Як рэанімавалі адселеную вёску Савічы і чым гэта завяршаецца
Хаты на галоўнай вуліцы ў Савічах. Фота: Анатоля Гатоўчыца, "Народная Воля"

За 35-гадовую гісторыю пасля Чарнобыля вёска Савічы Брагінскага раёна перажыла нямала ўзрушэнняў. У маі 1986-га адсюль адсялілі 373 сям’і разам з саўгасам «Савічы». Тутэйшыя мясціны моцна засыпала не толькі цэзіем, але і стронцыем. Вёска апусцела і, здавалася, назаўсёды знікла. Трохпавярховую школу часова аддалі батальёну в/ч 3214, які ахоўваў 30-кіламетровую зону ЧАЭС ад толькі што адселеных у спешцы на некалькі дзясяткаў кіламетраў былых жыхароў ды аматараў пажывіцца ў «зоне» кінутым людскім дабром. Памятаю, камандзіры паказвалі мне спецыяльную сістэму сігналізацыі, акурат такую, што выкарыстоўвалі памежнікі. Называлася яна, здаецца, «Сава». Тонкая нітка меднага дроту, прыўзнятая над зямлёю, хавалася між кустоўя і высокай травы, агібаючы апусцелыя вёскі Стары і Новы Сцепаноў ды іншыя суседнія паселішчы, што пазбавіліся жыхароў з-за высокай радыяцыі.

Ніводная вёска за тым медным дротам не адрадзілася, а ў Савічы патроху сталі вяртацца жыхары. У сярэдзіне 1990-х гадоў тут ужо жылі больш за паўтары сотні самасёлаў. Улады давалі надзею, што радыяцыю перасіляць, вёска адродзіцца.

Цяпер у Савічах засталіся апошнія адзінаццаць жыхароў. Апусцелыя падворкі пры ўездзе закапалі не так даўно ў дол. А тыя, што засталіся на доўгіх вуліцах Леніна ды Перамогі, выглядаюць прывідамі – зараслі быльнягом, дзікім хмелем, кустоўем ды ладнымі дрэвамі. І толькі сем хацін яшчэ свецяцца вокнамі сярод гэтай нематы і запусцення.

«Няма інтарэсу жыць – можна анямець»

Вечарамі ў сярэдзіне вёскі на былой галоўнай вуліцы Леніна (дзе толькі не славілі бальшавіцкага ідала!) святло запальвае ў сваёй хаціне Кацярына Чэчка. Ведаю кабету даўно, як і гісторыю ўцёкаў яе сям’і ад чарнобыльскай радыяцыі.

Кацярына нарадзілася і вырасла ў Савічах. Тут і замуж пайшла, і пяцёра дзяцей нарадзіла. Але жыццё з першым мужам не задалося. Калі дзеці падраслі, пара афіцыйна развялася. Кацярына выйшла замуж другі раз – у вёску Залессе, што цяпер у 30-кіламетровай зоне вакол ЧАЭС. Тут і напаткала новую сям’ю жанчыны чарнобыльская эвакуацыя.

Як рэанімавалі адселеную вёску Савічы і чым гэта завяршаецца
Кацярына Чэчка. Фота: Анатоля Гатоўчыца, “Народная Воля”

Выселялі нас, – згадвала неяк Кацярына Маркаўна, – у велікодную ноч 1986 года. Ужо такіх жахаў нацярпеліся, што не дай табе божа. Усё пакідалі – і велікодныя стравы, і маёмасць. Можна сказаць, у адной адзежыне, што на нас была, і паехалі.

Спярша калгаснікаў з Залесся перавезлі ў Вуглы – вёску, што на поўначы Брагінскага раёна. Там перасяленцы туліліся па хатах вяскоўцаў да самай восені. Кацярына даглядала жывёлу, перавезеную з іхняга калгаса, а муж яе працаваў зваршчыкам. Набліжаліся халады. Перасяленцы кінуліся да мясцовых кіраўнікоў: «Дзе ж нам зімаваць?» Ну і парастырквалі іх тагачасныя ўладныя кіраўнікі каго куды.

Кацярына з мужам і дзецьмі апынуліся ў вёсцы Шкава Акцябрскага раёна. Тры зімы там перабылі, а пасля вярнуліся ў Савічы. Тут ужо было за сотню самасёлаў.

– Калі яшчэ жылі ў той Шкаве, – успамінала Кацярына, – то ездзілі адтуль на грузавіку ў зону, у наша Залессе, збожжа забіраць, якое засталося на складзе. У Шкаве не было чым сеяць, дык прыязджалі. І не адзін раз. Вось еду я паўз Савічы – і сэрца разрываецца: свае, родныя мясціны. Тут вакол хоць і радыяцыя, але, здавалася, дыхаецца лягчэй.

На чацвёрты год Кацярына з Іванам прадалі ў Шкаве свой дом, выдзелены ім як перасяленцам, і перабраліся ў Савічы. Нагледзелі на галоўнай вуліцы кінутую хату, пасяліліся, завялі гаспадарку – ад парасят да каровы. А яшчэ з вясны ў вясну абраблялі соткі, каб на доўгую зіму ўсё было сваё – і гуркі ў слоіках, і памідоры, і бульба з буракамі. Нават кавуны сеялі, якія тут паспяваюць набраць за лета асоладу. І радыяцыі таксама.

Увесну 1996 года ў Савічы да чарнобыльскіх самасёлаў прыязджаў Аляксандар Лукашэнка. Мясцовую краму тады вычысцілі, навезлі харчоў, прамысловых ды гаспадарчых тавараў. Сабралі да крамы ледзь не ўсіх самасёлаў. Падвезлі нават вяскоўцаў з суседніх вёсак. Поўная вуліца сабралася.

Тут Лукашэнка і агучыў новы падыход да пражывання грамадзян на заражаных радыяцыяй тэрыторыях: «Хочаце жыць – жывіце!» І распарадзіўся даць у падмогу самасёлам камбайн і трактар – пад воплескі і ўхвалу прысутнай грамады. Тагачасны міністр аховы здароўя Інеса Драбышэўская, якая таксама была ў той паездцы, аж жахнулася ад такой рэакцыі: «Жанчыны, пра сябе, пра дзяцей падумайце!» Развага міністра, урача-анколага па прафесіі, патанула ў нейкім зухаватым гуле: «Радыяцыя нас не бярэ! Мы тут адаптаваліся». Але прамінулі якія два дзесяцігоддзі, і ад ранейшага энтузіязму не засталося ані знаку. Краму зачынілі, а пасля будынак наогул знеслі.

Камбайн той з трактарам, што Лукашэнка даў, дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства «Чамярыскі» (зараз ужо ААТ) адразу забрала ў Хракавічы – за 25 вёрст ад Савічаў. А неўзабаве вялікая тэхніка самасёлам наогул не прынадзілася: араць ды засяваць ладныя плошчы яны ўжо не маглі, а з гародамі ды бульбянымі соткамі каля хат спраўляліся конікам альбо мотаблокам – наймалі прыватніка з Грушнага ці Прасмычоў.

«Паганая гэта хвароба»

Муж Кацярыны пасля пераезду мала пажыў, неспадзявана памёр. Што з ім здарылася, жанчына і дагэтуль дакладна не ведае. Многія іншыя самасёлы таксама, як кажа Кацярына, «адчэзлі». Перасяліліся ў свае вечныя хаціны ў канец вуліцы Леніна, дзе ў Савічах здавён знаходзіцца пагост. Паўміралі нават адносна маладыя.

– Паганая гэта хвароба ў лёгкіх была, – зазначае Чэчка.

Зараз у вёсцы засталося толькі адзінаццаць самасёлаў з былых амаль двухсот – тых, хто імкнуўся пры падтрымцы ўлад «рэанімаваць» Савічы пасля чарнобыльскай катастрофы.

Кацярына палічыла аднавяскоўцаў, можна сказаць, па пальцах. Рукі і тулава ў яе моцна трасуцца, а вочы вільгатнеюць:

– Сама я ўжо ледзьве тупаю. Ногі вельмі баляць, задышка мучыць. Ужо ні дроў прынесці не магу, ні ў склепік па бульбу спусціцца. Каб не сын Грышка, то мяне ўжо даўно не было б на гэтым свеце, – скрушна дадае кабета.

Чэчка апошнім часам моцна хварэе. Перыядычна выклікае з Брагіна хуткую дапамогу – добра, што стацыянарны тэлефон ёсць у хаце. Крыху раней жанчына тры месяцы з невялікім перапынкам ляжала ў Гомелі ў анкалогіі. Цэлы букет усяго пазнаходзілі. Пасля гэтага праходзіла стацыянарнае абследаванне ў райбальніцы дзеля збору медыцынскіх дакументаў на вызначэнне групы інваліднасці. Але на гэтым усё заціхла, быццам нічога і не было.

– 8 сакавіка мне споўніўся 81 год, – дзеліцца сваімі клопатамі Кацярына. – І па ўзросце, і па стане здароўя мне належыць мець сацыяльнага работніка па доглядзе. Была неяк у Брагіне ў лекара. Заклыпала і ў сацыяльную службу райвыканкама ды расказала ім пра сваю бядзіцу. Кажу, што сын найлепш мяне дагледзіць – ён і жыве побач, і працы не мае. Яго б аформіць па доглядзе. Дык мне адказваюць: на гэта ў іх няма грошай.

Забягаючы наперад, дадам, што па вяртанні з Савічаў я таксама заходзіў ва ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Заспеў там намесніцу начальніцы Людмілу Данчанку. Яна надта не хацела нічога казаць на дыктафон, раіла звярнуцца да старшыні райвыканкама Кохана, каб той даў дазвол на размову з ёю. Урэшце паведаміла, што Кацярыне Маркаўне трэба падаць ва ўпраўленне медыцынскую даведку аб тым, што яна мае патрэбу ў доглядзе. У такім разе нават да вызначэння групы інваліднасці ўпраўленне мае права афіцыйна прызначыць сына цягам шасці месяцаў даглядаць маці – з адпаведнай аплатай працы.

Але гэта будзе пазней, а пакуль Кацярына, абапіраючыся на тронак агароднага сякачыка, паціху тупае па двары і расказвае, што з дапамогай сына мае сёлета «і картоплю пасадзіць, і памідоры, і моркву з бурачкамі». Пра кавуны таксама згадвае. У гародзе ажылі трускалкі, шчаўе паднялося, цыбуля зелянее.

– Доўга я ўжо не пражыву, але ж трэба сеяць, бо без сваёй гародніны і бульбіны нам з Грышам не выжыць. Мы ж, лічы, на маю пенсію ўдваіх жывём. Аўталаўка прыедзе – купім сабе што па патрэбе, а гародніна свая, і перабіваемся так з дня на дзень. Ужо няма інтарэсу жыць – можна анямець у гэтай пустэльні, – з яўнымі ноткамі маркоты зазначае кабета.

Наконт радыяцыі Чэчка не турбуецца з фатальнага жыццёвага прынцыпу: «А дзе яе цяпер няма?!» У адзін з прыездаў жанчына распавядала, што да яе наведваліся навукоўцы з Гомельскага інстытута радыялогіі, замяралі ўсё на гародзе, зямлю на аналіз бралі. Казалі, што ўсё добра. Паперчыну нават пакінулі. А добра яно ці кепска, Кацярына не разбіраецца. Нехта нават пагалоску пусціў, што колішні дырэктар саўгаса зямлю браў бліжэй да Чарнобыля – у Пірках, у Залессі – і адпраўляў на аналіз: гэта каб Савічы адсяліць і самому на гэтай бядзе кішэні набіць. Баяўся выкрыцця, дык калі з’ехаў з вёскі на Гродзеншчыну, то там і засіліўся. Кіроўца нібыта ўсё і расказаў, як дырэктара не стала. А ў Савічах  саўгас добры быў, насенняводчы. І людзей за паўтары тысячы было.

Пра радыенукліды і бекерэлі

У Кацярынінай хаце, убранай вышыванкамі, дыванкамі, занавескамі, фотаздымкамі сваякоў, дзяцей і ўнукаў, адшукалі інстытуцкую паперчыну з вынікамі даследаванняў гародніны на радыяцыю. Даты і подпісу адказнага за вынікі даследавання супрацоўніка на паперчыне не было. Толькі назва гародніны і ўзровень у ёй радыенуклідаў. Зялёнае шчаўе: цэзій-137 – 11 бекерэляў на кілаграм, стронцый-90 – 50,7 бекерэля, калій-40 – 155,1 бекерэля, буракі адпаведна: 0,61, 23, 113,7, морква: 1,07, 17,9 і 14,3 бекерэля. У даведцы да замераў сказана, што нормамі РДУ спажыванне гародніны дазваляецца пры ўтрыманні радыенуклідаў цэзію да 100 бекерэляў на кілаграм, а стронцый-90 і калій-40 не нармаваныя. Маўляў, ежце на здароўе, нягледзячы на тое, што радыяцыі ў такой гародніне хоць адбаўляй, і асабліва стронцыю, які, асядаючы ў касцях, па сутнасці, не выводзіцца з арганізма.

У аблозе

Жыццё Кацярыны Чэчкі ў адселеных Савічах не было нейкай лёгкай прагулкай па апусцелай вёсцы. Хутчэй наадварот. Перажыла жанчына і аблогу дзікоў, і нават напад шалёнай ваўчыцы. Спусташальныя нашэсці дзікоў на агароды самасёлаў у апошнія гады суцішыліся. Нямала дзікоў пастралялі з прычыны свіной чумы, а да таго часу яны цэлымі статкамі хадзілі па гародах вяскоўцаў у бліжэйшых да радыяцыйна-экалагічнага запаведніка вёсках.

Неяк прачнулася Кацярына ўранку, а ў агародзе рыюцца каля дзясятка дзікоў. Клікнула сына: «Грыша, ідзі глядзі, можа, рэзаць будзем – свежаніна сама ў двор прэцца».

Тыя дзікі праз узведзеную агароджу пралезлі, парыліся каля хаты – і на галёканне гаспадыні шуганулі назад на выхад. Аднак далёка не ўцякалі. За гародам пад высокім дрэвам гразюка была, як бы копанка такая. Яны залезлі ў тую копанку і ляжалі ў халадку, пакуль зноў не напудзілі. Спасу не было ад гэтых лясных «аратых». Ратаваліся як маглі: абнеслі гарод дзе дошкамі, дзе шыферам, дзе дротам. Перыядычныя нашэсці дзікоў не спыняліся ажно да іх маштабнага адстрэлу.

Аднойчы зімой у Савічы ды іншыя паселішчы, прылеглыя да радыяцыйнага запаведніка, панадзіліся ваўкі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што нярэдка шэрыя драпежнікі хварэлі на шаленства і нападалі на людзей сярод белага дня.

У тую зіму, – расказвала Кацярына, – мы хадзілі ў краму па хлеб у суседнюю вёску Двор Савічы. Аўталаўка да нас тады не ездзіла – зіма, замець. Да крамы той у Двары не так і далёка, кіламетра паўтара. Іду я, іду – нідзе нікога не відаць. Аднекуль знянацку вылецеў ці то воўк, ці то ваўчыца і як грызяне мяне ніжэй спіны. Я спужалася, як анямела. Воўк ускочыў на плечы, на галаву, пачаў рваць. Хустка на мне была такая пуховая, а пад ёй яшчэ адна. Гэта трохі і ратавала. Я ўпала ад наскоку, пачала крычаць. Крычала немым голасам, і драпежнік адстаў.

Чэчка дабіралася дадому, як у сне. Ёй выклікалі праз тэлефон хуткую дапамогу. Апамяталася  жанчына толькі ў шпіталі. Воўк парваў ёй адзенне, плячо, іншыя часткі цела. У той жа дзень драпежнік напаў недалёка ад крамы ў вёсцы Двор Савічы на старэнькую бабулю, моцна параніў старой твар – спатрэбіліся складаная хірургічная аперацыя і працяглае лячэнне ад шаленства. Пакусаў воўк і маладога мужчыну.

Кацярына пераканана, што такія стрэсы разам з радыяцыяй і забіраюць здароўе ў чалавека. А тут яшчэ сын яе, што жыў у Бабруйску, знік у Расіі. Паехаў туды на працу – і знік. Другі сын ва Украіне заўчасна пайшоў з жыцця па неасцярожнасці, таксама на працы. Наверх яшчэ каранавірус дадаўся,  які да людзей чапляецца, як той чартапалох у зарасніках.

– Вы думаеце, ад чаго людзі ў нас чэзнуць? Ад нерваў, стрэсаў усіх гэтых уперамешку з радыяцыяй, – пераканана Кацярына.

У пазамінулым годзе адзінокія самасёлы нацярпеліся страху яшчэ і ад ваеннай тэхнікі. Нагналі яе столькі, што ўсё наваколле гуло і калацілася. Верталёты лёталі. Самотным самасёлам вайскоўцы наказвалі зачыніцца ў хатах і пастарацца нікуды не выходзіць. Выстраілі тую спецтэхніку за колішняй школай перад лесам. І давай пускаць ракеты некуды ўглыб запаведніка альбо, можа, на нейкі палігон.

Але больш за ўсё Кацярына ўспамінае італьянцаў з дабрачынных арганізацый. Яны ў красавіцкія дні перад гадавінай Чарнобыля часцяком наведваліся ў Савічы, а летам запрашалі Кацярыніных унукаў, якія жывуць у Хракавічах, у Італію на адпачынак.

– Летась і сёлета італьянцы ўжо не прыязджалі з-за гэтага «кавіду» – кажуць, ён там у іх вельмі моцна бушуе. А то як едуць да мяне, то мяхамі вязуць прадукты. Усё чыста прывозяць – і паесці, і папіць. Яны такія вясёлыя, ветлівыя. Аўтобусам проста да хаты пад’язджаюць, настрою прыбаўляюць, – зазначае Кацярына.

Сынава доля

У Савічах другая з сямі хат, дзе трымаецца дах і зашклёныя вокны, належыць сыну Кацярыны, Рыгору Чэчку. Летась яму споўнілася 60. У маладосці вучыўся ў Гомелі на слесара-сантэхніка, працаваў на розных прадпрыемствах. Ажаніўся. Пераехаў у Прыпяць, горад атамшчыкаў, што побач з Чарнобыльскай АЭС. Рабіў там па спецыяльнасці ажно да самай катастрофы. Зведаў пасля трагедыі адсяленне, перасяленне і ўрэшце вярнуўся на радзіму. Сямейнае жыццё не заладзілася. Жонка з дачкою як чарнобыльцы атрымалі жыллё ў Буда-Кашалёўскім раёне, а Рыгор аблаштаваўся ў Савічах, стаў дапамагаць маці. Ён і раніцай, і ў поўдзень, і ўвечары ў маткі — хаты ж побач, якіх метраў трыста. У Рыгора амаль 22 гады працоўнага стажу. Але каб яму выйсці на пенсію на дзесяць гадоў раней за звычайны ўзрост, бракуе трох гадоў таго стажу. Дый пасведчанне ліквідатара ўжо даўно скасавалі, замяніўшы яго на пасведчанне пацярпелага. Займець працу ў адселенай вёсцы не стала лягчэй, бо тут толькі лясніцтва радыяцыйна-экалагічнага запаведніка з абмежаванай колькасцю супрацоўнікаў. Ездзіць за трыццаць вёрст хоць бы ў Чамярысы не выпадае — дабірацца туды кожны дзень далёка і няма чым.

Як рэанімавалі адселеную вёску Савічы і чым гэта завяршаецца
Рыгор Чэчка. Фота: Анатоля Гатоўчыца, “Народная Воля”

– Жалеззе наўкола збіраю, дзе якое засталося. То з зямлі выцягваю, то са склепа якога. У Двары Савічах прымаюць па 28 капеек за кілаграм. Глядзіш — рубель які заробіш на цыгарэты. Улетку лісічкі збіраю, іх па два з паловай рублі прымаюць, а часам і крыху больш. Нарыхтоўшчыкі круцяць, кажуць, што радыяцыя ў грыбах, таму і кошты такія. Бывае, бракуюць. А тут, глядзі, штраф напаткаеш. Зайшоў за шлагбаум, злавілі цябе леснікі з запаведніка — атрымай пратакол за збор грыбоў на заражанай тэрыторыі, а за ім штраф у дзесяць базавых — 290 рублёў. А я ж тут вырас, лічы, жыццё пражыў, а мяне тут ганяюць у лесе, як дзіка якога! — крыўдуе Рыгор.

Кацярына спагадае старэйшаму сыну-чарнобыльцу і зноў нагадвае, што сама хутка памрэ, а Рыгор без капейчыны застанецца. Пенсіі ж яму яшчэ тры гады чакаць у звязку з павышэннем пенсіённага веку, а ў яго яшчэ з войска страўнік парэзаны ды спіна сарвана праз цяганне жалеза.

«Шкадую, што вярнулася»

Пасля чарнобыльскай катастрофы, калі выселілі Савічы, Валянціна Беразняцкая з трыма дочкамі апынулася ажно каля Полацка. Мужа ў кабеты на той час ужо не было — памёр заўчасна, атрымаўшы ў аўтааварыі моцнае калецтва.

Як рэанімавалі адселеную вёску Савічы і чым гэта завяршаецца
Валянціна Беразняцкая. Фота: Анатоля Гатоўчыца, “Народная Воля”

Чатыры гады жыла Валянціна з дзецьмі на поўначы Беларусі, але не прыжылася там. Хацелася назад у Брагін. Гэты райцэнтр тагачасныя ўлады меліся таксама адсяліць з-за радыяцыі, ды перадумалі, хоць значная частка жыхароў пакінула мястэчка пасля катастрофы. Сюды сталі сяліць  прыезджых і вяскоўцаў, што пазбавіліся сваіх дамоў у 30-кіламетровай зоне і не жадалі пакідаць раён.

Вярнулася ў Брагін і дачка Валянціны і ўжо тэлефануе: «Мама, прыязджай».

Шкадую зараз, што вярнулася. Я ж каля самага Полацка жыла, меддапамога побач, сацыяльныя выгоды. А тут я ўжо ў ліку апошніх самасёлаў. Сэрца ўжо падводзіць, ціск даймае. На цяперашні розум я не вярталася б. А калі там была, то разрывалася. Было не па сабе. Здавалася, і зямля, і лес не такія. І нібыта нават людзі адрозніваюцца,— кажа Валянціна.

Па вяртанні жанчына не засталася ў Брагіне, а прыехала ў Савічы. Працаваць не было дзе. Да пенсіі сяк-так дарабляла ў саўгасе ў Чамярысах. Бывала, стаяць людзі на вуліцы ў чаканні аўтобуса, а ён і не прыедзе — і ўсе, хто меўся ехаць, па хатах разыходзяцца. Такая тут праца была ў самасёлаў. Адпаведна і пенсія — камару ў жменю.

Гаспадарлівая па складзе характару, Валянціна завяла карову, гадавала парсюкоў, трымала козы і авечкі. Усё было сваё – бульба, свініна, бараніна, гародніна, малако. Валянціна нават сыр варыла — свой, хатні, зусім не такі, які прадавалі на той час у крамах. Распавядала неяк, што мінскія навукоўцы ў яе на гародзе зямлю на аналіз бралі і здзіўляліся: у іншых мясцінах радыяцыі нават болей, але там людзі жывуць, і ніхто іх не адсяляў.

«Грошай не напасешся курэй трымаць»

З цягам часу жывёлу з падворка Валянціне давялося збываць. Не ставала сіл даглядаць яе. Цяпер у гаспадарцы засталіся толькі куры, каза з казлянятамі ды іхні маркач.

– Грошай не напасешся нават курэй трымаць. Мяшок камбікорму (каля 30 кілаграмаў) каштуе 36 рублёў. Слухайце, на кірмаш у Брагін прыватнік прывозіць такі ж мех па 22 рублі. 14 рублёў спажывецкая кааперацыя накручвае — гэта што такое? На прадукты кошты паўзуць і паўзуць, а пенсіі маем з вераб’ёву дзюбу, — жаліцца 81-гадовая кабета.

Пакуль услых перабіраем, куды гэта звярнуцца дзеля хоць якой рэакцыі на заўвагу самасёлаў, Валянціна Адольфаўна зазначае: «Лукашэнка нас шкадуе — па тэлевізары так гамоніць. А ў аптэку хоць ужо не заходзь. Дарагавізна. Добрых лекаў ужо недакупіцца».

Колькі гадоў таму да Валянціны з Грушнага пераехаў жыць Іван Цалуйка. Дзеці ў Івана дарослыя, раз’ехаліся хто куды. Жонка памерла, і ён застаўся адзін. Прыехаў у Савічы фурманкай, бо меў добрага коніка, які дапамагаў самасёлам садзіць соткі, вазіць дровы ды выконваў ролю «легкавіка» пры паездках у краму ў Двор Савічы.

Як рэанімавалі адселеную вёску Савічы і чым гэта завяршаецца
Іван і Валянціна. Фота: Анатоля Гатоўчыца, “Народная Воля”

Валянціна хоць і кажа іншы раз на Івана, што ён муж «мімаходны», але шануе яго як добрага чалавека і гаспадара. Удваіх лацвей у знявечанай чарнобыльскай вёсцы і гарод сеяць, і шулякоў ганяць, якія цікуюць з вышыні за курамі на панадворку, каб каменем кінуцца на чарговую выбраную ахвяру.

Коніка Іван Харытонавіч пару гадоў таму збыў: цяжка ўжо не толькі хадзіць за плугам, але і даглядаць скакуна, сена яму назапашваць на зіму.

– Спраў Харытонавічу і без каня знойдзецца. Вось зараз прыгрэе сонца, вужоў ды гадзюк з зараснікаў напавылазіць — абараняць мяне будзе. Зноў жа за лета козам сена накосіць. А можа, яшчэ і вайскоўцы прыедуць на вучэнні, то цыбуляй і памідорамі іх пачастуем. Пер’е цыбулі яны ўпадабалі. Дый спакайней будзе нам удваіх. А то як сталі ваякі насупраць нас тыя ракеты пускаць, то, я думала, хата мая зляціць, — кажа Валянціна з яўнай доляй дасціпнага гумару.

Тут і там

Напрыканцы вуліцы Леніна тры жывыя хаты. Двух гаспадароў — Мікалая Нікіціна і Святланы Садаводавай — дома не заспеў, пагутарыць з імі пра жыццё-быццё самасёлаў у здзічэлай вёсцы не ўдалося.

Апошняя ў гэтым кутку хата належыць шматдзетнай сям’і Ірыны і Аляксандра Скачкоў. Гаспадар на працы. Маці трох дачок таксама спяшаецца ў лясніцтва, дзе прыбірае памяшканне. Для размоў у яе няма ні часу, ні жадання. Паведаміла толькі, што яны з мужам і дзецьмі нарэшце атрымалі трохпакаёвую кватэру ў Брагіне. Але цалкам пераязджаць у райцэнтр не выпадае: невядома, дзе там знайсці працу, ды яшчэ такую, каб у канцы месяца не бегаць і не пазычаць грошы «да заробку».  Аляксандр сам распавёў пры сустрэчы,  што яму асабіста яшчэ трэба шэсць гадоў адрабіць у радыяцыйным запаведніку, каб выйсці на датэрміновую пенсію па ўзросце. Дый працэнты па крэдыце дзяржавы на будаўніцтва кватэры неабходна гасіць — 75 рублёў штомесяц цягам 20 гадоў. Апроч таго, старэйшая дачка летась скончыла школу і паступіла вучыцца ў Мазыр на медыцынскую сястру — і ёй патрэбна дапамога. Быць без працы шматдзетным бацькам ніяк не выпадае, таму і трымаюцца яны Савічаў, пакалечаных Чарнобылем.

«Свая хатка як родная матка»

Найстарэйшая жыхарка сярод самасёлаў чарнобыльскай вёскі Савічы – Хвядора Маркаўна Беразняцкая. Ёй без малога 99 гадоў. Мясцовыя жыхары называюць яе баба Ходзя. Апошні раз з ёй сустракаўся ў 2016-м. У бабулі хоць і былі хворыя ногі, але яна яшчэ тупала з кіёчкам на падворку або сядзела ля акна.

Дочкі забіралі кабету на зіму ў горад, але ці адно не з першым прылётам жаваранкаў яна прасіла-маліла вярнуць яе ў вёску. Казала шчыра: «Няхай бы далі мне хоць у Маскве ў Крамлі кватэру і грошы на дадатак плацілі, я не паехала б. Нікуды не хачу, акрамя сваёй хаты. Свая хатка як родная матка».

Сын у бабы Ходзі жыве ў Нямеччыне. У маладосці Хвядора та і сама пабывала ў выгнанні. Але і туды яе душа не рвецца.

Дочкі прыязджалі ў Савічы, як на вахту: чысцілі ўсё, мылі, прасавалі. Галя Клімовіч, сацыяльная работніца ў Грушнага, прадукты прывозіла. Пільнаваў бабулю найбольш Грыша Чэчка. Ён і вады прынясе, і дроў, і грубу прапаліць, і юшку зачыніць у патрэбны час, каб цяпло праз комін не выскачыла. Наглядалі часам за Ходзяй і леснікі з радыяцыйнага запаведніка, чыя база побач з сядзібай самотнай старой.

Апошнім часам дочкі неадлучна жывуць з Хвядорай Маркаўнай. Найбольш Валянціна з Мінска. Яна працавала фармацэўтам, а зараз на пенсіі.

Маці ўжо не ходзіць, гаварыць ёй цяжка — не паразмаўляеце, — папярэджвае Валянціна.— Яна неяк упала, суглоб пашкодзіла. Мы з маці і каранавірусам перахварэлі — я яго з Мінска прывезла. Добра, што лекамі перад прыездам запаслася. З цяжкасцю, але выкараскаліся.

Раней, калі гаварыў з бабуляй Ходзяй, наўпрост папытаўся, што прывяло яе назад у Савічы. Бо пасля адсялення яна з мужам, ветэранам вайны, тры гады жыла ў Мінску ў сына (у Германію ён выехаў пазней). Выглядала, што вяртанне было ўзважаным крокам душэўнага паратунку — для мужа, яе самой, а заадно ў немалой ступені і вызваленнем сына і дачкі ад пакутлівых абавязкаў па доглядзе роднага чалавека.

– У дзеда майго гангрэна падключылася, — прыгадвала баба Ходзя. — Спачатку адну нагу адрэзалі, потым і другую. Пакутаваў моцна.

І яна намучылася з мужам. Казала, што ўсё Бога прасіла, каб і яе забраў, але ж не браў. Лічыла так: лепей не дажыць, чым перажыць. Восемдзесят гадкоў — сама добра.

Сябе Хвядора не шкадавала. Як дазналася, будучы ў Мінску, што людзі сталі вяртацца ў Савічы, то і сама прасілася ў дзяцей, каб адвезлі назад у выселеную вёску. Проста галасіла. Урэшце вярнулася, прапісалася тут. Ну, а потым і дзеда прывезлі. Ён нават паспакайнеў у родных сценах. Тут усё нагадвала пра шчаслівыя дні: хату паставілі, як звон, — прасторную, светлую, пяцёра дзяцей нарадзілі і выгадавалі — чатыры дачкі і сына.

Баба Ходзя не ведала дакладна, ці абумоўлена трагедыя яе мужа наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Але, параўноўваючы вайну і радыяцыю, прыходзіла да высновы, што для чалавека яны аднолькава згубныя: «Адна страляе гучна, другая — бясшумна, але ж цэляць яны аднолькава — у чалавека».

Шаноўнай кабеце незразумела толькі, якую карысць мела Беларусь ад той Чарнобыльскай атамнай станцыі. Так, ліха адхапілі напоўніцу. Зірнеш толькі на Савічы – і сэрца сцінаецца ад жалю: столькі людзей сышло, такая вёска загублена! Школа трохпавярховая, сельсавет, пошта, клуб, дзіцячы садок, тры крамы, хаты наўкола як на падбор. Жыць бы і цешыцца. І што яшчэ горай: не адну ж вёску загубілі —  289 паселішчаў перасталі існаваць пасля катастрофы на ЧАЭС.

Баба Ходзя, канечне, чула і па тэлевізары бачыла, што Беларусь узялася за сваю атамную станцыю. Здзіўлялася. Згоды ў грамады не пыталіся, а пабудавалі.

– Нельга яе будаваць каля людзей. Хіба толькі ў нетрах якіх ставіць, калі знойдуцца ў нас такія, — разважала самотная вяскоўка, навучаная сваёй бядзіцаю.

Назіраючы неяк праз акно за навакольным светам, Ходзя заўважыла, што паўз яе вокны стаў ездзіць трактар з вялікімі плугамі, а потым і сеялкай. Дзіву давалася, калі дазналася, што наўкола яравыя, азімыя, кукурузу сеюць: «Пасля ж гэтым ураджаем худобу кормяць, а праз худобу і да чалавека трапляе тая радыяцыя».

Як рэанімавалі адселеную вёску Савічы і чым гэта завяршаецца
Ворыва трактарам «Брагінаграсэрвісу» для ААТ «Камарынскі» ў ваколіцах вёскі Савічы. Фота: Анатоля Гатоўчыца, “Народная Воля”

***
Даведка
Паводле пастаноў Саўміна Рэспублікі Беларусь, участкі радыяцыйна небяспечных зямель, выведзеных з эксплуатацыі пасля чарнобыльскай катастрофы, перыядычна вяртаюцца ў гаспадарчы абарот. Прынамсі, на Гомельшчыне палічылі прыдатнымі для вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур звыш 16 тысяч гектараў, з іх 1,5 тысячы гектараў дадалі ў 2018 годзе (пастанова №8 ад 8 студзеня) гаспадаркам Буда-Кашалёўскага, Кармянскага і Рэчыцкага раёнаў.

Анатоль ГАТОЎЧЫЦ, журналіст, удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986–1987 гадах.

Поделиться ссылкой: