Тамара Вяршыцкая

Тамара Вяршыцкая – адна са стваральніц двух музеяў у Навагрудку: гісторыка- краязнаўчага і яўрэйскага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя ўлады не працягнулі з ёю кантракт.

Адпрацавала больш за 30 гадоў – ні дзякуй, ні да пабачэння

Тамара Вяршыцкая не працуе ў Навагрудскім музеі з 4 красавіка. Афіцыйная прычына – сканчэнне кантракта. Нягледзячы на тое, што яна не збіралася пакідаць працу, ніхто ніякіх тлумачэнняў ёй не даў.

– Увогуле, ніхто са мной на гэту тэму не размаўляў, – спакойна кажа яна.

Дырэктар музея ў тыя дні быў на бальнічным, але яго адмыслова адазвалі, ён падпісаў патрэбныя загады, а працоўную кніжку ўручыла бухгалтар, і на гэтым – усё. Ніхто не сказаў ні дзякуй, ні да пабачэння.

– Праўда, у музеі я сказала, што не развітваюся, паколькі ў мяне шмат праектаў, якія я недарабіла, а проста іх кінуць не магу, – усміхаючыся, дадае спадарыня Тамара.

Яна працавала ў музеі з 1989 года, доўгі час была яго дырэктарам, па сутнасці, у перыяд, калі і стваралася экспазіцыя.

Што тычыцца неафіцыйнай прычыны яе звальнення… Тамара Рыгораўна па нядзелях праводзіла легальныя экскурсіі для навагрудчан і апавядала ім пра Адама Міцкевіча, беларускія гімназіі і яўрэйскае супраціўленне. Паколькі сярод яе слухачоў былі людзі, асуджаныя паводле артыкула 23.34, міліцыя спыняла экскурсіі і ўдзельнікаў дастаўляла ў пастарунак. Там давала тлумачэнні і Вяршыцкая. Па гэтай жа прычыне была звольнена і старэйшы навуковы супрацоўнік музея Галіна Кавальчук. Яна адпрацавала ў ім 22 гады, і найноўшая гісторыя Навагрудскага музея была звязана менавіта з яе іменем.

У Навагрудку, ды і не толькі, Тамара Рыгораўна чалавек вядомы. Яе прозвішча занесена ў Кнігу славы раёна. Яна стала першым у вобласці музейшчыкам, які ўганараваны прэміяй Дубко як лепшы музейны работнік года.

Але, каб зразумець маштаб асобы, трэба было пабачыць у раённым цэнтры экспазіцыю гісторыка-краязнаўчага музея, паслухаць расказ Вяршыцкай пра гісторыю першай сталіцы ВКЛ, паўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях, ёю арганізаваных, проста пасядзець за кубачкам кавы і пачуць яе аповеды пра лёсы мясцовых яўрэяў і жыхароў Навагрудчыны, якія іх ратавалі падчас вайны.

Аднак цяпер, паводле слоў Вяршыцкай, ёй забараняюць праводзіць экскурсіі па экспазіцыі, якую яна сама стварыла. «Народная Воля» звярнулася ў аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама.

– У чалавека скончыўся кантракт, і ў межах дзеючага заканадаўства працоўныя адносіны са спецыялістам Тамарай Вяршыцкай скончаны, – такое тлумачэнне дала загадчыца аддзела Марына Шабановіч.

Што датычыцца назапашанага досведу вядомага музейнага работніка, які варта было б перадаць маладым спецыялістам, то, паводле меркавання Шабановіч, Вяршыцкая дастаткова доўга працавала ў музеі, каб можна было перадаць свой вопыт.

– У музей прыходзяць маладыя спецыялісты, якім таксама патрэбны вопыт, якія павінны рэалізавацца ў прафесіі. А досвед Тамары Рыгораўны запатрабаваны і прымяняецца, паколькі ўсе яе напрацоўкі засталіся ў музеі, – упэўнена кажа Шабановіч.

Я пацікавіўся: чаму тады Вяршыцкую па загадзе з аддзела культуры не пускаюць у музей? На гэта спадарыня Шабановіч адказала наступнае:

– У музей у нас ходзяць усе, і ніхто не забараняе ёй хадзіць у музей. І такіх распараджэнняў мы не давалі.

«Працы не паменшала»

Тамара Рыгораўна Вяршыцкая даўно займаецца яўрэйскай тэматыкай і стварыла Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку. Ён уваходзіць у структуру гісторыка-краязнаўчага музея экспазіцыяй на асобнай пляцоўцы.

У 2019 годзе, яшчэ перад эпідэміяй каранавіруса, Вяршыцкая арганізавала сустрэчу ў Налібоцкай пушчы для больш як 100 удзельнікаў буйнейшага ў Еўропе яўрэйскага партызанскага атрада і іх нашчадкаў з усяго свету. Яна таксама суправаджала родных Дональда Трампа, калі яны прыязджалі ў Беларусь.

Тамара Вяршыцкая: «Музей – гэта маё жыццё, і яно не можа скончыцца пасля таго, як мне аддалі працоўную кніжку»
Пасол Ізраіля ў Беларусі Алекс Гольдман-Шальман 2 красавіка наведвае Музей габрэйскага супраціву ў Навагрудку.

Спадарыня Тамара кажа, што цікавасць да экспазіцыі яўрэйскага супраціўлення, нягледзячы на каранавірус, толькі павялічваецца.

– На апошнім тыдні прыязджалі адразу некалькі груп з Мінска, – распавядае яна. – І гэта яшчэ нават не турыстычны сезон.

Вяршыцкая заўважае, што пасля таго, як ёй аддалі на рукі працоўную кніжку, працы не паменшала. Яна распачала адразу некалькі праектаў, і іх пакінуць недаробленымі – не ў яе характары.

Музей з яе ініцыятывы аб’явіў конкурс да Дня памяці ахвяр Халакосту. На конкурс ужо прыйшлі працы з Гродзенскага, Баранавіцкага, Навагрудскага раёнаў, з Мінска. Трэба падводзіць вынікі конкурсу, а паколькі рэальна ў музеі зараз працуюць толькі два супрацоўнікі, то заняцца гэтым няма каму.

– Я збіраюся ісці да дырэктара наконт таго, каб падвесці вынікі, аб’явіць пераможцаў, узнагародзіць іх, – кажа Тамара. – Я не магу проста так гэта кінуць.

Практычна два гады музей займаецца ўшанаваннем памяці Праведнікаў народаў свету. Рэальна падрыхтавана глеба для ўсталявання памятнага знака ў іх гонар: створана мадэль гэтага знака, вызначана месца, атрыманы дазволы.

– Гэта будзе першы памятны знак Праведнікам з Навагрудчыны, – падкрэслівае Вяршыцкая. – І мы мусім яго сёлета ўсталяваць. У Навагрудскім раёне 11 сямей Праведнікаў.

Яшчэ адзін праект, над якім працуе спадарыня Тамара, датычыць тэмы жывых мемарыялаў. Гэта тэма распрацоўваецца з мэтай пошуку новых форм узаемадзеяння наведвальнікаў з месцам памяці.

– На мой погляд, гэта вельмі актуальная тэма для музеяў і мемарыялаў у Беларусі, – кажа Вяршыцкая. – Бо як працаваць з маладымі людзьмі, каб для іх гэта нешта значыла? Проста лекцыі ці аповеда для моладзі цяпер недастаткова.

Партнёрамі Навагрудскага музея ў гэтым праекце выступае нямецкі фонд «Жывы Мемарыял – канцэпцыя для Дома Ванзейскай Канферэнцыі і яўрэйскіх партызан у Беларусі» і бельгійская кампанія Mediel, дом Ванзейскай Канферэнцыі і мастак Раман Кроке з Германіі. Кіраўніком праекта з беларускага боку з’яўляецца Тамара Вяршыцкая. Але пасля таго, як ад яе пазбавіліся ў Навагрудскім музеі, цяжка нават уявіць хто зможа працягнуць працу над гэтым праектам з беларускага боку. А гэта значыць – ці адбудзецца ён?

Тамара Рыгораўна кажа, што гэтыя праекты зараз займаюць практычна ўвесь яе час, паколькі амаль штодня дыстанцыйна вядуцца перамовы, абмеркаванні, удакладненні і іншая праца. Але і гэта яшчэ не ўсё.

– Учора я чытала лекцыю для вучняў з Нью-Джэрсі, – усміхаецца Вяршыцкая. – Разам з Хэлен Зэліх, дачкой Леі Кушнер (жыхаркі Навагрудка падчас Другой сусветнай вайны, якой удалося разам з бацькам і сястрой уцячы з гета. – Аўт.) мы для двух класаў школы, дзе вучыцца яе ўнук, распавядалі пра тунэлі і ўцёкі праз іх з гета.

Аказваецца амерыканскім дзецям гэта цікава і патрэбна. А вось у беларускія школы з лекцыямі Вяршыцкую чамусьці не запрашаюць. Але і ў Навагрудку ёсць месцы, дзе спадарыня Тамара застаецца запатрабаванай. Днямі яна праводзіла майстар-клас па прыгатаванні Чаброўскага макавага торта. Ёсць старая кулінарная кніга, у якой захаваліся даўнішнія рэцэпты з міцкевічаўскіх мясцін вакол Свіцязі. Імі зацікавілася адна з навагрудскіх кавярняў.

Коратка распавёўшы пра свае цяперашнія заняткі, Тамара Рыгораўна падсумавала:

– Музей для мяне – гэта не праца, гэта жыццё. І жыццё не можа проста скончыцца пасля таго, як мне аддалі ў рукі працоўную кніжку.

«Яны не далі магчымасці перадаць вопыт»

Зараз у Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі практычна абноўлены штат. Дырэктар, былы настаўнік гісторыі, на пасадзе ўсяго некалькі месяцаў, навуковы супрацоўнік і захавальнік фондаў таксама не маюць вялікага досведу.

Вяршыцкая са шкадаваннем заўважае, што ім спатрэбяцца гады для набыцця ўласнага вопыту працы ў музеі, паколькі перадаць назапашаны досвет ні яна, ні спадарыня Кавальчук не паспелі.

– Я ніяк не магу зразумець, навошта было забараняць нам прыходзіць у музей, дапамагаць маладым супрацоўнікам, – недаўмявае спадарыня Тамара. – Я, да прыкладу, згодна гэта рабіць і без заробку, удзельнічаць у жыцці музея на правах валанцёра.

Ёй таксама не зразумела, навошта было перадаваць экспазіцыю Барыса Кіта ў музей адной са школ Навагрудка, калі гэты сусветна вядомы чалавек – гонар горада і прыклад для ўсяго маладога пакалення.

У Тамары Рыгораўны шмат пытанняў, але ці атрымае яна на іх адказы, пакуль не вядома.

Публікацыя – з № 29 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: