Карбалевіч: Перамовы не далі Лукашэнку выбара
Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве, 22 красавіка 2021

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч разважае на Радыё Свабодзе аб стрце Беларуссю пазіцыі нейтралітэту і “хатніх нарыхтоўках” на перамовах у Маскве 22 красавіка.

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пачаліся вельмі цікава. Традыцыйна падчас пратакольных здымак палітыкі ў прысутнасьці мэдыяў кажуць банальныя рэчы пра жаданне развіваць двухбаковыя адносіны. І ніколі журналісты не задаюць пытанняў. Звычайна да журналістаў выходзяць пасля перамоваў, ладзіцца кароткі брыфінг. І тое далёка не заўсёды.

Цяпер традыцыя была радыкальна парушаная. Расійскі журналіст раптам, насуперак усім пратаколам, вырашыў задаць пытанне абодвум кіраўнікам. І тыя, як быццам бы так і належыць, пачалі адказваць. І, вось дзіва, тэлеканал «Россия» даў усё гэта ў эфір. Такая вытанчаная хатняя нарыхтоўка.

Пытанні тычыліся дачыненняў з Украінай. Зразумела, гэта быў спланаваны сцэнар. Яго сэнс палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку салідарызавацца з Пуціным у пытанні расійска-ўкраінскіх дачыненняў. І таму не было куды дзявацца. Прыехаўшы у Маскву па чарговыя даброты, апынуўшыся перад тэлекамерамі, ён проста ня меў выбару.

Ён падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся з лідэрамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся прэзідэнту Расіі на украінскага кіраўніка («Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага»). А потым западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць Мінскія пагадненні. Тым самым падтрымаўшы Расію ў яе канфлікце з Украінай. Што і патрабавалася.

Такім чынам, спачатку супольная аперацыя КДБ і ФСБ супраць мітычных змоўшчыкаў спаліла масты у адносінах Беларусі з ЗША, а разам з гэтым абрушыла і канструкт шматвектарнасці. А цяпер руйнуецца беларускі нейтралітэт адносна расійска-ўкраінскага канфлікту.

Ад былой пазіцыі Беларусі як мадэратара, пасярэдніка ў гэтым супрацьстаянні застаецца ўсё менш. Усё гэта — плата за расійскую падтрымку Лукашэнкі. І, гледзячы па ўсім, цана гэтай падтрымкі ўзрастае.

Поделиться ссылкой: