Георгій Кандрацьеў

Выконваючы абавязкі галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футболе распавёў «Народнай Волі» пра тое, ці гатовы ён узначаліць нацыянальную каманду.

Балельшчыкі і спецыялісты працягваюць абмяркоўваць ганебнае паражэнне зборнай Беларусі бельгійцам (0:8) у адборачным матчы да чэмпіянату свету-2022.

Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе мінскага «Дынама» Ігар Гурыновіч рэзка выказаўся з гэтай нагоды, заявіўшы, што «сёння мы ў футболе – імпатэнты».

«Адна з задач зараз – развіццё дзіцячага масавага футбола, – кажа Гурыновіч. – Дык давайце пабудуем футбольныя пляцоўкі па ўсёй краіне, але толькі каб яны былі даступны для дзяцей 24 гадзіны ў суткі! Каб новыя Пудышавы і Хацкевічы, дзесяцігадовыя, маглі без перашкод зайсці з мячом туды, а не пайсці дадому, таму што замок вісіць. Ужо шмат пра гэта гаварылася. Ну і вось на выхадзе мы атрымліваем такія вынікі зборнай Беларусі».

Пакуль адборачныя матчы пастаўлены на паўзу, яны пачнуцца толькі восенню. 2 верасня зборная Беларусі згуляе ў гасцях з камандай Чэхіі, у Мінску – 5 верасня з Уэльсам і 8 верасня з Бельгіяй. 8 кастрычніка адбудзецца матч Эстонія–Беларусь, 11 кастрычніка – Беларусь–Чэхія, 13 лістапада – Уэльс–Беларусь.

Зараз наша каманда займае перадапошняе месца, і добра будзе, калі яна ў выніку не стане апошняй. Тым не менш вельмі радуе аптымізм нашых спартыўных функцыянераў, якія пабудавалі свой казачны свет, у ім жывуць і знаходзяць нагоды для радасці.

Вось, напрыклад, калі паглядзець «план-прагноз вынікаў мужчынскай нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь на 2021–2028 гады», які склала федэрацыя, то ў гэтым годзе ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету ў іх запланаваны «выхад зборнай у плэй-оф». Гэта значыць, што каманда павінна заняць у групе 2-е месца. На першае не замахнуліся, відаць, яго пакінулі тым самым бельгійцам, якім прадулі 0:8. А вось Чэхія і Уэльс – гэта, відавочна, нам не сапернікі.

Але і гэта не ўсё. У план-прагноз закладзена таксама выступленне зборнай ў 2028 годзе на чэмпіянаце Еўропы, дзе каманда павінна заняць месцы з 17-га па 22-е! Шчыра кажучы, такіх фантазёраў у нашым футболе яшчэ не было, гэта пайшла ўжо нейкая новая генерацыя. Хаця, думаю, футбольныя чыноўнікі смела ставілі такую задачу на 2028 год таму, што іх да таго часу ў федэрацыі ўжо не будзе. Так што з іх прагнозамі, напэўна, давядзецца разбірацца іншым.

А пакуль што зборная рыхтуецца да таварыскага матча. 2 чэрвеня каманда пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева на стадыёне «Дынама» згуляе з Азербайджанам. Як вядома, галоўны трэнер Міхаіл Мархель адпраўлены ў адстаўку.

– Я выконваю абвязкі галоўнага трэнера, таму зараз рыхтую каманду да таварыскай сустрэчы, – кажа Георгій Пятровіч. – А што будзе далей? Пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне.

– Гатовы ўзначаліць зборную? Тым больш што дзесяць гадоў таму ўжо працавалі на гэтай пасадзе…

– Я гатовы падрыхтаваць каманду да бліжэйшай таварыскай гульні, а так далёка не заглядваю. Зараз у мяне галава баліць пра іншае.

Публікацыя – з № 29 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: