Чарнобыльская трагедыя падзяліла гісторыю нашай краіны на «да» і «пасля», аднак з цягам часу паняцце «Чарнобыль» перастала быць чыста тэхнічным. Прынамсі, для Беларусі.

 

На дваццаць першы год дваццаць першага стагоддзя Чарнобыль прасякнуў усё ў нашай краіне, ён перастаў быць чыста тэхналагічным ці геаграфічным паняццем. У Беларусі пры цяперашнім рэжыме Чарнобыль — бы тая гідра, шматгаловая, мярзотная.

У нас сёння шмат Чарнобыляў. Так, гэта, найперш, той фізічны Чарнобыль, тэхнагенная трагедыя, якая працягвае вынішчаць наш народ праз захворванні, звязаныя з радыяцыйным забруджваннем. І канца гэтай бядзе не відаць, яшчэ не адно пакаленне беларусаў будзе зведваць на сваім здароўі наступствы безадказнага абыходжання з «мірным атамам».

Гэта прававы Чарнобыль, які яшчэ ў нас называюць прававым дэфолтам. Гэта калі ў краіне не дзейнічаюць законы, калі ўлады забыліся на паняцце права, калі адсутнічае незалежны суд, які зараз выносіць не проста несправядлівыя, але часта зусім незразумелыя вердыкты ў дачыненні да апанентаў існуючага дзяржаўнага ладу. Калі ў краіне літаральна вынішчаецца інстытут незалежнае адвакатуры, адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, а грамадзяне губляюць магчымасць на абарону сваіх правоў у судах. Калі людзей звальняюць з працы, штрафуюць і судзяць толькі за тое, што яны карыстаюцца замацаваным у Канстытуцыі сваім правам на свабоду сходаў і меркаванняў. Калі за гэта іх бязлітасна збіваюць, калечаць і нават забіваюць «сілавікі», а пракуратуры адмаўляюцца заводзіць супраць іх крымінальныя справы і, наадварот, пад крымінальны пераслед трапляюць самі пацярпелыя.

Гэта інфармацыйны Чарнобыль, калі з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў, з радыёкропак і са старонак афіцыйнай прэсы льюцца патокі хлусні пра апазіцыю, пра вядомых у краіне і далёка за яе межамі людзей, абразы і пагрозы. Калі афіцыйныя медыя яшчэ да вынясення прыгавораў называюць людзей злачынцамі, калі падрабязнасці судовых спраў з’яўляюцца ў тэлепраграмах, хоць гэта і супярэчыць заканадаўству. Калі афіцыйныя журналістыка ператварылася ў крыніцы непрыхаванай, нават агалцелай прапаганды, якая не грэбуе аніякімі сродкамі і метадамі, а самыя ярыя прапагандысты атрымліваюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды. У той час як недзяржаўных журналістаў кідаюць за краты, даюць гады пазбаўлення волі за імкненне данесці да чытачоў, слухачоў і гледачоў праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі і па-за яе межамі. Калі ў краіне знішчаюцца незалежныя выданні, забараняецца продаж недзяржаўных газет і часопісаў, а журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, пазбаўляюць акрэдытацыі.

Гэта і культурны Чарнобыль, калі тут вынішчаецца нацыянальная тэатральная культура, звальняюць цэлыя калектывы артыстаў, калі музыкаў судзяць, штрафуюць і кідаюць на суткі за вулічныя канцэрты, таму многія вымушаны пакідаць краіну і шукаць магчымасці для далейшай творчасці ў часовай эміграцыі. Калі з прапагандысцкіх тэлеканалаў валам валіць хлусня пра гістарычную сімволіку, асобныя творы выбітных беларускіх літаратараў, пра гістарычных дзеячаў і падзеі. Калі меншае колькасць дзетак, што навучаюцца па-беларуску, калі ў краіне няма НІВОДНАЙ вышэйшай навучальнай установы, дзе ўся адукацыя вялася б на мове тытульнай нацыі. Дзе нават проста за тое, што на вуліцы размаўляеш на беларускай мове, можаш апынуцца ў пастарунку па падазрэнні ў «сувязях з апазіцыяй» і «прочымі дэструктыўнымі сіламі». Калі, у рэшце рэшт, па прычыне нязгоды з палітычным рэжымам, які пануе ў Беларусі, сюды адмаўляюцца ехаць выдатныя замежныя выканаўцы, артысты, літаратары.

Гэта і эканамічны Чарнобыль, калі ўласная эканоміка амаль не развіваецца і ў вельмі вялікай ступені залежыць ад эканомікі суседняй Расіі, калі дзяржаўны доўг, створаны пры ўладзе Лукашэнкі, расце бы на дражджах, дасягнуўшы многія дзясяткі мільярдаў долараў, і за які разлічвацца будзе не адно наступнае пакаленне беларусаў. Гэта калі не існуе замацаванай у Асноўным законе роўнасці ўсіх суб’ектаў гаспадарання, а дапамогу атрымліваюць толькі дзяржаўныя ўстановы — ці то СМІ, ці то прадпрыемствы, якія самі па сабе, без датацый і льгот, не ўстане нават проста існаваць. Гэта калі вопытныя працаўнікі, лепшыя навукоўцы, медыкі, педагогі, айцішнікі масава выязджаюць у блізкае і далёкае замежжа на часовае ці сталае месца жыхарства, бо не бачаць для сябе перспектыў у сябе на радзіме, праз што краіна губляе мільярды долараў штогод. Калі захоўваюцца прадпрыемствы, пра існаванне якіх у развітых эканамічных краінах даўно забыліся б, а для стварэння чагосьці рэальна новага і прыбытковага не хапае ці то жадання, ці то элементарных мазгоў. Калі праз палітыку тутэйшых уладаў супрацоўнічаць з Беларуссю адмаўляюцца вядомыя брэнды і фірмы, калі падае экспарт у краіны Захаду, калі падаюць валютныя паступленні, а золатавалютныя рэзервы змяншаюцца, праз што ўлады прымаюць дзіўныя рашэнні пра магчымыя варыянты валютнага рэагавання, што можа выклікаць непрадказальную рэакцыю ў грамадзян.

Гэта і маральны Чарнобыль, калі ў той час, як многія людзі, нават незнаёмыя, імкнуцца дапамагчы адзін аднаму, што асабліва выявілася падчас аблаў у мікрараёнах пасля вулічных акцый пратэсту ці салідарнасці, некаторыя сталі даносчыкамі, якія інфармавалі сілавікоў пра сцягі ў кватэрах, пра схаваных там актывістаў, нават пра дадатковыя даходы. Гэта незразумелая, паталагічная, нават звярыная жорсткасць некаторых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія збівалі і катавалі людзей у пастарунках і ізалятарах і не неслі за гэта адказнасць. Гэта і амаральная хлусня пра міфічныя перавароты і замахі, у выніку чаго пад следствам знаходзяцца ў тым ліку і вядомыя гуманітарыі. Гэта і далёкія ад высокай маральнасці выпады на адрас міжнароднай супольнасці, асобных краін і іх лідараў, якія гучаць у выкананні тутэйшых гора-дыпламатаў, што штурхаюць краіну ў бок яшчэ большай ізаляцыі ад цывілізаванага свету.

Сёння над нашай краінай моцна, завыўна нясецца набат. І варта было б не забывацца, па км гучыць гэты самотны Чарнобыльскі звон. Ён гучыць па кожным з нас. І нічога з гэтыім не зробіш. Калі, канешне, нічога не рабіць…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»