Як славутая спартсменка паставіла на месца чыноўніка
Алена Леўчанка

Баскетбалістка Алена Леўчанка дала параду старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола Максіму Рыжанкову: «Зрабіце карысную справу – заставайцеся ў сваёй палітыцы і не лезьце ў спорт».

Днямі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў быў пераабраны кіраўніком Беларускай федэрацыі баскетбола.

«Калі надакучу, то вы скажыце – пакіну пасаду, сціпла заявіў пры гэтым чыноўнік. Але не хацелася б…»

Таксама Рыжанкоў прызнаўся, што расчараваны дзеяннямі капітана зборнай Кацярыны Сныцінай, якая вядома сваёй грамадзянскай пазіцыяй і адмовілася выступаць за нацыянальную каманду.

«Глыбока расчараваны дзеяннямі Сныцінай, распавёў кіраўнік федэрацыі pressball.by. Як капітан яна павінна была ўзважана і разумна падыходзіць да выказванняў на палітычныя пытанні, разумець, як гэта можа адбіцца на зборнай. Мая пазіцыя такая: пакладзі мандат, і тады ты вольны ў выказванні сваіх поглядаў.

Тое ж самае тычыцца і былога намесніка старшыні федэрацыі Ягора Мешчаракова. Для мяне паказальным стала прызнанне Сныцінай, што ў калектыве падтрымкі яна не знайшла. Значыць, расколу не адбылося, камандны дух не згублены, на чэмпіянаце Еўропы зборная здольная выступіць паспяхова».

Пасля гэтага функцыянеру дала добры адлуп славутая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, якая зараз выступае за грэчаскі «Панацінаікас».

«За апошнія пяць гадоў вы, спадар Рыжанкоў, развалілі жаночы баскетбол! – эмацыйна выказалася спартсменка. – Медалі мы заваёўвалі да вас, і ў эліце сусветнага баскетбола мы апынуліся да вас!

А што зрабілі вы? Вы ганарыцеся і прыпісваеце сабе нашы дасягненні, але «прыбралі» ўсіх, хто зрабіў свой унёсак у гэтыя дасягненні. Вы ніколі ў жыцці не гулялі ў гэты від спорту, але занялі пасаду кіраўніка федэрацыі і сталі затыкаць рот непажаданым і нязгодным. Нацыянальная зборная не выйшла з групы на двух апошніх чэмпіянатах Еўропы, не адабралася на чэмпіянат свету і на Алімпіяду. Вы звольнілі галоўнага трэнера Анатоля Буяльскага, таму што ён нібыта не абнаўляў зборную. Прайшло пяць гадоў, і што ж змянілася? Нічога!

Таму, калі вы загаварылі пра «расчараванне» Кацярынай Сныцінай і Ягорам Мешчараковым, то, скажу шчыра, для мяне адзінае расчараванне ў гэтай гісторыі – гэта ВЫ!

Выказваць сваё меркаванне – гэта права кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, гарантаванае нам усім Канстытуцыяй краіны. І незалежна ад таго, капітан ты ці не капітан, дырэктар лазні ці проста рабочы або банкір, – кожны мае права на сваё меркаванне.

Мы – не рабы. Гэта сістэма хоча зрабіць нас рабамі. Таму што вам патрэбны толькі пакорлівыя, маўклівыя спартсмены, якія стукаюць мячамі, ходзяць на Усебеларускі народны сход, ківаюць галавой і падпісваюць праўладныя лісты. І рэальнасць, на жаль, такая, што вы знайшлі тых, хто гатовы гэта рабіць. Але сапраўдны камандны дух, які вы згадваеце, грунтуецца не на гэтым. Камандны дух – гэта калі адзін у камандзе стаіць гарой за іншага. Таксама і федэрацыя павінна ўмець падтрымаць і пастаяць за сваіх. Каму як не дыпламатам пра гэта ведаць! А, мяркуючы па вашых учынках і выказваннях, вы паняцця не маеце пра тое, што такое камандны дух.

І напрыканцы: бачу, што вы любіце раздаваць парады. Тады і вам дам адну добрую параду: зрабіце карысную справу – заставайцеся ў сваёй палітыцы і не лезьце ў спорт. Гэта будзе самае лепшае, што вы можаце зрабіць для беларускага баскетбола. Краіна вас не забудзе!»

Поделиться ссылкой: