Андрэй КОМЛІК-ЯМАЦІН: «Амаль 15 гадоў адпрацаваў на заводзе тэрмістам, а зараз аказаўся непатрэбным…»
Андрэй КОМЛІК-ЯМАЦІН

Кіраўнік пярвічнай арганізацыі прафсаюза РЭП Мінскага маторнага завода распавёў «Народнай Волі» пра сітуацыю на прадпрыемстве, настроі рабочых і пра тое, як яны ўспрынялі, што завод можа ўзначаліць экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Чэрачэнь.

– Да свайго звальнення амаль 15 гадоў я адпрацаваў на маторным заводзе тэрмістам, а зараз аказаўся непатрэбным, – кажа Андрэй КОМЛІК-ЯМАЦІН. – Калі пасля выбараў у краіне пачаўся пратэстны рух, на гэтай хвалі на прадпрыемстве і была створана «пярвічка» прафсаюза РЭП, якую я ўзначаліў. Да гэтага ў нас быў толькі «Белпрафмаш», які ўваходзіць у структуру Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Хаця, трэба адзначыць, на заводзе было даволі ліберальнае стаўленне да тых, хто не жадаў уступаць у праўладны прафсаюз. Склалася добрая традыцыя, што ніхто нікога не заганяў у афіцыйную прафсаюзную арганізацыю. Хочаш дадатковыя «пернікі» (матэрыяльную дапамогу альбо пуцёўкі ў санаторый) – уступай. Няма жадання плаціць унёскі – тваё права.

Некаторыя рабочыя казалі, што некалькі гадоў запар не мелі ніякіх дывідэндаў ад свайго членства ў «Белпрафмашы». Мінулым летам змянілася Калектыўная дамова, і зараз усе дадатковыя выплаты з бюджэту прадпрыемства маюць толькі сябры так званага афіцыйнага прафсаюза. Вось такая дыскрымінацыя!

– А чыя была ідэя стварыць на Мінскім маторным заводзе незалежны прафсаюз?

– Ідэя ўзнікла пасля жнівеньскай забастоўкі на прадпрыемстве, тады да яе далучылася досыць вялікая частка завадчан. Людзі зразумелі, што трэба мець нейкую арганізацыю, якая змагла б аб’яднаць і арганізаваць актывістаў прадпрыемства для абароны сваіх правоў, бо страйкам – гэта часовая структура. Так і з’явілася «пярвічка» прафсаюза РЭП на Мінскім маторным заводзе.

– Колькі чалавек адразу ўступіла ў незалежны прафсаюз?

– Спачатку было няшмат людзей, але з часам народ падцягваўся. Пра сённяшнюю колькасць рабочых, якія ўступілі ў наш прафсаюз, казаць не буду, каб не даваць дадатковую інфармацыю кіраўніцтву завода. Яно таксама хоча ведаць дакладную лічбу нашых сябраў з імёнамі і прозвішчамі.

– Вы ўступалі ў нейкія перамовы з наймальнікам?

– Паведамілі пра стварэнне «пярвічкі» на заводзе і заявілі пра жаданне весці калектыўныя перамовы наконт сваіх патрабаванняў. Сярод іх – павышэнне стаўкі 1-га разраду, пераход на бестэрміновыя кантракты, спыненне ўжывання адміністрацыйнага ціску на тых, хто ўдзельнічае ў мерапрыемствах, звязаных з абаронай правоў працоўных, якія гарантаваны Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі.

– Вы самі звольніліся ці вас звольнілі?

– Мяне звольнілі 28 кастрычніка, пасля таго як была аб’яўлена Агульнанацыянальная забастоўка. За два дні да гэтага быў сход завадчан, і я тады паведаміў, што сыходжу ў персанальны страйк.

28-га прыйшоў на працу, мне паведамілі аб звальненні і адразу ж перадалі ў рукі сілавікам, якія адвезлі мяне ў Партызанскі РУУС. Далей быў суд, які выпісаў мне 15 сутак адміністрацыйнага арышту – яшчэ за мой вераснёўскі пікет.

– Што было з астатнімі рабочымі, якія далучыліся да забастоўкі?

– Акрамя мяне да забастоўкі на Мінскім маторным заводзе далучыліся толькі два чалавекі. Адзін з іх зараз якраз адбывае «суткі» (яго асудзілі 26 сакавіка, далі 30 сутак арышту), а другі хлопец з’ехаў працаваць за мяжу.

Мяне таксама 16 лютага затрымалі, у кватэры прайшоў вобыск, і ў выніку далі 25 сутак арышту. Таму ціск на незалежны прафсаюз працягваецца, праца замарудзілася, і гэты момант у псіхалагічным плане складана перажыць.

– Якую канкрэтна працу ваш прафсаюз сёння праводзіць на заводзе?

– Скажу так: яна не спыняецца. І галоўнае для нас – абарона правоў людзей. Так, у мінулым годзе адміністрацыя прадпрыемства падкідвала завадчанам нейкія «пернікі» перад выбарамі, каб заваяваць іх лаяльнасць да ўлады. А зараз, наколькі мне вядома, на заводзе няпростае фінансавае становішча, а таму пачалі змяншаць выплаты. Да 8 Сакавіка далі прэміі не ўсім жанчынам, а толькі тым, хто знаходзіцца ў «Белпрафмашы». Атрымліваецца, што астатніх жанчын гэтае свята не датычыцца. Дыскрымінацыя, і мы выказалі пратэст.

Адміністрацыя прадпрыемства паклала вока на заводскую паліклініку, вырашыла яе закрыць, а завадчан перакінуць у паліклініку трактарнага завода. Хаця, паводле маёй інфармацыі, на МТЗ за медыцынскія паслугі выставілі такі цэннік, што прасцей схадзіць у прыватны медыцынскі цэнтр.

Мы сабралі сярод рабочых каля 500 подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва завода, з тым каб паліклініку пакінуць. Яна знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства, таму рабочым вельмі зручна туды звяртацца, і многія абураны рашэннем кіраўніцтва. Пытанне пакуль застаецца адкрытым, мы будзем адсочваць сітуацыю.

– Вы можаце прайсці на тэрыторыю завода?

– Пасля звальнення доступу туды я не маю, а нашу «пярвічку» адміністрацыя адмаўляецца прызнаваць. Гэта самы просты метад – калі заплюшчыць вочы, то наўкол нічога быццам і не існуе.

Так, паводле заканадаўства мы павінны зарэгістраваць пярвічную арганізацыю ў райвыканкаме, але практыка іншых паказвае, што дазволу на рэгістрацыю не будзе. Немагчыма знайсці юрыдычны адрас, усе адмаўляюцца.

Тым не менш мы рэальна існуем, бо стаім на ўліку ў афіцыйна зарэгістраваным прафсаюзе РЭП. І з адміністрацыяй можна пры жаданні сустрэцца, бо ёсць жа прыёмныя дні, ёсць нашы сябры на прадпрыемстве.

– Як сёння працуе прадпрыемства?

– Заказы ёсць, яны ў асноўным з Расіі, Азербайджана, некаторых краін Азіі і СНД. Зараз, наколькі вядома, прыйшлі заказы на абсталяванне нашымі рухавікамі нейкіх вагонаў-рэстаранаў, маюцца і ўнутраныя замовы.

Іншая справа, што з часам на працы прадпрыемства могуць адбіцца заходнія санкцыі. Напрыклад, адным з галоўных пастаўшчыкоў дэталяў для нашых матораў з’яўляецца чэшская кампанія Cezet. І не вядома, як ва ўмовах санкцый будуць паводзіць сябе тыя самыя пастаўшчыкі з заходніх краін.
– Якія зараз заробкі на заводзе?
– Усё залежыць ад спецыяльнасці і кваліфікацыі, але ў студзені і лютым рабочым узнімалі заробкі на 5 працэнтаў кожны месяц. З аднаго боку, гэтаму можна толькі парадавацца. З іншага – калі пераводзіць у доларавы эквівалент, то нават пасля гэтага павышэння заробак зменшыўся ў параўнанні з тым, што рабочыя мелі яшчэ некалькі гадоў таму.
У той жа час пратэстная хваля ўжо сышла, кожны калі і пратэстуе супраць дзеючай улады, то ў душы. Усе псіхалагічна стомлены, шмат каго апанавала апатыя.

– Яшчэ да выбараў падчас звароту да парламента і народа Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў сваіх апанентаў, што яны нідзе не працуюць, і дадаў, што, маўляў, лепш бы ўзялі стратныя заводы. На словы Лукашэнкі тады адрэагаваў адзін з кандыдатаў у прэзідэнты бізнесмен Сяргей Чэрачэнь, які заявіў, што гатовы ўзначаліць Мінскі маторны завод. Ён і зараз гатовы гэта зрабіць. Як працоўныя адрэагавалі на тое, што на заводзе можа з’явіцца новы кіраўнік?

– Шчыра кажучы, ніяк, а многія пра гэта нават і не чулі. Асабіста для мяне зразумела, што гэтыя заявы і з вуснаў Лукашэнкі, і з вуснаў Чэрачня – звычайныя стрэлы ў паветра. Відаць, кожны з іх на гэтай хвалі вырашыў ухапіць свой палітычны дывідэнд. Ну хто дазволіць Чэрачню ўзначаліць вялікае прадпрыемства? Нават рабочыя ў цэхах гэта разумелі, і ўсур’ёз вышэйзгаданую тэму ніхто не абмяркоўваў.

Ды і што б змяніў Чэрачэнь, калі б нават яго прызначылі генеральным дырэктарам? Відавочна, што пакінуў бы тых самых ідэолагаў, якія сёння працуюць, і рабіў бы тое, што яму загадаюць. А не рабіў бы – у лепшым выпадку пакінуў бы гэтую пасаду і вярнуўся на старую.

Можа быць, Сяргей і добры бізнесмен, але дзяржаўныя прадпрыемствы жывуць і працуюць па сваіх законах.

– Новую працу вы ўжо знайшлі?

– Пакуль не, але ж я яшчэ працягваю абскарджваць рашэнне аб маім звальненні. На гэты момант станоўчага для мяне выніку няма, хаця засталася апошняя інстанцыя – Вярхоўны суд. Надзеі аднавіцца на працы, безумоўна, мала, але прайсці ўсе судовыя інстанцыі – гэта справа прынцыпу.

Поделиться ссылкой: