Соль у вочы ад Генадзя Давыдзькі

Інфармацыя пра тое, што ў Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца праект новага закона аб сродках масавай інфармацыі, не стала ні для кога нечаканасцю. Занадта пільнаю была ўвага ўлады да журналістаў недзяржаўных СМІ апошнія паўгода. Дзясяткі іх прайшлі праз следчыя ізалятары, суды і турмы (многія знаходзяцца за кратамі па сёння). Таму было ясна: дзяржава абавязкова закруціць гайкі і ў галіне заканадаўства аб СМІ, зробіць яго больш жорсткім (асабліва ў дачыненні да інтэрнэт-выданняў).

Даведаўшыся, што адпаведны законапраект распрацоўваецца ў ПП, Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў найвышэйшы заканадаўчы орган з прапановай публічна абмеркаваць і дапрацаваць той будучы закон з удзелам журналісцкай супольнасці. Ну а як жа іначай? Калі прымаюцца законы ў ваеннай сферы, выслухоўваюцца вайскоўцы, калі ў галіне сельскай гаспадаркі – аграрыі, калі ў сферы медыцыны – медыкі. Але дэпутатам-заканадаўцам, відаць, тое не ў галаве.

Палата прадстаўнікоў зварот БАЖа цалкам праігнаравала і цішком прыняла спечаны ва ўласнай пякарні законапраект да разгляду. А старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька напісаў у БАЖ ласкавы ліст з падзякай за клопаты і спадзяваннем на супрацоўніцтва – у будучыні. У будучыні, бо цяпер вы, маўляў, спазніліся – праект закона ўжо прыняты.

Атрымалася, як у той прыказцы: у вочы – саколю, а за вочы – соллю. Прычым сыпле соллю Давыдзька ўжо не шчопцямі і не жменяй, а цэлымі прыгаршчамі. І пры гэтым – не хаваючы крывадушша. Бо «аўтарытарны дэмакрат» (Давыдзькава самахарактарыстыка) не мог не звярнуць увагі на дзве даты. Ліст з БАЖа паступіў у Палату прадстаўнікоў 6 красавіка, а прыняты законапраект датаваны 16 красавіка. Розніца – ажно дзесяць дзён. Ды за гэты час любы закон можна з нуля напісаць, а не толькі папраўкі ў гатовы тэкст унесці!

Што будзе далей – варажыць няма патрэбы. ПП, вядома ж, прыме той закон. Не для таго яго так старанна аберагалі ад умяшання збоку, каб раптам адкласці на паліцу. І зажывуць недзяржаўныя СМІ (новы закон – вуздэчка найперш для іх) па новых артыкулах. Якія без перабольшвання можна назваць драконаўскімі – столькі там розных абмежаванняў і карных мераў прадугледжана!

Скажам, журналістам будзе забаронена весці стрымы з не дазволеных уладай акцый. І гэта пры тым, што ўся сучасная журналістыка якраз і працуе анлайн, учарашнія падзеі сёння нікога не цікавяць.

У СМІ будзе забаронена публікаваць вынікі сацапытанняў, калі яны не былі дазволены дзяржуладай. Адным словам, пакуль тыя вынікі не пералічыць Ярмошына, не суйся з імі на газетныя старонкі.

А яшчэ новы закон прыраўняе журналістаў да ўдзельнікаў акцый, і які-небудзь фотакарэспандэнт, які, напрыклад, выбежыць дзеля патрэбнага кадра ў галаву людскога шэсця, будзе кваліфікаваны як завадатар…

Карацей кажучы, хоць крычы, хоць галасі, а рады не дасі. Працэс запушчаны. І кіраўніку профільнай камісіі Генадзю Давыдзьку, як выглядае, імпануе адведзеная яму роля накідвальніка вуздэчкі на недзяржаўныя СМІ. Толькі яму варта памятаць: бывае, і аб’езджаны конь падбрыкне і скіне свайго ўтаймавальніка долу. А можа здарыцца і горай. Як у той беларускай народнай казцы: жартаваў воўк з канём, ды ў жмені зубы панёс. І дзе тады бяззубы і камісаваны з усіх камісій «аўтарытарны дэмакрат» падзенецца?

Антон ЗАГОРСКІ.

Поделиться ссылкой: