Фота ctv.by

Сядзібу Яленскіх у Клецкім раёне прадалі за 29 рублёў, паведамілі ў праграме «Міншчына» на СТВ. Пераможцам аўкцыёну стаў прадпрымальнік з Маладзечна. Ён плануе адрэстаўраваць унікальную славутасць і адкрыць на яе месцы аздараўленчы комплекс, піша “Рэгіянальная газета”.

Сёння некалі прыгожы палац наведваюць толькі рэдкія турысты. Знаходзіцца сядзіба Яленскіх у аграгарадку Туча. Упершыню яна згадваецца ў XVI стагоддзі. Тады гэта былі валоданні маці аднаго з князёў ВКЛ. У канцы стагоддзя землі перайшлі Радзівілам, пазней – прадстаўнікам вядомага валынскага роду Яленскіх.

Па словах навуковага супрацоўніка Музея гісторыі Клетчыны Таццяны Майсак, у XVIII стагоддзі тут быў парк, бровар, вадзяны млын, сажалкі, карчма, кузня і розныя гаспадарчыя пабудовы. У XIX – уладальнік Казімір Яленскі – самы вядомы прадстаўнік роду – забіраў да сябе асірацелых дзяцей мясцовай шляхты. Ён займаўся ўнутраным убраннем сядзібы. Да XX стагоддзя ў маёнтку з’явілася вялікая калекцыя антыкварыяту. Але багацці былі вывезены, а пасля зніклі падчас Першай сусветнай.

За савецкім часам маёнткам валодала Марыя Яленская з дачкой Ядвігай. Ядвіга памерла дзесяць гадоў таму ў Бразіліі. У сваіх мемуарах яна часта прыгадвала бацькаву хату і водар ружаў, якія даглядала мама.

Адзін час у маёнтку размяшчаўся шпіталь. У 1970-я гады – школа. Тады з’явілася прыбудова пад спортзалу. Але і школа неўзабаве зачынілася. Будынак па гэты дзень не выкарыстоўвалася. Аднак цяпер у яго з’явіўся другі шанец на жыццё пасля продажу.

Сядзібу ўжо прадавалі ў 2011 годзе. Але тады гаспадары, мабыць, не разлічылі свае сілы. Рэканструкцыю не правялі. У новага ўладальніка па законе ёсць 12 месяцаў пасля рамонту на тое, каб адкрыць аб’ект для турыстаў. Акрамя гэтага, на працягу пяці гадоў ён не зможа закрыць бізнес.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»