З нагоды гадавіны нараджэння 19 красавіка Усевалада Ігнатоўскага, першага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, «Будзьма!» вырашыла успомніць жыццё і дзейнасць выбітнага беларускага палітыка, дзяржаўнага дзеяча і навукоўца.

Духоўная семінарыя і эсэры

Усевалад Ігнатоўскі — адна з найбольш адметных постацяў беларускай гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя. Кола ягонай дзейнасці надзвычай шырокае, шмат дзе ён быў заснавальнікам ці пачынальнікам, а яго палітычны шлях аказаўся не менш яскравым, чым навуковы.

Ігнатоўскі нарадзіўся ў 1881 годзе. Ягоны бацька, які дагэтуль працаваў сельскім настаўнікам, скончыў Кіеўскую духоўную семінарыю, пасля чаго атрымаў прыход. Ён хацеў, каб сын пайшоў тым жа шляхам, а таму навучанне Усевалада пачалося не са свецкіх устаноў. Спачатку навучанне ў Віленскім духоўным вучылішчы і Літоўскай духоўнай семінарыі, а потым — у Магілёўскай семінарыі. Але далей яго адукацыя працягнулася ў Санкт-Пецярбургскім гісторыка-філалагічным інстытуце і Тартускім універсітэце.

Але той час ужо быў не такім спрыяльным, каб проста вучыцца. Палітычныя працэсы, як і энергія навучэнца, віравалі ўсё мацней. Ствараліся палітычныя арганізацыі, вяліся дыскусіі і прапаганда, разгортвалася палітычная барацьба. Таму не дзіўна, што заўсёды прагрэсіўных і актыўных студэнтаў не абмінулі тэндэнцыі часу, асабліва ў буйных гарадах.

Не здолеў застацца ўбаку і Усевалад, актыўная дзейнасць якога стварала праблемы для навучальных установаў, адкуль яго неаднойчы выганялі. Малады чалавек распаўсюджваў пракламацыі, выступаў, удзельнічаў у дэманстрацыях, уступіў у партыю эсэраў. Так, адзін раз за актыўную палітычную дзейнасць яго арыштавалі і выслалі з Санкт-Пецярбурга на радзіму, а пазней — пад Архангельск і забаранілі жыць у буйных гарадах Расійскай імперыі. Здолеўшы скончыць універсітэт ў Тарту, Ігнатоўскі працаваў у прыватнай гімназіі ў Вільні і ў Мінскім настаўніцкім інстытуце.

Палітыка, «Кароткі нарыс па гісторыі Беларусі» і 1863 год

Але рэпрэсіі падчас навучання не перашкодзілі працягнуць Ігнатоўскаму займацца палітычнай дзейнасцю. У 1915 годзе ён стварыў культурніцка-асветніцкую арганізацыю «Наш край», што праз некалькі гадоў ператварылася ў «Маладую Беларусь», якую ён узначальваў. У 1917 годзе Усевалад Ігнатоўскі быў абраны ў ЦК партыі БСГ, пазней БПС-Р. У 1920 годзе былы семінарыст стаў адным са стваральнікаў і лідараў Беларускай камуністычнай арганізацыі (старшыня ЦК) і разам з тым кіраваў партызанскай барацьбой.

Варта адзначыць, што Усевалад Ігнатоўскі не падтрымліваў Раду БНР, наадварот, выступаў за стварэнне камуністычнай дзяржавы, дзяржаўнасці на савецкі ўзор і прыкладаў свае палітычныя высілкі менавіта ў гэтым кірунку, фактычна, быў адным з беларускіх камуністычных лідараў. Так, Ігнатоўскі ўваходзіў у Часовы рэвалюцыйна-ваенны камітэт ССРБ, быў адным з падпісантаў «Дэкларацыі аб абвяшчэнні ССРБ» і надалей займаў важныя пасады не толькі ў камуністычных арганізацыях, але і кіраўнічых структурах.

У той самы час, нягледзячы на актыўную палітычную дзейнасць, Ігнатоўскі не менш увагі і сілаў аддаваў навуковай і гістарычнай працы. Першыя свае працы па гісторыі ён пачаў публікаваць яшчэ ў часопісе «Рунь». Найбольш вядомая з іх — «Кароткі нарыс па гісторыі Беларусі», адна з першых найбольш значных па гісторыі Беларусі. Некаторыя адмыслоўцы адзначаюць, што менавіта ў ёй даследчык вярнуў у гістарыяграфію сапраўдную назву нашай дзяржавы «Вялікае Княства Літоўскае», якую дагэтуль было прынята называць «Руска-Літоўскае княства».

Не менш адметнай з’яўляецца пазнейшая манаграфія «1863 год на Беларусi: нарыс падзей», якая стала першай грунтоўнай працай па беларускім паўстанні 1863–1864 гадоў. Менавіта ён першым у нацыянальнай гістарыяграфіі пачаў называць Каліноўскага Кастусём замест Вікенція ці Канстанціна. Агулам за сваё жыццё Усевалад Ігнатоўскі напісаў больш за трыццаць навуковых прац. У прыватнасці, лічыцца, што менавіта ён увёў перыядызацыю беларускай гісторыі па прынцыпе дзяржаўнай прыналежнасці.

Першы народны камісар і першы прэзідэнт

Далейшае жыццё Ігнатоўскага, ужо ў савецкай Беларусі, адметнае дзейнасцю на шматлікіх высокіх пасадах. У 1920 годзе ён стаў першым (на гэтай пасадзе) наркамам земляробства, на карысць чаго таксама нібыта былі паходжанне і былая прыналежнасць да эсэраў. У гэты час толькі пачыналі фармавацца новыя кірункі, планы дзейнасці і адпаведныя савецкія органы ўлады ў рэспубліцы. Сярод такіх сфер былі асвета і навука.

Было вырашана, што дзейнасць Ігнатоўскага ў гэтай сферы больш запатрабаваная, і ў 1921 годзе ён становіцца першым у гісторыі савецкай рэспублікі наркамам асветы. Дзякуючы яму ўзніклі або аднавілі працу многія навучальныя і даследчыцкія ўстановы па ўсё краіне. У прыватнасці, быў створаны БДУ, у якім Ігнатоўскі, дарэчы, выкладаў, быў прафесарам, дэканам факультэта грамадскіх і педагагічных навук, намеснікам рэктара.

У наступным годзе на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) — фактычна першая паўнавартасная агульнадзяржаўная навукова-даследчая ўстанова, дзе Усевалад Ігнатоўскі пазней стаў старшынёй, а ў 1929 годзе, калі Інбелкульт быў ператвораны ў Акадэмію навук, — першым яе прэзідэнтам (таксама працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі).

Варта адзначыць, што падчас працы на дзяржаўных пасадах Усевалад Ігнатоўскі, дзякуючы невычарпальнай энергіі і імпэту, здолеў у вельмі кароткія тэрміны зрабіць вельмі шмат. Не толькі на карысць дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання, але і для беларускай нацыянальнай справы, гісторыі, мовы, навукі, асветы і інш. Мабыць, у тым ліку праз гэта ён пацярпеў, хоць і меў больш прывабную для камуністычных уладаў біяграфію, чым некаторыя беларускія адраджэнцы.

У сувязі з пачаткам савецкіх рэпрэсій супраць беларускіх дзеячаў, калі была знішчаная, расстраляная ці арыштаваная значная частка нацыянальнай эліты, Усевалад Ігнатоўскі спачатку быў зняты з пасады прэзідэнта Акадэміі навук, выключаны з партыі (адначасова з гэтым пачалася вялікая кампанія па яго цкаванні і дыскрэдытацыі), а пазней — допыты па сфабрыкаванай справе.

У 1931 годзе, ва ўзросце 49 гадоў, ён застрэліўся ва ўласнай кватэры. Пазней два ягоныя сыны былі расстраляныя, а жонка высланая ў лагеры на восем гадоў.

Поделиться ссылкой: