Аляксандра Раманоўская

Нагадаем, што 4 лютага гэтага года Аляксандра Раманоўская была афіцыйна звольнена з РЦАП па фрыстайле. Як быццам за прагулы, хаця ўсім было зразумела за грамадзянскую пазіцыю. Спартсменка падпісала ліст за новыя выбары і супраць гвалту, удзельнічала ў запісе відэазвароту да чыноўнікаў беларускага спорту, якія аказваюць ціск на спартсменаў за іх патрабаванне спыніць гвалт і аднавіць справядлівасць.

«Гэтага можна было чакаць, казала тады фрыстайлістка пра сваю «адстаўку». Мяне хацелі звольніць яшчэ ў кастрычніку, таму мой бальнічны проста перанёс гэты момант на больш позні тэрмін. І як толькі бальнічны закончыўся, яны адразу ж звольнілі мяне.

У нашай краіне заўсёды спадзяешся на лепшае, а гатовы да горшага, таму нічога дзіўнага ў гэтым няма. Пакуль што няма ніякіх планаў, пустата нейкая. У першую чаргу ў бліжэйшы час буду вырашаць пытанні са здароўем. Для мяне зараз аднавіцца – самае галоўнае. А далей буду глядзець па сітуацыі».

Пра так званыя прагулы затым распавёў галоўны трэнер зборнай Мікалай Казека: «Яе бацька перанёс інсульт, не было каму вазіць яго ў бальніцу. Гэтым займалася Аляксандра. Яна тэлефанавала, тлумачыла, але ніхто ў РЦАП не звярнуў на гэта ўвагі. Таму рашэнне аб звальненні, безумоўна, ангажаванае».

Зараз Саша аднаўляецца пасля аперацыі і па-ранейшаму знаходзіцца, што называецца, у свабодным палёце.

«Многія людзі кажуць: «Цябе ж пракінулі тут па поўнай праграме, з’язджай адсюль. Мы цябе добраслаўляем», – распавяла Аляксандра на ютуб-канале «Я здымаю». – Фанаты спорту пішуць, што з радасцю будуць балець за нас незалежна ад таго, за якую краіну мы будзем выступаць. Але для мяне гэта вельмі складана, пачынаючы ад моманту пераезду і заканчваючы выступленнямі за іншую краіну.

Мяне звольнілі з умовай, што калі я буду па сваёй ініцыятыве трэніравацца, аднаўляцца і пакажу належны спартыўны вынік, то мяне як быццам вернуць у каманду. Але я ўжо і так дастаткова вынікаў паказала, каб мець месца ў камандзе.

Пакуль адзінае, у чым я знаходжу матывацыю, гэта ўсведамленне таго, колькі ў мяне аднадумцаў. Шукаю нейкія падставы для радасці, таму што іх зусім мала ў апошні час. Чытаю кніжкі, іграю на укулеле, выязджаю ў лес пагуляць з сабакам. Стараюся нешта рабіць для душы.

Калі душа пастаянна ў напружанні і ўнутры нацягнутыя струны, то гэта перашкаджае аднаўленню. А ўлічваючы, што апошнія паўгода я заўсёды на нервах, то маё здароўе і маё калена за гэта дзякуй не кажуць. Стараюся зараз больш ураўнаважана сябе паводзіць.

Палохае перспектыва таго, што нічога не зменіцца. Не хочацца ўвесь час жыць з адчуваннем, што ты нічога не значыш, што ты заўсёды ў небяспецы. Што ў выпадку чаго цябе могуць проста раздушыць. Гэта зусім няправільна!»

Публікацыя – з № 29 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: