Пачынаецца сезон птушкападу: людзі дасылаюць у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны” паведамленні пра савянят, якіх знаходзяць на зямлі. Тлумачым, чаму птушаняты апынаюцца там і як ім не нашкодзіць.

Подлетак белай пліскі (белой трясогузки) Фота Кацярыны Букас

Подлетак белай пліскі (белой трясогузки). Фота Кацярыны Букас, t.me/ptushkafota

Пачынаючы з красавіка і да канца ліпеня на зямлі можна пабачыць птушанят-подлеткаў. Яны падраслі і пакідаюць гнёзды, каб навучыцца жыць самастойна. Гэта нармальная прыродная з’ява, перажываць за птушанят, спрабаваць пакарміць і забіраць іх дадому не трэба.

Пакуль яны вучацца лётаць, за імі прыглядваюць бацькі, якія працягваюць іх карміць. Калі ты не бачыш побач дарослых птушак, не турбуйцеся: яны не кінулі птушаня, проста не паказваюцца табе на вочы.

— Подлеткі звычайна часткова пакрытыя пухам, махавыя і рулявыя пёры могуць быць часткова ў трубачках, — тлумачыць спецыяліст АПБ Анастасія Пярко. — Савяняты пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху. У вераб’іных птушанят на краях дзюбы — жоўтыя валікі, якія павялічваюць памеры дзюбы, каб бацькі не прамахнуліся з кормам, таму іх называюць “жаўтароцікамі”.

Савяня. Фота Анастасіі Майфет

Подлетак шэрай кугакаўкі. Фота Анастасіі Майфет

Забіраць птушанят-подлеткаў катэгарычна нельга: лепш за бацькоў ты пра іх не паклапоцішся, а рызыка, што ад няправільнага догляду птушаня загіне, вельмі высокая. Калі ўсё ж вы ўзялі подлетка дадому, як мага хутчэй вярніце яго на тое самае месца, дзе яно сядзела.

Подлетак дразда. Фота Віталя Некрашэвіча

Подлетак дразда. Фота Віталя Некрашэвіча

Калі вы бачыце подлетка ў горадзе, то ацаніце месца: ці бяспечнае яно? Калі побач – ажыўленая сцежка, дарога, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня да кустоў ці дрэваў паблізу, падсадзіць на галінку, падкінуць на брыль пад’езда або дах гаража, каб па вашым паху яго не знайшоў сабака або кот: там бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не. Рабіце гэта вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс. Не пашкодзьце далікатныя косткі птушаняці і не павыдзірайце пёркі.

Калі ўбачыце траўмаваную птушку (напрыклад, яна цягне крыло, кульгае, закідвае галаву), то можна звярнуцца па дапамогу ветэрынара або валанцёраў. Таксама можна спытаць парады ў Telegram-чаце “Ціў-ціў!”

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»