Сад Івонкі Сурвіллы
Сад Івонкі Сурвіллы

У мінулую суботу канадскія беларусы зладзілі суботнік – прывялі ў парадак сад ля дома Івонкі Сурвіллы, старшыні Рады БНР.

11 красавіка Згуртаванне беларусаў Канады віншавала спадарыню Івонку з 85-годдзем. Сурвілла жыве ў Квебеку ў невялічкім (па канадскіх мерках) дамку, вакол якога – вялікі сад. Пашанотны ўзрост не дазваляе ёй дасканала даглядаць тэрыторыю, таму суайчыннікі і вырашылі давесці сад да ладу.

На жаль, праз кавідныя абмежаванні (у правінцыі Квебек зараз адначасова разам могуць збірацца не больш за тры чалавекі) усе жадаючыя не змаглі ўзяць удзел у акцыі. Як заўжды, зазірнула суседка Івонкі Сурвіллы Віўен, якая вельмі любіць суполку беларусаў, заўсёды далучаецца да сумеснай працы і да пікнікоў, што ладзяцца потым.

– Добра папрацавалі! – задаволена распавядае былая мінчанка Ірына. – А потым доўга размаўлялі з нашай цудоўнай Івонкай. Яна распавяла пра інтэрв’ю, што ў яе бралі апошнім часам, даючы вельмі цікавыя і трапныя характарыстыкі журналістам. Прыязна адклікалася аб Святлане Ціханоўскай.

Івонка вельмі любіць свой сад і помніць гісторыю кожнага дрэва. Кажа: “Вось гэту грушу пасадзіў Янка. А вось тут рос персік…” Яна нават прасіла не зразаць старыя засохлыя галінкі – у іх спляценні ёй бачацца выявы і вобразы. Яна так і казала з усмешкай: “Калі ласка, не чапайце мае японскія дрэвы!”

На памяць прыйшлі радкі з верша беларускага паэта Юрася Шамецькі, які жыве ў Канадзе: “…хочацца проста жыць, каб глядзець, як хвалююцца дрэвы навокал…”

У мінулым годзе беларусы пасадзілі ў садзе Івонкі райскую яблыньку ў памяць аб яе дачцэ Паўліне Сурвілле, якая заўчасна пайшла з жыцця год таму. Дрэўца добра перазімавала і гатова распусціцца.

Аляксандра БАТУРЫНА.

Поделиться ссылкой: