага карабля і здраду нацыянальным інтарэсам радзімы.

— Як вы ставіцеся да тых, хто сёння супрацоўнічае з дзяржаўнымі пляцоўкамі?

— На гэтым этапе, калі ўсіх калбасіць і будучыні няма, кожны знаходзіць свой шлях, як прайсці зону турбулентнасці, у тым ліку фінансавы, каб не з’язджаць. Але па магчымасці гэта, канечне, павінна быць чысцей. Думаю, супрацоўніцтва можа быць толькі ў тым выпадку, калі ты не прымаеш рашэнні казніць-мілаваць у дачыненні да іншых людзей, а проста намагаешся учапіцца ў спінку крэсла і ацалець. Гэта зноў жа гісторыя партызанскага атрада і мірных жыхароў: нехта займае канкрэтную пазіцыю, але застаюцца людзі, якія жывуць у вёсцы, кожны дзень бачаць акупацыю і ходзяць на рынак па прадукты за рэйхсмаркі. Але ў тым ліку калабарацыянізм дазволіў усяму гэтаму сфарміравацца, зрэшты, гэта не феномен менавіта лукашэнкаўскай эпохі — успомніць тое ж руйнаванне Мінска з усеагульнай маўклівай згоды ці разбурэнне падмурку гісторыі, калі адлік стаў весціся з 1917 года, а то і ўвогуле з Другой сусветнай вайны. У мяне адчуванне, што і нашы продкі сядзелі на чамаданах, а справа налева альбо злева направа хадзілі воіны — і тыя то ў лес, то з лесу, то ў зямлянкі, толькі нешта пачалі будаваць, а ўжо адабралі. Адсутнасць выразнага свайго месца перакачавала ў наш час, тут не было нацыянальнага фундамента. Я інтэрнацыяналіст, але разумею, што ступені эвалюцыі нельга пераскочыць: спачатку трэба выбудаваць нацыянальнае, а потым ад яго адмовіцца на карысць нечага больш глабальнага. Для мяне гэтаксама неадназначна выглядаюць спробы нешта будаваць паводле заходніх шаблонаў.

«Мы вырошчвалі мастацтва ў колбачцы, як апошні расток на Зямлі, а яго выкінулі на сметніцу» — вялікая размова з мастаком Міхаілам Гуліным

— Напрыклад?

— Мне заўсёды падавалася сумніўнай гульня ў хіпстар’ё: у ёй няма пачуццёвасці, няма фундамента, бо ў нас не было сэксуальнай рэвалюцыі, не было эпохі «сэкс, наркотыкі і рок-н-рол», не было часоў пацыфізму хіпі і так далей, а мы намагаемся праскочыць гэтыя рэчы і ў нашым гета вырасціць расткі свабоды. Але зводзяцца яны толькі да музыкальных пераваг, добрай кавы і шмотак, прыцягнутых з Польшчы ці Літвы. Праскочыць нейкія прорвы можна толькі за кошт вялікіх фінансавых уліванняў, а мы не можам гэта сабе дазволіць. Таму адразу бачна: «Пачакайце, чаму я праходжу хіпстар-штрасэ і бачу гандлёвы цэнтр «Ленінград»?». Вам выдзелілі месца, дзе можна з’есці фалафель, пастрыгчы бараду і пакатацца на скейце, але праз дзвесце метраў гэтага ўжо нельга, тут з тваімі сінімі валасамі табе ўжо могуць уламіць. Гэтыя рэчы такія ж знарочыстыя і відавочныя, як і дзяржаўныя шаблоны, маўляў, у нас будзе свята, калі мы на трактар начэпім вочкі і капялюш. І гэтыя не разумеюць, як без чаркі-шкваркі зрабіць «ашчушчэніе» свята, і нашы рабяты не разумеюць, што як бы яно добра не глядзелася, усё роўна гэта толькі астравок, і яго могуць у любы момант забраць. Таму трэба ў першую чаргу змагацца не за астравок, а за ўмовы, у якіх яго ў цябе не адбяруць. Цяпер жа ў нас усё выкарчоўваецца — хутка застанецца палатачка з гарэлкай, шашлычком і бутэрбродзікам з падвялай цыбуляй.

— А ў беларусаў увогуле ёсць стыль?

— Як паказвае пратэсная гісторыя, ёсць. Усё элементарна: абмяжуй колеравую палітру, пакінь чырвоны, белы і чорны, зрабі гэтую аскезу — ужо добра, у нашых продкаў усё было. Гэта і ўрачыстае, і простае спалучэнне — проста ідэальна. Калі бачыш панарамныя здымкі нашых маршаў, іх каларыстыку, разумееш, што ёсць у нас густ, блін, ёсць. Усё ёсць, галоўнае толькі, не кіраваць гэтым і не абмяжоўваць.

Поделиться ссылкой: