Міхаіл Жамчужны

65-гадовы праваабаронца вызваліўся каля двух месяцаў таму пасля шасці з паловай гадоў знаходжання ў калоніі.

Нагадаем, што кіраўнік арганізацыі «Платформ інавэйшн» быў прызнаны вінаватым у падбухторванні супрацоўніка міліцыі да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, а таксама ў незаконным набыцці і збыту спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі.

– Як толькі выйшаў з турмы, зноў пачаў актыўна займацца праваабарончай дзейнасцю, – кажа Жамчужны. – Стараюся адстойваць правы вязняў, якія засталіся ў калоніях. Выпісваю зняволеным газеты, аказваю некаторую матэрыяльную дапамогу тым людзям, якія праваабарончай супольнасцю не прызнаны палітвязнямі. Але тым не менш яны ёсць і актыўна змагаюцца за кратамі за свае правы.

У прыватнасці, я абараняю зняволенага Сяргея Буханкіна, які ў калоніі разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг і за гэта дадаткова атрымаў два гады зняволення. Накіраваў у пракуратуру скаргі, чакаю адказу.

Да мяне шмат звяртаюцца за дапамогай маці, чые дзеці патрапілі за краты, таму раблю тое, што ў маіх сілах, – супакойваю і даю нейкія парады.

– За два месяцы здароўе аднавілі?

– Якраз гэтым і займаюся. Здаў мноства аналізаў, усе праблемы, якія назбіраліся за амаль сем гадоў зняволення, аператыўна вырашыў. У калоніі зрок пагоршыўся, бо шмат часу праводзіў у ШІЗА і ПКТ, дзе было дрэннае асвятленне, але зараз магу чытаць кнігі і газеты без акуляраў.

– Складана было адаптавацца да цывільнага жыцця пасля доўгіх гадоў зняволення?

– Ведаеце, я не вельмі патрабавальны да ўмоў жыцця, таму прызвычайваюся да любой сітуацыі – магу спаць і на ложку, і на голых дошках.

Але я зразумеў іншае: у сённяшняй Беларусі практычна аднолькавая атмасфера што за кратамі, што на волі. Ні тут, ні там законы не працуюць. Таму нават не выключаю, што на волі доўга магу не затрымацца і мяне зноў адправяць у калонію. Трывожны чамаданчык у мяне заўжды з сабой.

– Зараз у вас ёсць нейкія абмежаванні?

– Пры вызваленні суд прызначыў мне нагляд, таму абмежаванняў хапае. На працягу двух гадоў я не магу пакідаць не толькі межы краіны, але і горада Віцебска, дзе жыву. Пры гэтым з 21.00 да 06.00 павінен знаходзіцца ў сваёй кватэры.

Мне было забаронена наведваць магазіны, дзе прадаюць алкагольныя напоі, але я гэту норму апратэставаў, і яе падкарэктавалі – зараз я магу заходзіць у такія крамы, але не купляць алкаголь. Зрэшты, мяне гэта не прыгнятае, бо алкагольныя напоі я наогул не ўжываю. Працы хапае і без допінгу.

Таксама хачу нагадаць, што ў дачыненні да мяне ўзбудзілі выканаўчую вытворчасць, чакаю судовых выканаўцаў, якія будуць апісваць маю маёмасць. Мне выставілі грамадзянскі іск, налічылі, што я яшчэ па першай крымінальнай справе павінен дзяржаве каля 20 тысяч долараў.

– Даволі вялікая сума…

– Будуць пастаянна апісваць маёмасць, вылічваць з пенсіі. Дарэчы, пенсія ў мяне каля 450 рублёў, але я яе яшчэ ні разу не бачыў у вочы, хаця ўжо шэсць гадоў, як пенсіянер. У калоніі яе забіралі, каб кампенсаваць маё ўтрыманне, а пасля выхаду на волю пенсію таксама ні разу не атрымаў. Чыноўнікі кажуць, што, маўляў, у іх камп’ютар зламаўся.

Абяцалі, што 17 красавіка ўсё выплацяць, таму пачакаю і пагляджу, ці адпавядаюць іх словы справам. Але, здаеццца, 50 працэнтаў пенсіі ўсё роўна будуць забіраць у даход дзяржавы.

Публікацыя – з № 29 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: