Уладзімір Макей. Фота: Еўрарадыё

Напрыканцы мінулага тыдня прэс-служба Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь паведаміла аб сустрэчы Уладзіміра Макея з паслом Германіі Манфрэдам Хутэрэрам і паслом Францыі Нікаля дэ Лакостам. Інфармацыя пададзена па лекале афіцыйнай беларускай прапаганды. Сказана, што быў абмеркаваны “стан беларуска еўрапейскіх і двухбаковых адносін, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня”. Макей гаварыў пра “канстытуцыйны працэс” у Беларусі і пра іншыя “пытанні развіцця сітуацыі ўнутры краіны”.

У заключнай частцы паведамлення прэс-службы МЗС Беларусі сказана: “Прадметна пацверджана захаванне падыходаў і прынцыпаў, на якіх Беларусь гатова выбудоўваць узаемадзеянне з заходнімі партнёрамі. У рамках гутаркі пацверджана ўзаемная зацікаўленасць бакоў у захаванні каналаў камунікацыі, працягу рабочых кантактаў і падтрыманні дыялогу”.

За агульнымі словамі, стандартнымі фразамі – нічога канкрэтнага. А што, Надзвычайныя і Паўнамоцныя Паслы Германіі і Францыі толькі слухалі спадара Макея і ківалі галовамі ў знак згоды? Ім таксама ж было што сказать. І на свет аператыўна з’явілася сумесная заява кіраўнікоў дыпламатычных місій Германіі і Францыі, у якой адзначаецца, што яны выказалі Уладзіміру Макею “занепакоенасць урадаў сваіх дзяржаў з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”. Яны нагадалі і пра пазіцыю Еўрасаюза “аб немагчымасці нармалізацыі адносін да тых часоў, пакуль не будзе пакладзены канец сілавым дзеянням, накіраваным супраць мірных дэманстрантаў”, а таксама “пакуль не будуць вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя і не будзе пачаты шырокі ўсебаковы палітычны дыялог і, як вынік, праведзены новыя прэзідэнцкія выбары”.

Зразумела, чаму макееўская прэс-служба не сказала ні слова пра тое, што прагучала з вуснаў Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Германіі і Францыі. Мільёны беларусаў не павінны ведаць, што цывілізаваны свет падтрымлівае іх змаганне за ПРАЎДУ, за СПРАВЯДЛІВАСЦЬ, за тое, каб як мага хутчэй адбыліся сапраўды дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары і ў краіне спыніўся гвалт над мірнымі дэманстрантамі. Такая яна, дыпламатыя па-макееўску.

Публікацыя – з № 29 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: