Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

На жыхарку сталічнай Новай Баравой быў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што быццам бы яна ўвечары са свайго балкона на 8-м паверсе крыкнула словы “Жыве Беларусь!”. У судзе жанчына сцвярджала, што ў гэты час яе не было дома, нават прад’явіла двух сведак, а пратакол быў складзены менавіта на яе, бо раней службоўцы двойчы папярэджвалі за сняжынкі на акне. Тым не менш суд аштрафаваў “зламысніцу” на 870 рублёў.

Той участковы быў вясёлы,
Як абыходзіў свой раён:
На шчасце, нейкае крамолы
Вакол сябе не бачыў ён.
Трымаючы сцяжкі й плакаты,
Ніхто не шастаў па двары,
Стаміўшыся, пайшлі дахаты
І жыхары, і бунтары.
І тут прысеў ажно ўчастковы,
Пачуўшы:
– Беларусь жыве!
У скроні гэтыя два словы
Ударылі, як кулі дзве.
Здалося, голас той жаночы –
Зусім не бас ці барытон.
У цемру, навастрыўшы вочы,
Стаў узірацца пінкертон.
Аднак ні блізка, ні далёка
Не ўбачыў ён людзей ані.
Падобна, словы прагалёкаў
Зламыснік нейкі з вышыні.
Паблізу дом шматпавярховы,
Адтуль і чуўся крык, бадай.
Крыху задумаўся ўчастковы,
Бо паспрабуй яму ўгадай,
З якога цёмнага балкона
Уніз зляцеў крамольны крык.
Здагадка ўзнікла ў пінкертона
(Лічыў, што правільны разлік),
З якой галёкалі кватэры.
Жанчына там “без тармазоў” –
Калегі-міліцыянеры
Яе “ўшчувалі” шмат разоў:
Чырвона-белыя сняжынкі
Яна чапляла на акно.
Хоць на балконе са сцяжынкі
Жанчыны не было відно,
Ды быў упэўнены ўчастковы:
Галёкнула якраз яна
І на судзе за тыя словы
Павінна атрымаць спаўна.
І ў абарот узяў кабету,
І суд адбыўся сапраўды.
Для ўсіх, бадай, няма сакрэту,
Якія ў нас цяпер суды
І як выносяць прыгаворы
Тым, хто “патрапіў пад пяту”.
І гэты суд быў вельмі скоры:
Як павялося ўжо, “мянту”,
А не жанчыне даў ён веры,
Хоць і даводзіла яна:
– Ды не было мяне ў кватэры –
Я гасцявала да відна!
І гэта вам пацвердзяць сведкі!
Якім жа вырак быў суддзі?
Як кажа люд пра вырак гэткі,
Да варажбіткі не хадзі…

***

А я, сябры мае, паверу,
Што ў гэты вечар сапраўды
У вушы міліцыянеру
Праніклі словы тыя, ды,
На жаль, служака не дапетрыў,
Не ўзнікла думка ў галаве:
Само ўжо носіцца ў паветры
Выслоўе “Беларусь жыве”…

Дзялілі гора
Бацька багаты сканаў кагадзе,
Грошай пакінуў нямала.
Ярасна дзеці дзялілі ў судзе
Гора, што іх напаткала…

Недастойны
Падумаў мужчына,
Аж дзве паўлітроўкі
Заліўшы ў вантробы свае:
“Такая прыгожая знешнасць сяброўкі,
Што я недастойны яе…”

Выйсце і ўваход
Выйсце ўсё-ткі – дома і на працы –
Я з любых знаходжу сітуацый.
Думка дакучае з года ў год:
Як туды знаходжу я ўваход?

Яшчэ не жанаты
– Позна ўжо. Ты павінны, малеча,
Паспяшацца дахаты!
– Вашы словы зусім недарэчы:
Я яшчэ не жанаты.

Поделиться ссылкой: