Григорий Костусев
Григорий Костусев

Кіраўнікі дэмакратычных партый і рухаў Беларусі выступілі з сумеснай заявай з нагоды затрымання старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, паведамляецца на сайце партыі.

Заяву падпісалі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, старшыня Грамадскага аб’яднання “Рух” за свабоду” Юрась Губарэвіч, старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук, і намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі, якія ў сваёй дзейнасьці ды ідэалёгіі прынцыпова стаяць на пазыцыях непрыманьня гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы, патрабуем вызваленьня і спыненьня крымінальнага пераследу старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

     “Мы ведаем, што ў сытуацыі цяперашняга супрацьстаяньня ў беларускім грамадзтве Рыгор Кастусёў як кіраўнік Партыі БНФ, афіцыйна зарэгістраванай палітычнай арганізацыі, што будуе сваю дзейнасьць на нормах заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасьці з уласнымі статутам і праграмай, заўжды выступаў з заклікамі да дыялёгу і мірнага вырашэньня любых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных палітычных поглядаў на падставе супольных інтарэсаў беларускага народа, неаднаразова заклікаў ўдзельнікаў палітычнага працэсу да стрыманасьці, падкрэсліваючы недапушчальнасьць распальваньня варажнечы ў беларускім грамадзтве.
     Мы перакананыя, што Рыгор Кастусёў ніколі ня браў і ня мог браць ўдзелу ў змовах ці любых іншых дзеяньнях, скіраваных на захоп улады неканстытуцыйным чынам.
     Ціск на легальныя і афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі зьяўляецца працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў асяродкі, на грамадзянскую супольнасьць.
     Мы заклікаем да спыненьня палітычных рэпрэсіяў і вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, якія зьняволеныя за мірныя дзеяньні па выказваньні сваёй грамадзянскай пазыцыі згодна з нормамі пра свабоду мірных сходаў і свабоду слова”, — гаворыца ў заяве. 

Нагадаем, Рыгор Кастусёў быў арыштаваны 12 красавіка ў Шклове і дастаўлены ў Мінск, дзе яго змясцілі ў СІЗА КДБ. 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітолаг Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Юрый Зянковіч былі датычныя да планавання замаху на яго і яго сыноў. Ён таксама заявіў, што за падрыхтоўкай замаху стаялі спецслужбы і кіраўніцтва ЗША.

Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель у эфіры тэлеканала АНТ паведаміў, што Фядута, Зянковіч і Кастусёў знаходзіліся ў злачыннай групе, удзельнікі якой распрацавалі і пачалі рэалізоўваць план «па фізічнай ліквідацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і членаў яго сям’і, арганізацыі ўзброенага бунту з мэтай захопу ўлады гвалтоўным шляхам».

Поделиться ссылкой: